ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Еўрапейскі ўніверсітэт – у цэнтры пастырскага клопату Касцёла

З жыцця Касцёла

Падчас працы ў групахЗ 27 па 30 студзеня гг. у Мюнхене (Германія, Баварыя) на Кангрэсе ўніверсітэцкага душпастырства прадстаўнікі 40 краінаў Еўропы, а таксама рухаў і касцёльных таварыстваў разам разважалі над перспектывай развіцця сучасных форм душпастырства студэнтаў і выкладчыкаў у вышэйшых еўрапейскіх свецкіх і касцёльных навучальных установах. Кангрэс узначалілі прадстаўнікі Генеральнага сакратарыята Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы, а тэмы для агульнага разважання падрыхтавала Секцыя ўніверсітэцкага душпастырства, якая з 2006 г. дзейнічае ў рамках Камісіі па справах катэхізацыі і асветы пры Радзе Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы.
Дзейнасць новай секцыі па справах душпастырства ўніверсітэтаў заключаецца ў аналізе стану супрацоўніцтва Касцёла і ўніверсітэцкіх асяроддзяў у розных краінах Еўропы і каардынацыі душпастырскіх ініцыятыў на еўрапейскім узроўні. Варта адзначыць, што ў пася­джэннях секцыі ўдзельнічаюць духоўныя і свецкія асобы з розных краінаў Еўропы, якім пастырскі клопат пра ўніверсітэцкія асяроддзі асабліва ляжыць на сэрцы. Сярод іх - біскупы, прафесары вядомых навучальных устаноў і душпастыры, якія штодзённа вядуць пастырскую дзейнасць сярод студэнтаў. Менавіта іх удзел у падрыхтоўчых працах перад кангрэсам даў магчымасць дыскусіі над наступнай праблематыкай: характарыстыка сітуацыі студэнтаў і выкладчыкаў у розных краінах Еўропы; досвед веры ў кантэксце ўніверсітэцкага жыцця; Касцёл і навука: дыялог паміж ведамі і культурай.
Дакладчыкі, якія былі запрошаны з найбольшых еўрапейскіх універсітэцкіх цэнтраў, спрабавалі прадставіць вышэйзгаданую праблематыку і падзяліцца з удзельнікамі кангрэса вопытам сваёй пастаральнай дзейнасці.
    На пачатку кангрэса біскуп Марк Ендрашэўскі, старшыня Секцыі па справах універсітэцкага душпастырства, папрасіў усіх паставіць у цэнтры ўвагі галоўную тэму “Адукацыя, фармацыя і Евангелле. Перспектывы ўніверсітэцкага душпастырства” як адказ на заклік навучання папы Бэнэдыкта XVI пра небяспеку новага гуманізму ў вышэйшых еўрапейскіх навучальных установах і аб патрэбе рэалізму веры ва ўніверсітэцкай аўдыторыі. Выпрацаванне агульнага погляду на гэтую тэму суправаджала ўдзельнікаў кангрэса падчас праслухоўвання рэфератаў, а таксама прац у меншых моўных групах (нямецкай, англійскай, італьянскай).
