ГРОДНА
Субота,
03 снежня
2022 года
 

Усе мы з'яўляемся адной сям'ёй

З жыцця Касцёла

Фотарэпартаж6 – 8 снежня 2010 г. ксёндз кардынал Зянон Грахалеўскі наведаў Гродна
У 11.30 Яго Эмінэнцыя ксёндз кардынал цэлебраваў св. Імшу ў Пабрыгіцкім касцёле для сясцёр з манаскіх ордэнаў.
    Падчас яе ксёндз іерарх звярнуўся да сясцёр, якія працуюць у нашай дыяцэзіі, з Божым словам. У казанні Ксёндз Кардынал звярнуў увагу на багаты літургічны змест сённяшняга дня. Па-першае, працягваецца Адвэнт – час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. “Хрыстос стукае ў нашы сэрцы. Ён чакае малітвы”, - сказаў іерарх. Другая акалічнасць – гэта ўспамін св. Мікалая. Прыгадваючы пра яго, ксёндз кардынал адзначыў, што “мерай святасці з’яўляецца якасць малітвы”. Трэцяя акалічнасць – гэта 305-годдзе кансэкрацыі гродзенскай катэдральнай базылікі.



   Прыгожым падарункам для парафіян катэдральнай базылікі і пробашча ксяндза Яна Кучынскага ў 305-гадавіну кансэкрацыі святыні была прысутнасць ксяндза кардынала Зянона Грахалеўскага на вячэрняй св. Імшы.

Фотарэпартаж    Ксёндз кардынал звярнуўся да сабраных у святыні з Божым словам: “У гэтай катэдры ёсць свая гісторыя. Спачатку катэдра была касцёлам айцоў езуітаў, пазней – на працягу многіх год катэдральным касцёлам. У савецкія гады (1961 – 1988 гг.) яна засталася без ксяндза. У 1991 г. гэты касцёл быў абвешчаны катэдральнай базылікай і адначасова катэдрай Гродзенскай дыяцэзіі, якая была ўтворана. Ён з’яўляецца адлюстраваннем Касцёла, чым ёсць вернікі. Святы Павел назваў вернікаў жывымі каменнямі, з якіх пабудавана Божая святыня. Гэтая святыня, збудаваная з каменняў, павінна дапамагчы нам будаваць. Бог хоча жыць у нашых сэрцах. Духоўны Касцёл павінен быць вялікі і прыгожы.

  

    У першы дзень свайго побыту на Гродзеншчыне ксёндз кардынал наведаў Марыйны санктуарый у Капцёўцы.Фотарэпартаж    Перад абразом Чанстахоўскай Божай Маці ксёндз кардынал маліўся за ўвесь Касцёл малітвай “Пад Тваю абарону”. Ксёндз Міхал Ластоўскі, пробашч парафіі, расказаў дастойнаму госцю пра гісторыю святыні і сваіх парафіян. Ксёндз Міхал падкрэсліў, што, дзякуючы намаганням ксяндза Лешка Дамагалы, які пры дапамозе парафіян пабудаваў касцёл, распаўсюдзіўся паломніцкі рух у Капцёўку.
    Яго Эмінэнцыя пакінуў запіс у памятнай кнізе ў Капцёўцы: “Я вельмі рады, што мог памаліцца ў гэтым прыгожым санктуарыі Яснагурскай Божай Маці. Няхай Божая Маці шчыра благаславіць душпастыра, усіх парафіян, а таксама паломнікаў. Няхай Яна вядзе ўсіх да Яе Сына Хрыста, якога сёння свет вельмі патрабуе”.

    «Тут, у гэтай святыні, мы адчуваем сябе ўсе адной сям’ёй, у якой ёсць адзін Айцец у небе. Мы ўсведамляем неабходнасць любові. Тут цераз сакрамэнты мы больш аб’ядноўваемся з Богам. Тут вучымся сапраўднай мудрасці жыцця. Езус Хрыстус прысутнічае перш за ўсё ва Эўхарыстыі» – зазначыў іерарх.

