ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Манаскія супольнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі

З жыцця Касцёла

Dilectus meus mihi et ego Illi ( Мой Каханы належыць да мяне, а я - Яму)У нашай дыяцэзіі дзейнічаюць некалькі дзесяткаў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў. Сярод іх ёсць габітовыя і безгабітовыя жаночыя ордэны, манахі-ксяндзы і манахі. Члены кожнай супольнасці абавязаны жыць у адпаведнасці са складзенымі шлюбамі.
    Жаночыя супольнасці дзеляцца на манаскія інстытуты, кантэмпляцыйныя кляштары, Таварыствы апостальскага жыцця і свецкія інстытуты. Сёстры з манаскіх ордэнаў абавязаны жыць у групах не менш, чым па 2 – 3 асобы. Таму ў дыяцэзіі ёсць некалькі невялікіх манаскіх супольнасцяў. Ёсць кляштары, у якіх жыве большая колькасць сёстраў. У іх праходзяць сваю фармацыю будучыя сёстры. У нашай дыяцэзіі працуе больш за 100 сёстраў з манаскіх ордэнаў.
    У дыяцэзіі дзейнічаюць мужчынскія манаскія інстытуты. Каб лепш зразумець спецыфіку дзейнасці ордэнаў, мы прапануем вам пазнаёміцца з інфармацыяй пра жыццё і працу сёстраў-назарэтанак і айцоў-францішканаў.
Герб  супольнасці сёстраў Найсвяцейшай Сям'і з НазарэтаСупольнасць сёстраў Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта
    Сёстры Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта прызваны пашыраць валадарства Божай Любові сярод людзей, пераймаючы Езуса, Марыю і Юзафа, жыццё якіх было сканцэнтравана на любові да Бога і на ўзаемнай любові. Мы сведчым пра гэтую любоў поўным адданнем службе Касцёлу. Першыя сёстры-назарэтанкі прыбылі ў Гродна ў 1908 г. і пасяліліся ў кляштары сёстраў-брыгітак.
    Пачаткам працы на карысць жыхароў Гродна і ваколіцаў было адкрыццё ткацкай майстэрні, дзе вялікая колькасць дзяўчат вучылася вырабу пледаў і дываноў. Гэта было вынікам неабходнасці адукацыі і падрыхтоўкі дзяўчат да прафесійнай працы. Падчас Першай сусветнай вайны майстэрня прыйшла ў заняпад. Яна адрадзілася ў 1932 г. ужо не толькі як ткацкая майстэрня, але і майстэрня ручных вырабаў, трыкатажу, якая праіснавала да 1942 г.
    У 1916 г. сёстры адчынілі жаночую школу з праграмай гімназіі. У 1916\17 навучальных гадах у школе вучылася 150 вучаніц, а ў 1918\19 гг. – каля 400 (гэта была адзіная жаночая школа ў Гродне).
    Сёстры займаліся таксама катэхетычнай дзейнасцю. Пасля адкрыцця пляцоўкі ў Гродне, яны пачалі старацца атрымаць дазвол царскіх улад на ажыццяўленне ў сваім касцёле набажэнстваў для вернікаў.
    У чэрвені 1909 г. было праведзена першае чэрвеньскае набажэнства і арганізавана Марыянская садаліцыя. У канікулярны перыяд назарэтанкі арганізоўвалі рэкалекцыі для жанчын і гродзенскай інтэлігенцыі.
    Выхаваўчая дзейнасць сёстраў-назарэтанак мела на мэце перш за ўсё дабро вучня. Гэта было выхаванне ўсяго чалавека. Яно адпавядала таксама навучанню Касцёла.
    У 1908 -1940 гг. дабрачынная дзейнасць назарэтанак ахоплівала апеку над хворымі, кармленне абедамі бедных (30 асоб штодзень), збор і выдачу адзення для бедных, а падчас Другой сусветнай вайны сёстры працавалі ў шпіталі для ваеннапалонных (да 1943 г.) і кіравалі прытулкам для старых людзей.
    Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны афіцыйная дзейнасць сёстраў-назарэтанак у Гродне была немагчымай з-за антыкасцёльнай палітыкі савецкіх уладаў. Сёстры дапамагалі бедным па меры магчымасцяў і патаемна вялі катэхетычную дзейнасць. У 90-гады назарэтанкі зноў пачалі весці актыўную катэхетычную і дабрачынную дзейнасці ў Беларусі. Зараз сёстры, адказваючы на запатрабаванні часу, працуюць катэхеткамі ў парафіях, у Гродне кіруюць сталовай для бедных, акружаюць сваёй апекай хворых у мясцовых бальніцах, арганізоўваюць Дні засяроджання для дзяўчат. Харызмай супольнасці з’яўляецца праца на карысць сем’яў, таму пры супольнасці існуе Таварыства Найсвяцейшай Сям’і. У Гродне і іншых гарадах нашай дыяцэзіі сёстры арганізоўваюць штомесячныя сустрэчы, Дні засяроджання і рэкалекцыі для сем’яў.
    Нягледзячы на разнастайную дзейнасць назарэтанак, іх галоўным заданнем застаецца малітва за маральнае і рэлігійнае адраджэнне сем’яў. У наш час, калі традыцыйныя сямейныя каштоўнасці высмейваюцца і парушаюцца, асабліва важным з’яўляецца апостальства малітвы.

