ГРОДНА
Серада,
22 мая
2024 года
 

Шляхамі Божай Маці

З жыцця Касцёла

Фотарэпартаж
У гэтым годзе споўнілася першая гадавіна каранацыі цудоўнага абраза Тракельскай Божай Маці папскімі каронамі. Гэтая значная для нашай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі ўрачыстасць адбылася 5 ліпеня 2009 г.
Варта ўспомніць пра гэтыя цудоўныя хвіліны для тысячаў вернікаў, святароў, сёстраў з манаскіх ордэнаў з Беларусі і з-за мяжы. Усе, хто прымаў удзел у гэтых урачыстасцях, паддаліся ў гэты дзень настрою веры, адчулі велічную сілу ўзрушэння і аб’яднання. А каб гэта адчуць, моладзь, дарослыя і людзі старэйшага пакалення пераадолелі дзесяткі кіламетраў. Якім жа трапным аказаўся дэвіз мінулагодняй пілігрымкі да Тракельскай Божай Маці: “Марыя! Я ёсць, памятаю, пільны!” Гэтыя словы адлюстравалі сэнс таго, як быць хрысціянінам у новым тысячагоддзі, у новай эпосе гісторыі Касцёла і народаў. Цэнтральным пунктам урачыстасці была св. Імша, галоўным цэлебрантам якой быў кардынал Казімір Свёнтэк, які і ажыццявіў акт каранацыі. Нязвыкла змястоўна выказаўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй гаміліі пра важнасць гэтай падзеі: “Гэта – цуд свабоды веравызнання, беручы пад увагу папярэднія гады ганенняў, атэізму і сённяшнюю пару секулярызацыі. Каранацыя – гэта адлюстраванне нашай пашаны да гэтага цудоўнага абраза, адначасова просьба аб дапамозе і аб заступніцтве Марыі...”
У гэты дзень усіх пілігрымаў аб’яднала адна важная малітва: “Тракельская Божая Маці, слава нашага народу, пакажы з гэтага святога месца, што на самай справе Ты з’яўляешся нашай Маці, апякуйся намі і дапамажы пераймаць Цябе цераз нашае “ fiat” (“так”), цераз нашую згоду з Божай воляй, каб мы былі ўсе дасканалымі, як дасканалы наш Нябесны Айцец і заслужылі вечнае шчасце ў небе”. Падчас гэтай урачыстасці біскуп Аляксандр Кашкевіч абвясціў акт аддання дыяцэзіі пад апеку Тракельскай Божай Маці. Пасля каранацыі ён устанавіў таксама навэнну да Тракельскай Божай Маці, загадваючы, каб яна адгаворвалася ва ўсіх касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі ў другія суботы месяца. У адозве пасля каранацыі абраза Тракельскай Божай Маці ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі абвясціў: “Пашана да Марыі аб’яднала старэйшыя і малодшыя пакаленні ля сваёй Каралевы. Таму мы хочам, каб у Гродзенскай дыяцэзіі Тракельская Марыя Панна была названа Каралевай Нашых Сем’яў”.
    2 ліпеня заўсёды шматлікія вернікі з навакольных мясцовасцяў прыходзілі на свята Наведвання Найсвяцейшай Марыі Панны са сваімі малітвамі і просьбамі да сваёй апякункі ў Тракелях. Групы паломнікаў пачалі зноў прыбываць у Тракелі пасля распаду Савецкага Саюза, а яшчэ больш пілігрымаў – пасля таго, як у 1995 г. біскуп Аляксандр Кашкевіч зацвердзіў у Тракелях Марыйны санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі. Гэтае рашэнне садзейнічала таму, што да Тракельскай Божай Маці пачалі прыходзіць усё больш шматлікія групы паломнікаў з розных мясцовасцяў Гродзенскай дыяцэзіі, а пазней – і з розных куткоў Беларусі. “Марыя – зорка надзеі”, “З Марыяй імкнёмся да святасці”, “Марыя! Пакажы нам шлях!” – гэта некаторыя дэвізы пешых паломніцтваў, якія з 1998 г. пераадольваюць дзесяткі кіламетраў з Гродна ў Тракелі, каб падзякаваць Тракельскай Марыі Панне за атрыманыя ласкі, папрасіць прабачэння Яе за грахі і занесці свае просьбы. Гэта – цудоўна: падзякаваць за навучальны год ці за тое, што ты паступіў вучыцца ў вну, атрымаў нядрэнную працу, за дар бацькоўства, за вылячэнне блізкай асобы, за сяброў, за тое, што ты прыняў I Камунію... Можна так бясконца пералічваць, але самае важнае: усведамленне неабходнасці падзякаваць Марыі за атрыманыя ласкі. Па