    Біскуп Вінцэнт Нікольс, старшыня Камісіі па справах катэхізацыі пры Радзе Каталіцкіх Біскупаў Еўропы, прывёў прыклад адной з формаў душпастырскай працы сярод студэнтаў Оксфардскага ўніверсітэта ў XIX ст. Ён нагадаў пра постаць англійскага канвертыта і навукоўца, новага блаславёнага Касцёла, кардынала Генрыха Ньюмана. Сёння ён можа быць узорам духоўнага клопату прафесара і душпастыра аб сваіх студэнтах. Дзякуючы яму ў Англіі ўзнік оксфардскі рух, які даў Каталіцкаму Касцёлу шмат знакамітых постацей. Адным з важных пунктаў праграмы кангрэса была магчымасць падзяліцца вопытам пастаральнай працы ў навучальных установах сваіх краін. Гэта прыняло форму сведчання пра дзейнасць як душпастыраў, так і студэнтаў. Усе заўважылі пэўны кантраст паміж навучальнымі ўстановамі ў краінах постсавецкага блока і Заходняй Еўропы. Напрыклад, дэлегат Грэка-каталіцкай Царквы з Украіны падкрэсліў, што нягледзячы на згоду уладаў на правядзенне пастаральнай дзейнасці ў ВНУ, адсутнічае спецыяльная падрыхтоўка ўніверсітэцкіх капеланаў. Адчуваецца іх невялікая колькасць. Зусім іншая сітуацыя ва ўніверсітэтах Іспаніі, Партугаліі і Італіі. Гэтыя дзяржавы маюць добрую арганізацыю душпастырскіх структур. Аднак, як адзначалі душпастыры гэтых краін, існуе патрэба духоўнага адраджэння дзейнасці. Гэта стане магчымым толькі тады, калі будуць знойдзены адпаведныя новыя формы евангелізацыі моцна секулярызаванага грамадства. Актуальныя тут пагрозы крайняга крытыцызму, рацыяналізму і лібералізму. Вопытам эфектыўнага супра­цоўніцтва паміж Каталіцкім Касцёлам і ўладамі ўніверсітэта ў Мюнхене падзяліўся канцлер гэтай навучальнай установы Альберт Бергер, акцэнтуючы, між іншым, увагу на цесным супрацоўніцтве прафесарскага калектыва і ўніверсітэцкага душпастырства, якое існуе на працягу дзесяцігоддзяў. Гэтае супрацоўніцтва заключаецца і ў сумеснай арганізацыі дабрачынных і касцёльных акцый.
    Падчас агульных пошукаў адказу на пытанне аб магчымасці спалучыць веру і розныя дысцыпліны ведаў дакладчыкі падкрэслівалі перш за ўсё неабходнасць перадачы агульначалавечых каштоўнасцяў, такіх як дабро, прыгажосць і праўда. Гэта дапамагло б у евангелізацыі ведаў, якія асуджаны на адарванне ад звышнатуральных каштоўнасцяў. Выступоўцы выказваліся пра тое, што гэтыя каштоўнасці неабходны як у вобласці біяінфарматыкі, так і эканомікі.
    Адной з важных высноў кангрэса было скіраванае да душпастыраў заахвочванне да стварэння душпастырскай праграмы, якая была б дапасавана да ўмоў кожнай краіны і дапамагала ў фарміраванні будучай каталіцкай інтэлігенцыі. Была падкрэслена таксама неабходнасць пастаральнай фармацыі студэнтаў, якая б абапіралася на прынцыпах новай евангелізацыі. Паводле большасці ўдзельнікаў кангрэса, гэта ўстрымала б працэс секулярызацыі і ў будучым засцерагло б грамадства Еўропы ад страты хрысціянскага аблічча.
    Удзельнікі кангрэса мелі непасрэдную магчымасць сустрэцца ў душпастырскім цэнтры са студэнтамі старэйшай навучальнай установы Мюнхена – універсітэта імя Людвіка Максімільяна. Асаблівай памяццю там акружаны студэнты, якія падчас Другой сусветнай вайны стварылі тайную антыфашысцкую арганізацыю “Белая Ружа”. У час вайны многія выхаванцы гэтай навучальнай установы аддалі жыццё, абараняючы агульначалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці.
    На заканчэнне кангрэса арцыбіскуп архідыяцэзіі Мюнхен і Фрэйзінг кардынал Рэйнхард Маркс прыняў усіх удзельнікаў у мюнхенскай катэдры. Кардынал пажадаў усім плённай рэалізацыі душпастырскіх ідэй кангрэса і інтэнсіўнага развіцця ўніверсітэцкіх душпастырстваў ва ўсёй Еўропе.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.