  Герб  Ордэна  Братоў Меншых (канвентуалаў)  Ордэн Братоў Меншых (канвентуалы)
    Гісторыя аа. францішканаў у Гродне сягае 1635 года. З той пары ў горадзе над Нёманам увесь час, за выключэннем перыяду 1975 – 1989 гг., знаходзяцца члены Ордэна Братоў Меншых. Пры гродзенскім кляштары працавала шмат святых францішканаў: Божы слуга а. Мельхіёр Фордан, св. Максімільян Кольбэ, бл. Інакенцій Гуз, бл. Ахіл Пухала. Цяперашняя супольнасць гродзенскага кляштара аа. францішканаў складаецца з трох асоб: дэлегат а. правінцыяла ў Беларусі, настаяцель манаскага дома і пробашч парафіі а. д-р Юзаф Макарчык; вікарый кляштара а. Інакенцій Шумоўскі; вікарый парафіі, нацыянальны асістэнт у Беларусі ФОС і ФМ а. Андрэй Шалкевіч. Нягледзячы на такую невялікую манаскую супольнасць, францішканскі канвент і далей пульсуе душпастырскім жыццём.
    Пры францішканскім касцёле вернікі штодзённа маюць магчымасць удзельнічаць у св. Імшы і скарыстаць з сакрамэнту Пакаяння. Апрача таго, браты-манахі апякуюцца многімі пачынаннямі і душпастырскімі групамі, такімі як:
    Францішканскі ордэн свецкіх (ФОС) – раней называны III ордэнам св. Францішка. Да яго належаць асобы, якія ў сваім штодзённым свецкім жыцці хочуць выконваць Евангелле нашага Езуса Хрыста па прыкладу св. Францішка, для якога Хрыстус быў цэнтрам жыцця ў сувязях з Богам і людзьмі. Цяпер супольнасць ФОС пры францішканскім кляштары сустракаецца кожную трэцюю нядзелю месяца пасля св. Імшы а 12.30. Гэтыя сустрэчы носяць малітоўны і фармацыйны характар. Члены супольнасці паглыбляюць сваю веру, дух пабожнасці і ўласную самасвядомасць. Францішканская моладзь (ФМ) – гэта маладыя людзі, якія адчуваюць сябе пакліканымі Святым Духам, каб пражыць хрысціянскае жыццё ў супольнасці, у святле паслання св. Францішка з Асыжа, паглыбляючы ўласнае пакліканне ў межах Францішканскага ордэна свецкіх. ФМ сустракаецца два разы ў тыдзень. У пятніцу - на фармацыйнай сустрэчы, дзе яны са спевам і радасцю пазнаюць постаць св. Францішка і яго лад жыцця, каб уводзіць гэта ў сваё жыццё. У суботу падчас агульных Нешпараў (18.30), а пасля св. Імшы а 19.00 – на разважаннях Божага слова. Апрача гэтага, яны актыўна ўдзельнічаюць у парафіяльным і грамадскім жыцці ў якасці валанцёраў, а кожныя чатыры гады сустракаюцца з францішканскай моладдзю з усяго свету ў Асыжы.
    Рыцарства Беззаганнай – таварыства, заснаванае св. Максімільянам Марыяй Кольбэ, які, распаўсюджваючы цудоўны медалік Беззаганнай, жадае здабыць увесь свет для Хрыста. Члены гэтага таварыства з дапамогай малітвы, пакаяння і сведчання хрысціянскім жыццём клапоцяцца аб навяртанні грэшнікаў і тых, хто яшчэ не пазнаў Хрыста. Асабліва - аб навяртанні ворагаў Касцёла, аб’яднанні хрысціянства і аб святасці ўсіх пад апекай і цераз пасрэдніцтва Беззаганнай. Малітоўныя і фармацыйныя сустрэчы Рыцарства Беззаганнай адбываюцца ў чацвёртую нядзелю кожнага месяца пасля св. Імшы (12.30).
    Універсітэт Трэцяга Узросту аб’ядноўвае польскую грамадскасць Гродна, асабліва «залатога веку». Адной з яго мэтаў з’яўляецца адукацыя ў розных галінах ведаў: культурнага, грамадскага і рэлігійнага жыцця. Яны збіраюцца ў францішканскай святыні кожную другую нядзелю месяца пасля св. Імшы (12.30).
    Францішканскае душпастырства ахоплівае таксама катэхізацыю дзяцей і дарослых, падрыхтоўку хлопцаў да службы ля алтара (міністрантаў). Браты-манахі ўносяць свой інтэлектуальны ўклад у Інстытуце тэалогіі імя св. Мятода і Кірыла ў Мінску. Яны служаць спаведнікамі сс. назарэтанак, cc. міласэрнасці і сс. сэрцанак. Спяшаюцца з сакрамэнтальнай і пастырскай паслугамі да хворых Другой гарадской бальніцы. Айцы-францішкане, маючы такіх вялікіх і святых папярэднікаў, якія працавалі ў старадаўняй святыні Анельскай Божай Маці, хочуць працягваць працу свайго св. Заснавальніка, старанна выконваючы душпастырскія абавязкі. Гэтая місія і паслуга ордэна св. Францішка адлюстроўваецца ў закліку “PAX ET BONUM” – нясенні людзям міру і дабра.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.