ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

З надзеяй і верай - да Будслаўскай Божай Маці

Лісты чытачоў

Славутая, добрая, міласэрная Будслаўская Божая Маці... Кожны год тысячы вернікаў з розных куткоў зямлі імкнуцца да Цябе, каб сустрэцца з Табою, пакланіцца, прасіць прабачэння, дзякаваць.
Не выпадкова ў гэтым годзе душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў прысвяціла сваё падарожжа, менавіта, у касцёл у Будслаў - святыню з унікальнай і цікавай гісторыяй, месца, дзе пазначана прысутнасць Бога, дзе Ён здзяйсняў справы праз пасрэдніцтва Марыі.
    Паломніцтва да абраза Божай Маці ў Будслаў атрымалася надзвычай насычаным, змястоўным і запамінальным. За два дні шляху мы наведалі 15 касцёлаў. Кожная святыня – гэта непаўторная гісторыя, яшчэ адна сведка Божай прысутнасці ў нашым жыцці. Тракельская Божая Маці, Барунская, Гудагайская... У кожнай мясцовасці вернікі шануюць Цябе, самую блізкую Хрысту асобу, сведку Яго нараджэння і смерці. І ў кожнай святыні мы так блізка адчувалі Тваю прысутнасць, і ў кожным месцы звярталіся да Цябе яшчэ і яшчэ. Звярталіся, бо верылі Табе, як самаму блізкаму сябру. Верылі і прасілі дапамогі ў розных жыццёвых сітуацыях: у радасці і смутку, у хвіліны болю, сумненняў і адчаю.
Дзякавалі за шчаслівыя і радасныя моманты свайго жыцця. З кожнага абраза Ты паўставала перад намі такой сціплай, мяккай, здольнай да развагаў, гатовай супакоіць, дараваць, даць надзею. Акрыленыя Тваёй любоўю і ласкай, мы рухаліся ад аднаго касцё-ла да другога. Сярод нас панавала незвычайная атмасфера дабрыні, сардэчнасці - тых чалавечых якасцяў, якіх так не хапае ў сённяшнім жыцці. Бо з кожнага касцёла Марыя і яе Сын паўставалі ўзорам маральнай чысціні, прыкладам ва ўсіх нашых справах. Менавіта іх прысутнасць аб’яднала нас, дала сілы і бадзёрасці, упэўненасці ў нашую веру.
    Другі дзень падарожжа – і мы ў Будславе. Якое гэта шчасце сваімі вачамі ўбачыць тое, што аглядалі шматлікія пакаленні вернікаў, дакрануцца рукамі да сценаў, якія былі сведкамі самых розных падзей. І ва ўсім адчуць прысутнасць Яе – Божай Маці. І тыя, хто першы раз наведаў святыню, і тыя, хто ўжо меў магчымасць дакрануцца да яе, – усе мы былі ахоплены незвычайным пачуццём. Мы сутыкаемся з жывой гісторыяй, адчуваем прыгажосць святыні, бачым цудадзейны абраз сваімі вачамі, мы стаім перад Нашай Маці на каленях і просім у яе патрэбныя ласкі. І можам рабіць гэта кожны дзень, кожны месяц, кожны год, нікога не баючыся, не хаваючыся. Хіба гэта не шчасце? Каму як не нам, настаўнікам і выхавацелям, вучыцца самім і перадаваць сваім выхаванцам прыклады Яе святасці, дасканаласці. Тут, у Будславе, наша Марыя яшчэ раз напамінае нам, як трэба любіць, як трэба адносіцца да людзей, жыць у глыбокай веры і пакоры. Наша падарожжа было такім цудоўным і таму, што мы адчувалі пастаянную апеку нашага душпастыра Антонія Грэмзы. Для нас ён стаў увасабленнем чыстай, непарушнай, глыбокай веры, сумленных, шчырых адносін да ўсяго, што адбываецца навокал. Мы засталіся яму вельмі ўдзячныя за няспынны клопат, за цёплыя словы, за сумесныя малітвы, мудрасць, ахвярнасць і проста за чалавечнасць. Словы падзякі хочацца накіраваць і да айца Гудагайскага касцёла Казіміра Мараўскага, які так гасцінна сустрэў нас, расказаў пра гісторыю сваёй святыні і цудадзейнага абраза, арганізаваў начлег і пачастунак. Трэба наведваць святыя месцы, касцёлы і каплічкі, бо гэта ўзмацняе нашую веру. Наведваць, каб праслаўляць Бога і Яго Маці, даверыць Ім усе жыццёвыя планы, мары, надзеі, турботы. Бо толькі Яны выслухаюць сваіх дзяцей, возьмуць пад сваю апеку, падтрымаюць і абароняць у кожную хвіліну жыцця.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.