рашэнню Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з 2007 г. адбываюцца пілігрымкі сем’яў з усяго краю ў Марыйныя санктуарыі. Падчас адной з іх у 2008 г. вернікі маліліся перад цудоўным абразом Божай Маці ў Тракелях. Рэктар санктуарыя ксёндз Павел Галінскі сцвярджае з задавальненнем, што пасля каранацыі абраза ў Тракелі прыбывае ўсё большая колькасць сем’яў, а асабліва – будучыя бацькі, якія моляцца за тое, каб іхняе дзіця прыйшло шчасліва ў свет. Напэўна, яны ведаюць, што малітва да Божай Маці мае вялікае значэнне ў сямейным жыцці. Я запомніла словы, якія сказаў мне калісьці адзін ксёндз: “Калі ты адгаворваеш ружанец, Гадзінкі да Беззаганнага Зачацця НПМ, літанія і спяваеш Марыйныя песні, то павер мне, у твайго дзіцяці будзе здаровая душа на ўсё яго жыццё”. Усё больш ёсць дзяцей, якія пад апекай сёстраў з манаскіх ордэнаў, дзякуюць Каралеве Нашых Сем’яў за I св. Камунію. Кожную нядзелю дзесяткі вернікаў з навакольных мясцовасцяў ідуць пешшу ў санктуарый, каб аставіць Найсвяцейшай Панне свае просьбы і ў чарговы раз аддаць сябе пад Яе апеку.
    Жыццё – гэта дар, за які мы павінны заўжды дзякаваць Богу. Радаснае яго прыняцце звязана з усведамленнем, што ўсё, што сустрэне чалавека на гэтай зямлі, мае сэнс. Бог паклікаў Найсвяцейшую Марыю выканаць непаўторнае заданне, чым ёсць таямніца Божага мацярынства. І кожны хрысціянін павінен глядзець на сваё жыццё з пункту погляду прызвання ў адпаведнасці з Божымі намерамі наконт дадзенага чалавека, якое трэба распазнаць, прыняць і выканаць. Дэвізам сёлетняй малітоўнай сустрэчы ў Марыйным санктуарыі ў Тракелях з’яўляюцца словы: “Каралева Нашых Сем’яў – Маці прызванняў”. 11 чэрвеня б.г. заканчваецца год Святарства. Напэўна, кансэкраваныя асобы знаходзяцца пад асаблівай апекай Божай Маці, таму што яны знайшлі сваё манаскае пакліканне, стойка крочаць сцежкай Хрыста і дапамагаюць нам усім заставацца ў хрысціянскай веры. Ян Павел II падкрэсліў у апостальскай адгартацыі “Vita Consecrata” з 1996 г.: “Неабходны людзі, якія будуць паказваць бацькоўскае аблічча Бога і мацярынскае аблічча Касцёла, якія змогуць рызыкнуць уласным жыццём для таго, каб іншыя мелі жыццё і надзею”. Менавіта, святары з’яўляюцца такімі людзьмі.
    Усе людзі шукаюць сваё прызванне. Кожны, хто ўвойдзе на гэты шлях пошуку паклікання, ужо знаходзіцца на дарозе, якая вядзе да Хрыста. Нікога Бог не астаўляе без шансу: адкрыць і прыняць таямніцу Хрыста, які прыйшоў на зямлю для таго, каб шукаць і збавіць кожнага чалавека.
    Марыя атрымала таксама ласку прызвання. Бог паклікаў Яе, каб Яна ўвяла свайго Сына – Божага Сына ў гісторыю свету. Гэта менавіта ў Марыі мы павінны захапляцца хараством хрысціянскага паклікання, а затым дайсці да таго, якім чынам яго рэалізаваць і чаго чакае ад нас Бог, а таксама якая ёсць Яго воля ў дачыненні да нас. Мы павінны пытаць і шукаць, так як гэта рабіла Марыя. Яна слухала ўважліва, хоць часам Ёй было складана зразумець, чаго Бог чакаў ад Яе. Хоць кожны з нас вандруе па складаных і балючых сцежках жыцця, аднак, заўжды мы павінны ўсведамляць Божую прысутнасць і Яго любоў. Кожны наш крок набліжае нас да неба, а хто вытрымае да канца, той будзе збаўлены. Марыя суправаджае нас верна ў нашым жыцці, каб мы адкрывалі нашае асабістае пакліканне. Яна прысутнічае ля нас як Маці, каб дапамагаць і ўказваць шлях. Ян Павел II паўтараў шмат разоў словы Езуса: “Прыміце Марыю ў вашыя дамы, прыміце Яе як Маці і ўзор для пераймання. Яна ўкажа вам сцежкі Евангелля”. Давайце ж будзем памятаць пра словы: “Ad Jesum per Mariam” (“З дапамогай Марыі - да Езуса”).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  224

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.