ГРОДНА
Аўторак,
18 студзеня
2022 года
 

Трыдуум ушанавання св. Станіслава Косткі

З жыцця Касцёла

Фотарэпартаж
Кожны малады чалавек хоча знайсці сваё месца ў жыцці, адчуваць сябе шчаслівым, займацца тым, што яму падабаецца. Гэтае жаданне ўпісана ў прыроду кожнага. На жаль, часам мы шукаем вельмі далёка і не ў тым напрамку. Сёння Езус запрашае нас быць Яго апосталамі і звяртаецца да нас з такімі словамі: “Ідзіце на ўвесь свет і нясіце добрую вестку ўсяму стварэнню” (Мк 16, 15).
Сёння лічыцца, што евангелізаваць людзей павінны толькі ксяндзы і сёстры з манаскіх ордэнаў, што менавіта яны ведаюць найлепш, як трэба жыць, каб дасягнуць Валадарства ў небе, і навучаюць пра гэта з амбоны ці на ўроках рэлігіі. Гэтае памылковае мышленне вынікае з-за таго, што людзям не хапае ведаў па евангелізацыі.

    Евангелізацыя (ад грэч. Euaggelizeit – абвяшчэнне Добрай Навіны) - гэта навучанне людзей аб Езусе. Сэрцам яе з’яўляецца не маралізацыя, але абвяшчэнне таго, кім для мяне ёсць Езус Хрыстус і якія змены Ён зрабіў у маім жыцці. Мы часта лічым, што евангелізацыя накіравана толькі да атэістаў. І тут памыляемся, таму што яна неабходна перш за ўсё нам самім, каб паглыбіць нашую лучнасць з Богам. Прыкладам таго, дзе чалавек дзеліцца сваім вопытам рэлігійнага жыцця, з’яўляецца трыдуум ушанавання св. Станіслава Косткі. У заступніка дзяцей і моладзі было 3 браты і 2 сястры. Да 14 года жыцця Станіслаў вучыўся ў родным доме. Ён быў пасланы вучыцца далей разам з братам Паўлам у Вену. Спачатку навука юнаку давалася з цяжкасцю, але ўжо пад канец трэцяга года ён належаў да найлепшых вучняў. У свабодны час хлопец маліўся, чытаў, задаваў сабе пакуты, уключаючы самакатаванне. Такі стыль жыцця не падабаўся брату, выхавацелю і калегам. Яны лічылі гэта немаральнай справай,небяспечнай для здароўя. Таму яны хацелі словам і біццём вылечыць яго і накіраваць на шлях нармальных паводзін. Інтэнсіўнае ўнутранае жыццё, вучоба і пакутныя практыкі так аслабілі малады арганізм хлопца, што ён цяжка захварэў і памёр у 18 год. Як кожны малады чалавек, так і св. Станіслаў таксама няспынна шукаў і імкнуўся да таго, што яму падабалася. Моладзь жадае аддаць сябе пад апеку свайго заступніка і таму 16 - 18 верасня б.г. у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне падрыхтавала трыдуум. Дэвізам сёлетняй сустрэчы былі простыя словы: “Чаканне”. Чаканне зразумець Божую волю, дух адзінства, новай сустрэчы з Езусам, сваё месца ў жыцці. Працягвалася доўгая падрыхтоўка музычнага калектыву, малітоўнай і тэатральнай групаў. Адзін з галоўных этапаў падрыхтоўкі быў выезд ва ўсе парафіі нашага горада. Падчас св. Імшы моладзь малілася за гэтую парафію, а на агульнай сустрэчы прасіла аб малітоўнай падтрымцы, таму што малітва – гэта аснова ўсяго.
    Першая сустрэча пачалася канферэнцыяй, што правёў а. Андрэй Врублеўскі CSsR, арганізатар сёлетняга трыдуума. Айцец Андрэй гаварыў пра церпялівага Езуса, які нас любіць і клапоціцца пра кожнага з нас, не баіцца чакаць, пакуль чалавек прынясе свой плён. Тэатральная група дапамагла лепш прадставіць гэтую тэму, паказаўшы кароткую сцэнку пра садоўніка. Айцец Андрэй заахвочваў моладзь да таго, каб яны не змарнавалі свайго жыцця, турбаваліся пра кожную яго хвіліну і ахвяроўвалі гэты час Богу. Другі дзень быў прысвечаны Марыі, у якой кожны святы бачыў сваю маці. Мы ўшаноўвалі Марыю з ружанцам у адной руцэ і са свечкай. Трыдуум ушанавання св. Станіслава Косткі закончыўся св. Імшой і малітвай праслаўлення. У гэты ж самы дзень была паказана сцэнка пра жыццё св. Станіслава Косткі. Моладзь расказала пра сваё жыццё, не баялася сказаць пра тое, што Езус зрабіў у іхнім жыцці. У гэтых сустрэчах прынялі ўдзел маладыя людзі і душпастыры з іншых парафій. Падчас малітвы праслаўлення на самай справе адчувалася прысутнасць Святога Духа. Хто хоць раз перажыў такую асабістую сустрэчу з ім, той шукае яго ўсюды. І знаходзіць!
    Такія сустрэчы з’яўляюцца евангелізацыяй нас саміх і іншага чалавека. А таму, каб пачаць дзейнічаць, не трэба шукаць, выглядваць на вуліцы грэшнікаў і расказваць ім пра тое, што Бог любіць іх. Дастаткова разгледзецца. Кожны з нас і нашыя супольнасці патрабуюць такой евангелізацыі, каб пазней зрабіць крок наперад. Гэта залежыць ад нас, каб хрысціянства было дынамічным, адкрытым, каб было пошукам новых людзей. Мы, свецкія, павінны адчуваць адказнасць за евангелізацыю і ажывіць любоў, пра якую ўжо забываюць. Гэта патрабуе ад нас шмат высілкаў і адвагі. “Бо не даў нам Бог Духа страху, але сілы, любові і разумнасці. Дык не саромейся тады сведчання Госпада нашага, ані мяне, вязня Яго, але супрацоўнічай у дабравешчанні паводле магутнасці Бога!” (2Цім 1, 7 -8)

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  348

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.