ГРОДНА
Аўторак,
18 студзеня
2022 года
 

Пост: з якой мэтай і якім чынам?

Рэкалекцыі са «СЛОВАМ»

Велікапосныя рэкалекцыі са «Словам»
Дарагія чытачы! У чарговы раз на старонках нашай дыяцэзіяльнай газеты мы пачынаем час велікапосных рэкалекцый, якія павінны падрыхтаваць нас да свят Змёртвыхпаўстання Пана. У чарговых нумарах нашай газеты мы хочам прадставіць Вам спецыяльныя велікапосныя навучанні. Столькі ўжо пастоў за намі… Кожны быў іншы, кожны нёс з сабой новыя перажыванні. Спадзяёмся, што рэкалекцыі са “Словам” дазволяць Вам яшчэ лепш падрыхтавацца да Вялікадня. Давайце будзем памятаць пра ўнутранае сканцэнтраванне і прысвячэнне часу для Бога. Рэдакцыя.
Перыяд Вялікага посту – гэта шанец для кожнага хрысціяніна паддаць евангельскай рэвізіі сваё жыццё. Інстынктыўнае жаданне дабра і не менш уласцівая чалавеку лянота спрыяюць таму, што многія гэтую рэвізію зводзяць да вылічэння балансу паміж дабром і злом. У выніку суб’ектыўнага рахунку многія могуць супакоіць сябе думкай, што іх жыццё “не такое ўжо і дрэннае”, што ў ім “больш дабра, чым зла”. Тым самым асоба можа апраўдаць сваё нежаданне змагацца з грахом, каб рэальна нешта змяніць на лепшае. У асновах такой “філасофіі жыцця” знаходзіцца вельмі простае правіла: добра – гэта калі дабра болей, чым зла. Такі маральны мінімалізм можа задавольваць язычніка, але не хрысціяніна. Каб зразумець крыніцу непаразуменняў паміж “звычайнай” мараллю і хрысціянскай, дастаткова спытацца аб мэтах: навошта быць добрым?
Дастаткова мінімуму самакрытыкі, каб заўважыць, што ў асновах большасці нашых маральных матываў ляжаць эгаістычныя мэты. Чалавек схільны да канцэнтрацыі толькі на сваім “я”. Эгацэнтрычнай асобе мараль будзе патрэбна настолькі і ў такой форме, наколькі яна задавальняе яе ўяўленні аб шчасці. І ўсё гэта чалавек часта абапірае на прынцыпе “мінімум намагання дзеля максімуму эфекту”. Такая логіка жыцця параджае ілюзію развіцця, поўным ходам спрыяючы дэградацыі. Практычна гэта выражаецца ў самазаспакойваючых думках: “я раблю больш дабра, чым зла”, “ёсць яшчэ горшыя за мяне”.
    Эгацэнтрычная мараль можа хавацца і пад покрывам хрысціянства. Добры Бог будзе патрэбны эгаісту настолькі, наколькі Ён прыдатны ў суб’ектыўным уяўленні шчасця верніка. Калі Бог не адпавядае чалавечым эгаістычным патрабаванням, то Ён адсоўваецца набок або адкідваецца, як непрыдатны. Практычна гэта выражаецца ў моцнай нестабільнасці адносінаў з Богам. Вернік то моцна прывязваецца да Бога, да малітвы, то зусім перастае маліцца і жыве так, нібы Бог перастаў існаваць. Выток праблемы не ў Богу, не ў веры, а ў тым, што ўсё круціцца вакол “хачу” маленькага “я” чалавека. І чым больш не атрымліваецца падпарадкаваць рэальны свет свайму віртуальнаму бачанню шчасця, тым больш дадзеная асоба будзе злавацца і асуджаць спачатку Бога, пасля - іншых людзей, а ў канцы – саму сябе.
    Хрысціянства ж прапаноўвае іншы шлях: паставіць Бога на першае месца. Жыццё, падпарадкаванае гэтаму прынцыпу, цалкам мяняе свае прыярытэты і нормы паводзін (мараль). Бо калі чалавек перакананы, што толькі Бог ведае найлепей, то будзе пастаянна шукаць адказу на ўсе пытанні менавіта ў Яго. Практычна гэта будзе выражацца ў сур’ёзным стаўленні да малітвы, дзе чалавек больш пытае і слухае, чым прыходзіць да Бога з гатовымі ўльтыматумамі і інструкцыямі. Маральныя нормы у такім выпадку вызначае не чалавек, але Закон Божы. І такі вернік матывуе свае паводзіны не страхам, не “дамоўленасцю” з Богам. Такая асоба пераканана, што Бог ведае, да чаго заклікае, бо ніхто мацней за Яго не любіць чалавека і не ведае, што яму канкрэтна трэба рабіць. А кожнае пацвярджэнне таго, што Бог меў рацыю, нягледзячы на сумненні верніка, становіцца для яго крыніцай умацавання ў рэлігійнай і маральнай матывацыях. Але для гэтага патрэбна пільная ўвага да свайго жыцця. Практычна гэта можа выражацца ў практыкаванні т.зв. рахунку сумлення, позірку на сваё жыццё “вачыма” Бога. Перыяд Вялікага посту – гэта нагода для хрысціяніна, каб праверыць, наколькі ён абапірае сваё жыццё на сваім, а наколькі - на Божым бачанні. Нават найбольш узнёслыя посныя практыкі могуць быць змарнаваны спакусай абапірацца толькі на сабе, свае сілы: “я спраўлюся”, “я дам рады”. А хрысціянскі рэалізм гаворыць аб слабасці чалавечай натуры, якая НЕ ЗДОЛЬНА без Божай дапамогі перамагчы грэх і зло. Хрысціянскія велікапосныя практыкі не могуць матывавацца эгаістычнымі патрэбамі дасканалення дзеля дасканалення паводле суб'ектыўнага бачання чалавека. Божая перспектыва адкрывае змаганне са злом як з перашкодай на шляху да паўнаты жыцця са Стварыцелем і Збавіцелем. Бо толькі адкрываючы сапраўднага Бога і Яго намеры адносна свету, чалавек знаходзіць сябе сапраўднага, адкрывае сэнс (мэту) жыцця. А пост без зразумення мэты становіцца бессэнсоўнай зменай спосабаў паводзін дзеля саміх зменаў. Гэта нічога не дае і будзіць расчараванне ў рэлігійных практыках і хрысціянскай маралі.
    Таму перад тым, як вызначаць сабе метады посту, варта спачатку шчыра спытацца аб мэтах. Калі яны не скіраваны на развіццё адносін з Богам і адкрывання Яго, а ў Ім - сябе, то гэта нехрысціянскі пост і нехрысціянская мараль. Кожнаму верніку варта на самым пачатку Вялікага посту спытацца, колькі ў яго посных практыках пошуку Божай перспектывы жыцця, а колькі – абмежаванага чалавечага ўяўлення. Асабісты адказ на гэтае пытанне можа стаць шанцам, каб пост урэшце стаў шляхам да рэальных пазітыўных змен у нашым жыцці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  348

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.