Фотарэпартаж 

     У другі дзень свайго побыту ў Гродне а 10.00 гадзіне Яго Эмінэнцыя ксёндз кардынал Зянон Грахалеўскі наведаў рэдакцыю газеты “Слова Жыцця”, каталіцкі партал Гродзенскай дыяцэзіі – grodnensis.by, а таксама выдавецтва нашай дыяцэзіі.

    Ксёндз кардынал пазнаёміўся з дзейнасцю мас-медыяў у Гродзенскай дыяцэзіі. Яго Эмінэнцыя падкрэсліў, што каталіцкія СМІ даюць чалавеку магчымасць паглядзець на гэты свет цераз прызму Хрыста і Евангелля. “Каталіцкі друк дае сучаснаму чалавеку – зазначыў іерарх, - шмат дабра, чалавек можа спаткацца з Богам”.

   

    У той самы дзень а 15.00 гадзіне ў актавай зале Яна Паўла II ВДС у Гродне адбылася сустрэча ксяндза кардынала Зянона Грахалеўскага з рэктарамі духоўных семінарый Беларусі, выкладчыкамі дзяржаўных універсітэтаў, студэнтамі і семінарыстамі, а таксама з прадстаўнікамі мас-медыяў.
    Ксёндз кардынал прачытаў рэферат на тэму “Навізна Хрыстовага святарства”. Далей прайшла прэс-канферэнцыя для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.Фотарэпартаж
   «Дзяржава некампетэнтна ў рэлігійных справах. Аднак яна абавязана паважаць правы сваіх грамадзян. Напрыклад, да гэтых праў належыць права бацькоў выхоўваць дзяцей згодна з уласным сумленнем», - сказаў кардынал падчас прэс-канферэнцыі.
 

   Вечарам 7 снежня ў Пабрыгіцкім касцёле Яго Эмінэнцыя ксёндз кардынал Зянон Грахалеўскі цэлебраваў св. Імшу для моладзі г. Гродна.

    Пасля св. Імшы гродзенская моладзь пазнаёміла кс. кардынала з душпастырскай дзейнасцю студэнтаў. Далей быў час для размовы з Яго Эмінэнцыяй.Фотарэпартаж Моладзь задавала пытанні пра дзяцінства і маладосць кс. кардынала, пра таямніцу яго прызвання да святарскай службы. Некалькі пытанняў датычылася сувязяў кс. кардынала з Божым слугой Янам Паўлам II. Сустрэча з кс. кардыналам Зянонам Грахалеўскім была вельмі цікавай і плённай для гродзенскай моладзі.

   

    Урачыстасць Беззаганнага Зачацця НПМ і дыяканскія пасвячэнні сабралі ў катэдральнай базыліцы ў Гродне шмат вернікаў і духоўных асоб.
    Ксёндз кардынал Зянон Грахалеўскі быў галоўным цэлебрантам св. Імшы а 12 00 гадзіне, а канцэлебравалі яе кс. біскупы: Аляксандр Кашкевіч і Антоній Дзям’янка, кс. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і шматлікія святары. Ксёндз кардынал удзяліў тром алюмнам з гродзенскай ВДС дыяканскіх пасвячэнняў. Аляксандр Вілюшкевіч, Артур Валчкевіч і Ян Коўш сталі дыяканамі. ФотарэпартажМінска-магілёўскі Мітрапаліт кс. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу высокага пасланца Пятровай сталіцы на тое, што Касцёл у Беларусі жыве і чакае прыезду Бэнэдыкта XVI. Мітрапаліт папрасіў кардынала перадаць Святому Айцу запрашэнне прыехаць у Беларусь. Ксёндз кардынал, развітваючыся, заявіў, што беларускі Касцёл заваяваў яго сваёй верай.
    Гэтая ўрачыстая св. Імша ў гродзенскай катэдры была апошнім пунктам візіту кс. кардынала Зянона Грахалеўскага на Гродзеншчыне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.