ГРОДНА
Серада,
26 студзеня
2022 года
 

Якое імя выбраць свайму дзіцяці?

Задай пытанне

Кс. Антоній ГрэмзаЯк і раней, так і сёння існуе актуальная праблема для бацькоў назваць народжанае дзіця імем. У метрыках Хросту ўсё часцей можна сустрэць імёны, якія да гэтага часу рэдка давалі католікі сваім дзецям: Вадзім, Сяргей, Дзмітрый, Сняжана і г.д. Знікаюць з метрычнай кнігі традыцыйныя хрысціянскія імёны, якія былі прыняты заходняй традыцыяй Касцёла: Ян, Ядвіга, Станіслаў, Тадэвуш, Юзаф і г.д.
    Адсюль паўстае пытанне: “Як даваць імёны?” Навучанне Трыдэнцкага сабору ў дачыненні да гэтай справы было катэгарычнае. У 1563 годзе ў асобным дэкрэце было загадана, каб дзецям давалі выключна імёны каталіцкіх святых. Адначасова пачаўся працэс выцяснення родных славянскіх імёнаў, напрыклад: Мечыслаў, Славамір, Ярагнеў імёнамі лацінскага паходжання, напрыклад: Марк, Луцыян, Фабіян і грэчаскага, напрыклад: Аляксандр, Філіп ці біблейскага, напрыклад: Якуб, Ян, Сымон. З-за ўсеагульнага ўжывання іх хрысціянамі гэтыя імёны давалі ў першую чаргу дзецям. У XVII – XVIII ст.ст. аддавалі перавагу імёнам айчынных святых, напрыклад: Казімір, Станіслаў, Уладзіслаў.
Прынцыповай матывацыяй пры выбары імя будзе клопат аб тым, каб здабыць заступніцтва святых. У нябыт пайшлі паганскія звычаі аб сувязі імя з магічным закляццем, паводле якога ў чалавечым жыцці павінны былі споўніцца акрэсленыя пажаданні шчасця, дабрабыту і поспеху. З гэтай пары імёны святых Касцёла выконваюць ролю абаронцаў перад атакамі зла і няўдачаў. Лічылі, што іменная сувязь са святымі дае магчымасць атрымаць у спадчыну рысы характару святога і дасць магчымасць хутчэй дайсці да святасці. Аднак не раз здаралася, што карысталіся двума імёнамі: хрысціянскім і адным з тых, якое было папулярна ў дадзенай краіне. У гэтым хавалася жаданне захаваць вернасць уласным родавым традыцыям. Але ў афіцыйную метрычную кнігу перш за ўсё запісвалі хрысціянскае імя. Сёння вельмі часта ўзнікаюць клопаты з устанаўленнем таго, якім імем карысталася канкрэтная асоба ў штодзённым жыцці, а якім – у афіцыйным. Тыповай з’явай на тэрыторыі, якую насялялі вернікі розных хрысціянскіх веравызнанняў, былі імкненні зберагчы з дапамогай імя ўласную рэлігійную своеасаблівасць. Не давалі імя дзіцяці таго святога, калі той належаў да іншага хрысціянскага веравызнання. Таму імя адыгрывала важную ролю ў фарміраванні рэлігійнай свядомасці людзей. Наогул, можна заўважыць, што на імя ўплывалі такія грамадскія фактары: род, веравызнанне, а зараз і сучасная мода.
    Даць імя дзіцяці настолькі важна, бо яно заключае ў сабе інфармацыю пра самога чалавека, які яго носіць; канцэнтруе ўвагу на індывідуальных рысах, або цераз сувязь са святым заступнікам уплывае на ўсё будучае жыццё чалавека. Імя адрознівае асобу ў пэўнай людской супольнасці і характарызуе яе своеасаблівасць.Сёння мы стаім перад дылемай захаваць традыцыі даваць чалавеку даўнія імёны ці выбраць імя, пачутае па тэлебачанню ці з прагледжаных серыялаў. З аднаго боку, хто ж можа запярэчыць, што людской істоце не патрэбна заступніцтва святых, а з другога боку, нехрысціянскае імя абавязвае да таго, каб асоба з такім імем стала святой і пашырыла асяроддзе святых заступнікаў для будучых пакаленняў Касцёла.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  340

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.