ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Крыніца жыцця і святасці

З жыцця Касцёла

Асабліва ў чэрвені ўсе вернікі накіроўваюць свой позірк на Найсвяцейшае Сэрца Езуса. Яно паказвае самыя розныя вымярэнні любові. Гэта - параненае Сэрца, прабітае, напоўненае знявагай і болем, але адначасова – жыццё і Змёртвыхпаўстанне, збавенне для тых, хто даверыўся яму, і крыніца ўсякага суцяшэння. Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса складаецца з 33 заклікаў для ўвекавечання 33 гадоў жыцця Езуса Хрыста. Іх змест выражае збавенны план любові Бога да чалавека.
На працягу стагоддзяў многія Папы навучалі, што культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса не з’яўляецца толькі адзіным з многіх набажэнстваў, але побач з Эўхарыстыяй - вяршыня пабожнасці і канцэнтрацыя ўсёй хрысціянскай рэлігіі. А каб лепш зразумець сэнс гэтага набажэнства, то варта прывесці выказванні аб ім некаторых наступнікаў св. Пятра. Леў XIII бачыў у ім сімвал і жывы вобраз бясконцай любові Езуса да вернікаў і найбольш правераную форму рэлігійнасці. Пій XI бачыў у гэтай форме пабожнасці суму, змест нашай рэлігіі і норму найдасканалейшага жыцця, таму што найлепшым чынам набажэнства да Сэрца Езуса вядзе да больш дасканалага пазнання Хрыста, да глыбейшага замілавання і пераймання Яго. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI гаворыць, што “кожны чалавек патрабуе мець які-небудзь “цэнтр” жыцця, крыніцу праўды і дабрыні, з якога можна “чэрпаць” у розных сітуацыях, якія змяняюцца, і ў высілках штодзённасці. Кожны з нас адчувае ў цішыні не толькі біццё ўласнага сэрца, але – яшчэ глыбей унутры самога сябе – пульсацыю сэрца свету - беспамылковай прысутнасці Хрыста, якая адчуваецца не толькі пачуццём веры, але намнога больш рэальней”.

“Маё Боскае Сэрца так пaлае любоўю да людзей, што не можа даўжэй утрымаць гэтых гарачых промняў, замкнёных у маім улонні. Яно жадае разліць іх з тваёй дапамогай і ўзбагаціць людзей сваімі Божымі скарбамі”. “У Ім людзі знойдуць усё, чаго ім будзе неабходна для выратавання сваіх душаў з бездані пагібелі” .
    Словы Езуса да Марыі Малгажаты Алякок
падчас першага аб’яўлення (27 снежня 1673 г.) ёй Хрыста.
Сэрца Езуса, укрыжаванае і змёртвыхпаўсталае, з’яўляецца невычэрпнай крыніцай ласкаў. Яно перапоўнена любоўю Бога-Айца, на якую заўжды можна разлічваць. З аднаго боку, у набажэнстве да Сэрца Езуса Касцёл бачыць знак любові Бога да людзей, а з другога – хоча адначасова абудзіць у людскіх сэрцах узаемную любоў да Бога, асабліва ў наш час, калі вялізную ролю адыгрывае сведчанне аб жывой веры ўсіх членаў Касцёла: як свецкіх, так і духоўных. Нам трэба няспынна ўглядацца ў Сэрца Збавіцеля. Менавіта яно з’яўляецца сімвалам самай дасканалай любові, бескарыслівай, гатовай да ахвяраў і адрачэнняў. Толькі такая сапраўдная любоў робіць здольным чалавека да веры ў Бога, якая выражаецца ў канкрэтных учынках. Яна вядзе таксама да перамены чалавечага сэрца ў лепшы бок і фарміруе яго па ўзоры Божага Сэрца.
    У пошуку лякарства на крызіс веры ў сучасным свеце арцыбіскуп Андрэ Леанард, прымас Бельгіі, заахвоціў вярнуцца ў цэнтр – у Сэрца. Ён піша, што “пунктам, дзе ўсё – скандэнсавана, пунктам, з якога ўсё выплывае, з’яўляецца Сэрца Хрыста – пылаючы агонь усяго хрысціянскага жыцця і жыцця Касцёла. Толькі тады, калі ізноў мы паглыбімся ў гэтую “крыніцу”, то будзем мець неабходныя сілы, каб з аднаго боку, процістаяць сучаснаму свету, а з другога – прыстасоўвацца да яго”.
    Развіццё культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса дазваляе чалавеку адкрыць сапраўднае аблічча Бога, які яго любіць, і годны любові, а таксама садзейнічае святасці чалавека і яго аб’яднанню з Творцам, адначасова дае яму магчымасць адкрыць дар: дзяліцца любоўю з іншымі. Дзякуючы гэтаму мы станем больш уражлівыя на грэх і як бы прыспешаныя ў імя любові змагацца з ім і ўзнагароджваць за тых, хто раніць Божае Сэрца, адчуем узаемную адказнасць за кожнага з нас.
    З-за Божай любові існуе ўвесь Сусвет і чалавечы род. Яна - крыніца, з якой усё бярэ свой пачатак і чэрпае сілы для жыцця. Мы павінны “чэрпаць” з гэтай крыніцы бясконцай і дасканалай любові, каб станавіцца лепшымі людзьмі. Мы павінны ўцякаць да Божага Сэрца ва ўсіх сваіх патрэбах, давяраць розныя свае справы, перапрашаць за грахі, недасканаласці і дзякаваць Творцу за багацце атрыманых дароў і ласкаў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.