ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Прыналежнасць да Касцёла, адказнасць за Касцёл

На шляху да святасці

“Свецкія пакліканы да таго, каб рабіць Касцёл прысутным і актыўным у такіх месцах і такіх абставінах, калі толькі пры іх дапамозе ён можа стаць соллю зямлі” (КДК № 33).
Уваскрэслы Хрыстос з’яўляецца заснавальнікам Касцёла і заўсёды ў ім прысутнічае. Праз пасрэдніцтва Касцёла Ён працягвае сваю збаўчую місію ажно да канца свету. Структура ўсяго Касцёла абапіраецца на веры і вучэнні Пятра. Езус перадаў у рукі свайго Вікарыя ключы неба, таму ён выконвае ролю галавы Касцёла. Такой бачнай галавой Касцёла на зямлі з’яўляецца Святы Айцец, які мае ўладу над Усеагульным Касцёлам. Яго памочнікі – гэта біскупы, якія апякуюцца даручанымі ім дыяцэзіямі, так як некалі апосталы кіравалі паасобнымі хрысціянскімі супольнасцямі.
    Праз сакрамант святога хросту, які з’яўляецца першым і найважнейшым сакрамантам, чалавек далучаецца да супольнасці вернікаў. Ад моманту ўвасаблення ў Хрыста і змыванння першароднага граху кожны чалавек становіцца паўнапраўным членам Касцёла. З гэтага моманту ён павінен узрастаць у веры, а таксама дбаць пра яе і развіваць. Ён становіцца пакліканым да таго, каб быць соллю зямлі і святлом для свету (пар. Мц 5, 13-14). Кожны член Касцёла павінен ведаць, што з гэтай хвіліны ўсе правы, а асабліва Божае вучэнне і Катэхізм прызначаны не толькі абраным і пасвечаным асобам – кожны свецкі вернік таксама з’яўляецца адказным за дэпазіт веры.
Святы Цыпрыян гаварыў, што “Касцёл – гэта люд Божы, сабраны ў імя Айца, Сына і Святога Духа”. Мяняюцца рэжымы і імперыі, ідэалагічныя і палітычныя сістэмы, збудаваныя на прэстыжы ці чалавечай мудрасці, а Касцёл трывае вечна. Ён па-над часам, таму што пабудаваны на Божым абяцанні і Яго мудрасці. Трывае, таму што Святая Тройца апякуецца сваім тварэннем.
    Нашы продкі, якія жылі на гродзенскай зямлі, былі людзьмі глыбокай веры. У цяжкія часы панавання таталітарных сістэм, калі варожа настроеныя каты зачынялі касцёлы і нішчылі хрысціянства, гэтыя людзі мужна баранілі сваю веру, не баяліся адважна вызнаваць яе, неаднойчы церпячы за гэта балесную кару.
    У тыя часы, калі здавалася, што бальшавіцкае і фашысцкае зло і насілле зняволяць свет, было шмат мужных людзей, якія мелі адвагу, каб стаць у абароне праўды, веры і рэлігіі, а таксама ў абароне нявінна пакрыўджаных і прыгнечаных. Былі спробы выкараніць Бога і рэлігію з чалавечай свядомасці, навязвалася ідэалогія, мэтай якой было знішчэнне Касцёла, але ж усё надарэмна.
    На нашай зямлі тасама было шмат адважных і мужных людзей, якія як гарольды любові да Бога і чалавека сталі мучанікамі за веру, складаючы ў ахвяру сваё жыццё. Сёстры назарэтанкі з Навагрудка, сёстры непакалянкі са Слоніма, кс. Генрых Глябовіч, Мар’яна Бярнацкая – усе яны цесна звязаны з Гродзеншчынай. Менавіта яны, стаўшы ў абароне веры, бедных і прыгнечаных, былі жорстка забітыя. Іх пастава нагадвае жыхарам нашай зямлі, а таксама ўсяму свету глыбокую праўду аб тым, што няма большай любові за тую, каб аддаць сваё жыццё за сваіх сяброў (пар. Ян 15,13). Наша зямля блаславёная прысутнасцю, працай і жыццём святых Мучанікаў.
