ГРОДНА
Панядзелак,
14 ліпеня
2025 года
 

XІ Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св.Лукі
Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. I ўвайшоўшы ў дом фарысея, Ён узлёг за сталом. I вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён узлёг за сталом у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон пахучага алею і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала пахучым алеем.
    Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: “Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца”.
I Езус сказаў яму ў адказ: “Сымон, Я хачу нешта сказаць табе”.
    Ён жа кажа: “Скажы, Настаўнік”.
    У аднаго крэдытора былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі - пяцьдзесят. Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго?
    Сымон адказаў: “Думаю, той, каму больш даравана”.
    Ён сказаў яму: “Ты правільна разважыў”.
    I, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: “Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі. Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі Я прыйшоў, няспынна цалуе Мне ногі. Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна пахучым алеем намасціла Мне ногі. Дзеля гэтага кажу табе: “Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць”.
    А ёй сказаў: “Даруюцца табе грахі”.
    I тыя, хто сядзеў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: “Хто Ён такі, што нават грахі даруе?”
    А Ён сказаў жанчыне: “Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі”.
    Пасля гэтага Ён праходзіў па гарадах і вёсках, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую Навіну пра Божае Валадарства, і з Ім Дванаццаць, і некаторыя жанчыны, якіх Ён вылячыў ад злых духаў і хваробаў: Марыя, называная Магдаленаю, з якой выйшла сем дэманаў, і Яна, жонка Хузы, аканома Ірада, і Сусанна, і шмат іншых, якія служылі ім маёмасцю сваёю.

Лк 7, 36 - 8,3

Месца Бога сярод людзей
Калі б замест Езуса быў хто-небудзь іншы, то напэўна, ён быў бы вельмі заклапочаны абставінамі візіту ў госці ў дом фарысея. Езуса, які быў запрошаны на бяседу, успрынялі там з пагардай, так як бы Сымон хацеў паказаць Настаўніку, дзе знаходзіцца Яго месца і якую Ён стварыў сітуацыю сваёй асобай: хоць і быў запрошаны на бяседу, але давайце зробім усё, каб Хрыстус не адчуваў сябе тут жаданым госцем. Але Сымон не прадбачыў дальнейшага ходу бяседы. А змяніла ўсё жанчына, якая не была запрошана ў дом фарысея. Ніхто яе не чакаў, але яе з’яўленне і паводзіны выклікалі абурэнне. І вось у гэты момант пачынае гаварыць Езус. Ён змяняе ўдзельнікам бяседы сваімі словамі і паводзінамі перспектыву ўспрыняцця свету і іншага чалавека, а таксама - перспектыву прысутнасці Бога сярод людзей. Ніхто, нідзе і ніколі не зможа збянтэжыць Божага Сына. Ён будзе заўжды на сваім месцы, а дзякуючы сваёй бясконцай міласэрнасці Хрыстус знойдзе шлях да кожнага чалавечага сэрца.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.