ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Беларусь! Не дай сябе перамагчы злу, а зло перамагай дабром!

З жыцця Касцёла

Беатыфікацыя кс. Юрыя Папялушкі
Такое было жыццёвае крэда ксяндза Юрыя Папялушкі, якога блізкія называлі папялухам, а вернікі – малым папам. Гэты жыццёвы дэвіз не быў пустымі словамі, а такім спосабам благаславёны ксёндз Юрый жыў і заахвочваў іншых рабіць дабро. 6 чэрвеня мы былі сведкамі выключных урачыстасцяў у Варшаве. Гэтая беатыфікацыйная ўрачыстасць была выключнай па некалькіх прычынах: па-першае, прысутнічала вельмі многа людзей:напэўна, звыш мільёна тых, якія пачулі голас ксяндза Юрыя і па-рознаму прынялі ўдзел у беатыфікацыйных урачыстасцях. Папа Бэнэдыкт XVI, знаходзячыся ў пілігрымцы на Кіпры, звярнуўся да палякаў з такімі словамі: “Няхай прыклад і заступніцтва бл. Юрыя Папялушкі абудзіць руплівасць святароў і распаліць любоў у вернікаў”. Звыш 500 000 вернікаў, каля 100 кардыналаў і біскупаў, звыш 3000 ксяндзоў з Польшчы і з-за мяжы, сярод якіх быў таксама і наш біскуп Аляксандр Кашкевіч з групай святароў і вернікаў з Гродзенскай дыяцэзіі, якія знаходзіліся на плошчы імя Пілсудскага, і, напэўна, вялікая колькасць людзей ля сваіх тэлеэкранаў праспявалі ўдзячны гімн “Te Deum laudamus” пад кіраўніцтвам папскага легата арцыбіскупа Анжэла Амата.
Па-другое, у беатыфікацыйных урачыстасцях прымала ўдзел маці ксяндза Юрыя. Пані Мар’яна, якая на працягу 26 гадоў моцна плакала з-за смерці свайго сына, цяпер, падчас св. беатыфікацыйнай Імшы, з радасцю накіроўвала свой позірк на Дом Айца, дзе пасяліўся яе сын. Як жа актуальныя і жывыя словы псальміста, якія ўспамінае маці благаславёнага: “Хто сее са слязамі, той будзе жаць у радасці”.
    Пасля св. Імшы кс. Юрый “прайшоў” асаблівы шлях у працэсіі да святыні імя Божага Провіду, дзе будуць захоўвацца яго рэліквіі. Сёння можна смела сказаць, што гэта была яго дарога, якая завяла ў Божае Валадарства. У кожнага з нас ёсць свой шлях. Сёння яго дарога стала для нас узорам жыцця, а таксама магчымасцю змяніць уласнае паломніцтва ў лепшы бок.
    Малады ксёндз сустрэў на сваёй святарскай дарозе розных людзей. Вельмі часта ён любіў разважаць пра каштоўнасці, якімі жывуць людзі. Часцей за ўсё пасля сустрэчы з ксяндзом Юрыем чалавек выходзіў ад яго, знаходзячыся пад вялікім уражаннем. Вернікі, якія яго сустракалі, заўжды былі пад уражаннем Божага навучання, якое было выказана вуснамі ксяндза. Калі ж кс. Юрый абвяшчаў казанні, то людзі ўглядваліся ў яго, як на абраз. Ксёндз Ю. Папялушка навучаў пра каштоўнасці, якімі ён жыў, і за якіх пазней аддаў сваё жыццё, перш за ўсё ў імя Таго, у каго верыў. Моладзь гаварыла часта: “Трэба трымацца такога святара”. У год Святарства, які закончыўся, не раз мы разам задумваліся над вялікім дарам і таямніцай святарства. Я мяркую, што можна пажадаць сабе і іншым святарам, менавіта, такога сведчання сваім жыццём. Добра, калі дыяцэзіяне трымаюцца свайго біскупа, парафіяне – свайго душпастыра. Мы – адна Божая сям’я, Касцёл, які пілігрымуе. Ксёндз Юрый любіў паўтараць: “Роль ксяндза - абвяшчаць праўду, за яе пакутаваць, а нават, калі неабходна, то аддаць жыццё”. Калі б было праведзена апытванне і запыталіся ў сённяшніх святароў: “Што такое праўда?”, то кожны сказаў бы смела, што гэта – Хрыстус. А таму абвяшчаць Хрыста, жыць Ім і за Яго аддаць жыццё – такім павінна быць святарскае жыццё ў XXI стагоддзі.