    Нягледзячы на шматлікія спробы знішчэння рэлігійнага жыцця нашага грамадства, Касцёл нястомна трывае, таму што пякельныя брамы не перамогуць яго, бо ён збудаваны і самім Богам зацверджаны на моцных Божых падмурках.
    Пра развіццё Касцёла павінен клапаціцца кожны вернік. Касцёл – гэта не толькі пробашч, вікарый, катэхеты ці арганіст. Касцёл – гэта супольнасць Божага Люду, супольнасць вернікаў, у якой кожны мае да выканання сваю задачу. У Касцёле кожны павінен знайсці сваё ўласцівае месца. І тут гаворка не пра тое, каб толькі традыцыйна заняць сваё месца на касцельнай лаўцы і проста “быць пільным”, але пра тое, што трэба прымаць актыўны ўдзел у жыцці сваёй парафіяльнай супольнасці.
    Гэты актыўны ўдзел павінен часам праяўляцца ў нашых ініцыятывах, якія мы можам прадставіць сваім пробашчам і душпастырам. Паслясаборная Дагматычная канстытуцыя аб Касцёле выразна акрэслівае гэтае пытанне, прыгадваючы, што “свецкія асобы могуць прадстаўляць пастырам свае просьбы і пажаданні з такімі свабодай і даверам, якія годныя Божых сыноў і братоў у Хрысце” (№37).
    Новы касцельны запавет гаворыць пра тое, што неабходна “клапаціцца пра патрэбы супольнасці Касцёла”. А гэта значыць, што мы павінны дбаць не толькі пра матэрыяльныя патрэбы сваёй парафіі, але і пра тое, каб заўсёды прымаць актыўны ўдзел у жыцці сваёй супольнасці, якая з’яўляецца часткай Усеагульнага Касцёла. І кожны мае права да таго, каб выступіць на сходзе сваёй супольнасці ці нешта прапанаваць.
    Вернікі парафіі св. Францішка Ксаверыя, нашага катэдральнага касцёла, у цяжкія часы пераследу веры на працягу 27 гадоў дбалі пра сваё святыню. Збіраліся на малітве, каб пры раскладзеных літургічных убраннях самастойна, без удзелу святара, адпраўляць набажэнства і спяваць рэлігійныя песні, не губляючы пры гэтым надзеі на лепшае заўтра.
    Адказнасць за Касцёл і клопат пра яго нельга пакідаць толькі Папу і яго памочнікам у асобах біскупаў. Нельга пакідаць абавязку супольнай адказнасці за нашы святыні і капліцы толькі нашым душпастырам і кансэкраваным асобам. Мы не павінны розныя справы, праблемы, клопаты, абавязкі, а перад усім АДКАЗНАСЦЬ скідваць на духоўныя асобы. Мы самі павінны пранікнуцца гэтым і жыць, таму што кожная парафія, капліца, будынак, адданыя да сакральнага карыстання, з’яўляюцца нашай агульнай справай, пра якую мы павінны дбаць з належнай пашанай і павагай.
    Святы Касцёл патрабуе духоўнікаў і тэолагаў, аднак паслуга ў Касцёле не належыць выключна да іх. Касцёл павінен быць арганізмам, целам, у якім кожны орган мае сваю функцыю. Адсутнасць адданых свецкіх вернікаў, як і недахоп святароў, аднолькава небяспечныя для Касцёла. Асабліва II Ватыканскі Сабор адкрывае вялікія магчымасці для ўдзелу свецкіх у справах Касцёла. Ён сцвярджае, што “свецкія пакліканы да таго, каб рабіць Касцёл прысутным і актыўным у такіх месцах і такіх абставінах, калі толькі пры іх дапамозе ён можа стаць соллю зямлі” (КДК № 33).
