ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

“Мабільны” этыкет

На шляху да святасці

Сотавы тэлефон у руках і дзіцяці, і пенсіянера – гэта рэальнасць нашага часу, з якой мы павінны жыць, з якой жывём. Адмовіцца ад яе ўжо немагчыма і няма сэнсу. Але жыць з ёй, аказваецца, не так проста. Чалавек прывыкае да новых тэхналогій, яны маюць над ім уладу. Сотавы тэлефон ператвараецца для нас і нашых сучасных постсавецкіх вернікаў у выпрабаванне і спакусу.
    У час св. Імшы у касцёле не-не ды раздаюцца званкі тэлефонаў. Хтосьці пачне мітусліва адключаць сігналы, хтосьці сагнецца і, схаваўшыся за спіны, прыглушаным шэпатам адказвае, а нехта накіруецца важна (ідучы цераз увесь касцёл) да выхаду і потым абавязкова захоча вярнуцца назад. І тут хочацца крыкнуць, унутрана паабураўшыся: ”Змілуйцеся, колькі можна! Мала таго, што ў грамадскім транспарце, у маршрутных таксі прыходзіцца выслухоўваць ці падслухоўваць пра працоўныя праблемы, пра чарговую серыю бразільска-мексіканскага серыялу, пра сямейныя скандалы – дык яшчэ ў храме!” Нашы “мабільныя” грамадзяне, узброеныя моднымі “трубкамі”, верагодна, не чулі пра этыкет у дачыненні да сотавага тэлефону.
Бясспрэчна, ёсць розныя сітуацыі, калі нават у грамадскіх месцах неабходна адказаць на важны званок. Пра культуру тэлефоннай размовы, здаецца, ведаюць усе: спачатку неабходна упэўніцца: ці туды вы трапілі, старацца гаварыць цішэй, у чалавека павінна быць выразная дыкцыя, трэба коратка фармуліраваць свае думкі, неабходна тактоўнасць, а самае галоўнае – не ствараць дыскамфорту іншым людзям, змушаючы іх выслухоўваць вашую размову.
    Культура размовы па сотавым тэлефоне фактычна нічым не адрозніваецца ад іншых яе відаў. У час гутаркі субяседнік не павінен доўга маўчаць, выслухоўваючы маналог з другога канца проваду. Час ад часу трэба рэагаваць на дыялог, зрэдку падтакваючы, удакладняючы нейкія дэталі размовы. Можна нават гаварыць усміхаючыся, бо ўсмешка “счытваецца” па тэлефоне. Калі вы падымаеце тэлефонную трубку, то тэмбрам голасу выразіце добразычлівасць, гатоўнасць да размовы і радасць ад званка. Па правілах этыкету заканчвае размову першым той, хто першы пазваніў. Калі вы самі з’яўляецеся ініцыятарам гутаркі па тэлефоне, то перад яе пачаткам пацікаўцеся, колькі чалавек мае на яе часу. У апошні час лічыцца прыстойным запытаць: ці ваш суразмоўца мае магчымасць гаварыць з вамі па тэлефоне. І лепш вам дачакацца, калі на другім канцы провада пакладуць трубку. Хоць гэтаму мала надаюць увагі, аднак, такім спосабам вы не дапусціце адчування спыненай размовы. Не забудзьце ў канцы яе падзякаваць суразмоўцу за гутарку з ім і атрыманую інфармацыю.
    Акрамя гэтага, ёсць нормы, якія адносяцца толькі да сотавых тэлефонаў: апошнімі нельга карыстацца ў бальніцах ці паліклініках з дарагой і тонкаадчувальнай тэхнікай, у тэатры, на выставах, канцэртах, лекцыях... і вядома ж, у храме. Для акультурвання нашых адзічалых сучаснікаў на дзвярах храмаў вісіць знак: “Калі ласка, адключыце тэлефоны”. Не бачаць, не чытаюць, не чуюць... У чым прычына такой сумнай з’вы?
    Касцёл – гэта “астравок” хрысціянства, дзе вернік прыходзіць атрымаць радасць і задавальненне ад сустрэчы з Богам, настройваецца на размову, хай у думках, з Творцам, са святаром. У святыні чалавек пранікаецца тым, што бачыць і чуе. Людская істота ўспрымае інфармацыю і розумам, і пачуццямі. Нечаканы гукавы сігнал сотавага тэлефона турбуе не толькі вас, гаспадара, але парушае чужы супакой, свабоду і камунікатыўную прастору іншых людзей. Гэта не толькі сведчанне непавагі да іншых, але і адсутнасць уласнай культуры. Калі вы чакаеце важнага званка, лепш не прыходзьце на св. Імшу ў гэты час. Вы не гатовы адключыцца ад справаў, а таму не зможаце ўдзельнічаць у агульнай малітве, не здолееце ўнікнуць у тое, што чуеце ў храме. Размаўляць па сотавым тэлефоне ў храме – гэта тое ж самае, што дастаць расчоску і прычэсвацца. А што перашкаджае есці шакалад і шалясцець фальгой? І тут прычына заключана не ў сотавым тэлефоне, а - значна глыбей.
    За кароткі час свайго існавання мабільная сувязь істотна змяніла прыроду адносінаў у грамадстве і яго самога, што настаў час гаварыць пра культуру размоваў па сотавым тэлефоне. Пакуль што сучасныя тэхналогіі апярэджваюць значна правілы і нормы абыходжання з імі. Аднак з цягам часу людзьмі засвояцца і правілы этыкету. Важна, што людзі сталі больш звяртаць увагі на культуру маўлення, на этыкетныя формулы не толькі ў афіцыйных адносінах, але - і ў побыце, яны не лічаць апошнія адзнакай “буржуазнага” свету ці інтэлігенцыі. Трэба вучыцца правілам этыкету і навучаць гэтаму дзяцей, як уменню карыстацца нажом і відэльцам, прыгожа і з густам апранацца.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.