ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Божая міласэрнасць – адзіная надзея свету

З жыцця Касцёла

16 верасня 2010 г. у сядзібе Сакратарыята ККББ адбылося 44 пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. У сустрэчы, апрача членаў епіскапата, прымалі ўдзел апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відовіч і апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек MIC. Згодна з пастанаўленнем ККББ, праграма 2011-га душпастырскага года будзе рэалізоўвацца пад дэвізам “Божая міласэрнасць – адзіная надзея свету”. Такое рашэнне Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі прыняла з нагоды II Сусветнага кангрэса Божай міласэрнасці, які з 1 па 5 кастрычніка 2011 г. пройдзе ў кракаўскіх Лагеўніках.
Год Божай міла­сэрнасці будзе добрай нагодай, каб зразумець місію Езуса Хрыста і вялікую Божую Любоў да людзей.
    У пастырскім пасланні на 2011 г. ксёндз арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадвае пра важнасць Божай міласэрнасці. Давайце ўчытаемся ў яго словы.
“Не знойдзе душа апраўдання, пакуль не звернецца з даверам да Маёй міласэрнасці”, — сказаў Езус падчас cваіх аб’яўленняў св. Фаустыне Кавальскай 15 снежня 1935 г. У 1949 г. у Лондане выйшла ў свет кніга нашага бл. кс. Міхала Сапоцькі: “Божая міласэрнасць — адзіная надзея чалавецтва”. 17 жніўня 2002 г. у Кракаве-Лагеўніках падчас кансэкрацыі базылікі Божай міласэрнасці Слуга Божы Ян Павел II сказаў: “У Божай міласэрнасці свет знаходзіць супакой, а чалавек — шчасце”. (…) З 1 па 5 кастрычніка 2011 г. у Кракаве-Лагеўніках адбудзецца II Сусветны кангрэс Божай міласэрнасці. Нагадаем, што першы адбыўся з 2 па 6 красавіка 2008 г. у Рыме. Яго лейтматывам былі словы Яна Паўла II: “Як моцна свет патрабуе разумення і прыняцця Божай міласэрнасці” і словы Бэнэдыкта XVI: “Як многа людзей - таксама і ў наш час - шукае Бога, Езуса і Яго Касцёл, шукае Божай міласэрнасці і чакае „знака“, які кране іх думкі і сэрцы”. (…) Сучасны свет, у тым ліку і наша краіна, вельмі часта жыве так, быццам Бога зусім няма. Усё часцей бачны праявы ліберальнага секулярызму, што вядзе да дэвальвацыі веры і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Чалавек адмаўляе прыняцце абсалютнага, дадзенага Богам закону і жадае жыць паводле правіл, прынятых ім самім, што вядзе да шматлікіх крызісаў. Часам здаецца, што сучасны свет стаіць на краі бездані, а човен хрысціянскага жыцця патанае ў бушуючых хвалях акіяна амаральнасці. (…) Да каго тады трэба звяртацца? Дзе шукаць ратунку? Успомнім евангельскую гісторыю, калі апосталам здавалася, што падчас буры іх човен патоне. Хрыстус на дакаранне апосталаў, чаму ў такую небяспеку Ён спакойна спіць, адказаў: “Чаго баіцеся, малаверныя?” (пар. Мц 8, 26). Гэта азначае, што нават у самых небяспечных сітуацыях не трэба баяцца, бо з намі - бязмежны ў сваёй міласэрнасці Езус, а Божая міласэрнасць- гэта найбольш дзейсны антыбіётык на маральныя хваробы сучаснага свету. (…) Маючы на ўвазе ўсё гэта і ўсведамляючы, што Касцёл мае права і абавязак сведчыць аб Божай міласэрнасці і ўвасабляць яе ў жыцці, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вырашыла, што 2011 г. будзе годам Божай міласэрнасці, а яго дэвізам стануць словы: “Божая міласэрнасць — адзіная надзея свету”. (…) Дарагія Браты і Сёстры! На пачатку гэтага года Божай міласэрнасці звяртаюся да ўсіх вас, а таксама да тых, хто страціў веру або яшчэ не пазнаў яе, словамі Хрыста: “Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною” (Ап 3, 20). Няхай кожны з нас праз вечна жывое і дзейснае Божае слова (пар. Гбр 4, 12) спазнае ў гэтым годзе ласкі Божай міласэрнасці, у якой адзіная надзея свету”.
    Год Божай міласэрнасці ў Беларусі мае моцную матывацыю: 1 мая, у нядзелю Божай міласэрнасці, у Ватыкане адбудзецца беатыфікацыя Слугі Божага Яна Паўла II. Гэтая радасная падзея дае ўсім нам і ўсяму свету новыя сілы, новае дыханне, новае пацвярджэнне, што чалавек, адкрыты на Бога, становіцца правадніком Божай міласэрнасці. У Святым Айцу Яне Паўле II была бачна Божая любоў да людзей, і таму ён будзе ўзнесены да хвалы алтара. Божая міласэрнасць, якая струменіць з гэтай крыніцы, выявіла свету, якія вялікія справы падуладны верніку. У 2011 г. у рамках года Божай міласэрнасці Касцёл Беларусі будзе адзначаць важныя ўрачыстасці. У парафіях Гродзенскай дыяцэзіі пройдуць місіі і пілігрынацыя абраза Міласэрнага Езуса. У 2011 г. у Віцебскай дыяцэзіі тытул катэдральнага касцёла будзе перанесены з касцёла св. Барбары на касцёл Міласэрнага Езуса, кансэкраваны 10 кастрычніка 2009 г. кс. арцыбіскупам Марцінам Відовічам. Гэтыя ўрачыстасці запланаваны на 18 чэрвеня. Такое рашэнне прыняў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI.
    Апрача гэтага, прадугледжаны розныя сустрэчы і ўрачыстасці, галоўным дэвізам якіх будуць словы: “Божая міласэрнасць - адзіная надзея свету”. Напэўна мы пачуем канферэнцыі на тэму Божай міласэрнасці і пагрозаў сучаснага свету. Урачыстасці 20-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, запланаваныя на 19 чэрвеня на плошчы Незалежнасці перад касцёлам св. Сымона і Алены ў Мінску, і 20-годдзя ўтварэння Гродзенскай дыяцэзіі (21 красавіка ў катэдральным касцёле ў Гродне) нагадаюць свету аб моцы Божай міласэрнасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.