    Якім будзе аблічча Усеагульнага Касцёла праз дзесяць год, як будзе выглядаць наша дыяцэзія праз 10, 15 ці 30 гадоў, у большай меры залежыць ад кожнага з нас. Таму што кожны з нас мае ў Касцёле права голасу і кожны з’яўляецца адказным за фарміраванне і напісанне гісторыі нашага мясцовага касцёла. Трэба актыўна ўключацца ў жыццё сваіх парафіяльных супольнасцяў праз удзел не толькі ў нядзельнай святой Імшы, але і розных формах малітвы і фармацыйных сустрэчах, якія ўсё часцей арганізоўваюцца пры нашых касцёлах і капліцах. У большасці парафій для тых, хто імкнецца паглыбіць сваё духоўнае жыццё, ёсць магчымасць удзелу ў катэхетычных занятках, арганізаваных таксама і для дарослых.
    Нашы продкі дбалі пра будову святыняў. Уласнымі сіламі, часта коштам свайго жыцця яны пабудавалі на Гродзеншчыне прыгожыя велічныя святыні. Больш за тое – яны перадалі нам жывую веру, навучылі малітвам, паказалі дарогу да Касцёла. Таму наша вера не павінна быць толькі тэарэтычнай – яна павінна быць канкрэтнай, празрыстай, а перад усім – дзейнай. Разам з верай павінны ісці поруч учынкі, таму што як цела без духа будзе мёртвым, так будзе мёртвай вера без учынкаў (пар. Як 2,26).
    Належыць памятаць пра тое, што толькі праз веру можна наблізіцца да Бога (пар. Гбр 11,6). Святы Анзэльм з Кантэрбэры гаварыў, што “вера дазваляе зразумець, што існуе нешта Незразумелае”. Калі ў чалавека будзе вера, толькі тады ён зможа ўбачыць і зразумець, што такое цуд. Трэба толькі паверыць, а тады будзе так, як у адной з рэлігійных песен: “Вера здзяйсняе цуды!”
    Толькі тады, калі чалавек будзе багаты на веру і надзею, сам Бог, які ўзвышае пакорлівых (пар. Лк 1,52), здзейсніць для яго вялікія ўчынкі (пар. Лк 1,49). Тады чалавек атрымае ад Бога дар Святога Духа паводле меры ўласнай веры. Наколькі ж вялікім з’яўляецца скарб уласнай веры - каштоўнейшы за золата, а яго мэта – гэта выратаванне душы (пар. 1П 1,7.9). Толькі вера можа даць выратаванне.
    З нашай верай – так, як з пэўным чалавекам: прыбіраючы са стала, ён знайшоў ліхтарык, якім не карыстаўся больш за год. Уключыў яго, але той не працаваў. Тады чылавек адкруціў покрыўку і ўбачыў, што ўнутры ліхтарык пакрыла карозія ад кіслаты, што вылілася з батарэек. Але ж калі ён клаў ліхтарык у цёплую сухую шуфляду, батарэйкі былі новыя! У чым жа праблема? У тым, што батарэйкамі трэба карыстацца, а не трымаць іх у шуфлядзе!
    Так і з намі. Нашу веру не трэба трымаць у схованцы! Мы павінны сведчыць яе штодня. Сярод цяжкасцей і выпрабаванняў нашае святло павінна свяціць! Мы павінны дбаць пра веру, перададзеную нам мінулымі пакаленнямі, і клапаціцца аб тым, каб выратаваць ад забыцця і заняпаду нашы хрысціянскія каталіцкія традыцыі. Клопат пра Касцёл і адказнасць за яго ляжаць на плячах кожнага хрысціяніна, і мы не можам сябе гэтага пазбавіць.
    Давайце ўвесь час памятаць пра словы з вуснаў святога Аўгустына: “Вера – гэта крыніца малітвы. Калі крыніца высахне, струмень малітвы не зможа плысці”. Таму давайце ісці ў свет, да іншых людзей, каб наша святло свяціла прад імі, каб яны бачылі нашы добрыя ўчынкі і хвалілі Бога, Айца ўсёй зямлі (пар. Мц 5,16). І будзем прасіць Хрыста, звяртаючыся да Яго штодзённа, аб памнажэнні нашай слабой веры, каб мы з усё большым клопатам ахіналі наш дыяцэзіяльны Касцёл і дбалі пра свае парафіяльныя супольнасці!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.