ГРОДНА
Аўторак,
18 студзеня
2022 года
 

Члены акадэмічнага душпастырства Open - аб Божай Маці

З жыцця Касцёла

Марыя, 18 год
У сучасным свеце, напоўненым хаосам і фальшывымі каштоўнасцямі, складана маладой асобе ацаніць гэты свет і самога сябе. Хрысціянская моладзь менш разгублена і расчаравана, таму што мае магчымасць пераймаць Езуса і Яго Маці. Марыя з’яўляецца добрым узорам маці, жонкі, якая цалкам даверылася і аддана Богу. У малітвах нам лягчэй звяртацца да любячай Маці, якая ніколі не гневаецца, заўжды выслухае, суцешыць… Такая звычайная і ціхая, а якую вялікую мае моц і магутнасць! Заўсёды чулая і клапатлівая, таму моладзь Яе вельмі любіць і заўжды аддаецца пад Яе чулую апеку і звяртаецца па дапамогу. Разам з Марыяй мы адчуваем сябе любімымі дзецьмі нашага Айца ў небе.
    Маё сэрца напоўнена любоўю да маёй маці і Маці Езуса. У маім жыцці не было дня, каб я не адчувала Яе любові да мяне. Падчас малітвы да Марыі маё сэрца так моцна б’ецца, што мне здаецца, што яно вырвецца і вылеціць, як птушка.

Данута, 31 год
Марыя з’яўляецца пасрэдніцай паміж людзьмі і Богам. Яна была выбрана Ім. Нягледзячы на тое, што мы з’яўляемся грэшнымі і ў нас ёсць розныя слабасці, але ў нас ёсць магчымасць цераз Марыю звярнуцца да Бога з нашымі праблемамі, малітвамі і спадзяваннямі. Я часта звяртаюся да Багародзіцы як жанчына, малюся аб шчаслівым вырашэнні праблемаў для ўсіх жанчын.

Алена, 20 год
Марыя замяняе мне маму, калі яе няма блізка. Яна дапамагае мне ў складаных сітуацыях, і таму ў сваіх малітвах я дзякую Ёй за ўсё,што Яна робіць для мяне. Я магу заўжды звярнуцца да Марыі з маімі просьбамі аб шчаслівым вырашэнні розных спраў. Яна дапамагае мне заўжды, як і мая мама, калі я прашу ў яе дапамогі.

Андрэй, 27 год
Марыя!!! Маці Езуса, выбраная Богам. Яна дадае мне сіл, каб знайсці, пачуць, убачыць… Усё праяўляецца ў маёй малітве да Яе. Я заўжды звяртаюся да Найсвяцейшай Маці ў малітве са сваімі просьбамі. Без малітвы да Марыі не было б мяне. Марыя вучыць мяне многім рэчам. Дзякуючы малітвам да Яе, я вучуся, як адносіцца да сваёй мамы, таму што як мы адносімся да сваёй мамы, так будзем адносіцца і да Марыі. Марыя!!! Мне было б вельмі цяжка без малітвы да Яе.

Ірэна, 19 год
Самымі дарагімі асобамі ў нашым жыцці з’яўляюцца нашы мамы. Дзякуй, Марыя, за тое, што апякуешся і пільная ў адносінах да нашых маці.

Андрэй, 24 гады
Мая любоў да Марыі з’яўляецца вельмі шчырай і чыстай. Я штодзённа пацвярджаю сваю любоў да Марыі любоўю да сваёй маці. Калі мне цяжка і штосьці непакоіць, то мая мама адразу ж бачыць гэты неспакой у маіх вачах і стараецца мне чым-небудзь дапамагчы ці парадзіць. Таксама адбываецца і з Марыяй. Я не вымушаны гаварыць Ёй, што робіцца са мной і чаму баліць мая душа. Проста Яна бачыць, што Яе дзіця патрабуе Яе дапамогі і дзейнічае, а я ў той час адчуваю гэта і маё сэрца радуецца. У мяне ёсць не толькі мая мама, якая падарыла мне жыццё, але і Маці ў Небе, якую я люблю, і праслаўляю Бога за гэты дар.

Ганна, 20 год
Марыя – Панна. Як у кожнай маладой дзяўчыны ў Яе былі розныя мары на працягу жыцця. Таму кожная маладая дзяўчына, якая хоча адчуць такую ж самую любоў Бога і мужа ў сваім жыцці, можа звяртацца да Марыі ў сваіх малітвах.

Юрый, 19 год
Марыя заўжды дапамагае мне ў розных сітуацыях, калі я звяртаюся да Яе ў малітвах.

Марта, 26 год
Малітва і зварот да Найсвяцейшай Маці дае вялікую сілу ў жыцці. Я звяртаюся да Марыі, каб умацаваць сваю веру ў Езуса Хрыста.

Ганна, 22 гады
Сваю любоў да Марыі я выражаю цераз малітву і мае ўчынкі. Марыя любіць мяне і я не хачу зняважыць Яе сваімі нядобрымі паводзінамі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  348

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.