    Благаславёны Юрый стаў святым нашага часу. Гэты святар нагадваў няспынна аб тым, што чалавек павінен быць сабой, што праўда не скарае чалавека, нават, калі гэта складаная, самая жорсткая праўда, што заўжды кожны можа усклікнуць перад Творцам: “І даруй нам нашыя віны, як і мы прабачаем нашым віноўнікам”, што “рабіць справядліва і заклікаць рабіць справядліва – абавязак людзей усякага стану”. І дадаваў: “Чым больш ёсць у чалавеку праўды і любові, тым больш - справядлівасці. Дзе не хапае любові, там на яе месца ўваходзіць насілле, нянавісць і прымус. Важная справа для хрысціяніна: усвядоміць сабе, што крыніцай справядлівасці з’яўляецца сам Бог. Складана гаварыць пра справядлівасць там, дзе няма Бога.” У гэтых простых выказваннях была заключана каталіцкая грамадская навука.
    У тыя часы не ўсім падабалася навучанне ксяндза Юрыя, напэўна, і сёння не ўсе разумеюць яго словы. “Чалавек! Памнажай дабро і перамагай зло, дбай аб сваёй годнасці” – вокліч, які, на жаль, сёння, гаворачы мовай рэкламы, не прадасі ні за якія грошы. Чаму так адбываецца? Таму, што ў сённяшніх рэаліях свет, а значыць і чалавек становяцца нявольнікамі. А благаславёны навучаў заўжды, што хрысціянін не можа быць рабом, таму што ён з’яўляецца Божым дзіцяткам і бачыць усё вачамі веры. Шкада, што не ўсе гэта разумеюць. Кожны з нас - чалавек дабра, толькі не заўжды памятае пра гэта ці дзесьці згубіў свой жыццёвы вобраз. Той, хто паспытае ці нагадае сабе хоць бы на хвілінку, што значыць быць чалавекам дабра, напэўна, пазбудзецца таго непатрэбнага жыццёвага багажу, які толькі абцяжарвае крочыць шляхам да Бога. Захаванне вернікам сваёй самасвядомасці не павінна быць неадназначным. Мы павінны заставацца самімі сабой, прымаючы чарговыя этапы ўласнага жыцця. Вернік павінен заняць рашучую пазіцыю: не трэба прыкідвацца. Вера напамінае нам пра нашую годнасць, пра падабенства да Бога. Чалавек, поўны духа веры і любові да Бога, так як ксёндз Юрый, заўжды будзе свабодны і шчаслівы, а значыць і святы. Журналісты спыталі ў маці кс. Юрыя: “Як выхаваць святога?” А ў адказ яны пачулі: “Трэба любіць Бога сэрцам”.
    Ксёндз Юрый не наведаў Гродзенскую зямлю, але мы чулі не раз пра яго. Як выразіўся арцыбіскуп Амата: сённяшні благаславёны важны не толькі для Польшчы, але і для ўсяго свету. Ксёндз Юрый з’яўляецца сімвалам праўды і свабоды як і для Беларусі, так і для кожнай дзяржавы. Нашая краіна патрабуе такіх людзей. Нашаму часу патрэбны прыклады жыцця добрых і сумленных людзей.
    Нашая агульная малітва за Айчыну дазволіць перамагчы зло праўдай. Кожны год 19 кастрычніка ў дзень нараджэння благаславёнага для неба Касцёл будзе ўзносіць просьбы да Творцы, дзякуючы заступніцтву бл. Юрыя Папялушкі. Я хацеў бы спаслацца ў чарговы раз на трапныя думкі благаславёнага і дадаць да гэтай агульнай малітвы: “Беларусь! Не дапусці, каб у нас перамагло зло, але перамагай зло дабром”.
    Гледзячы па тэлебачанню трансляцыю аб урачыстасці, у мяне ўзнікла ўражанне, што кс. Юрый – там, зноў у нядзелю абвясціў сваё казанне да кожнага з нас. Гэта ёсць выключная гісторыя выключнага чалавека, у якой кожны з нас можа прыняць удзел.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.