ГРОДНА
Серада,
26 студзеня
2022 года
 

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!

З жыцця Касцёла

Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!
Нягледзячы на тое, што духоўнае пасланне Хрыстовага крыжа як інструмента паўсюднага прымірэння з Богам і знаку, па якім можна пазнаць хрысціянства, застаюцца нязменнымі, з-за розных хрысціянскіх традыцый крыж стаў знакам, які вылучае хрысціянскія землі і абрады. Разнавіднасці крыжа значна адыходзяць ад якіх-небудзь стандартных нормаў.
Лацінскі крыж
Мы даведваемся са старонкаў Бібліі, што крыж, на якім памёр Езус Хрыстус, (так званы складаны крыж) быў сканструяваны з гарызантальнага і вертыкальнага бярвенняў. Гэтая форма была характэрна для інструментаў катаванняў, якія прымяняліся рымлянамі, а паколькі яны размаўлялі па- лацінску, то крыж такой формы атрымаў назву лацінскага крыжа. Рымляне, каб пазбегнуць таго, што цела асуджанага можа разарвацца на такім крыжы, на сярэдзіне крыжа размяшчалі ледзь заўважальную падпорку, на якую абапіралася цела асуджанага. Зверху вертыкальнага бервяна над галавой асуджанага размяшчалі таблічку з напісанай віной. У дачыненні да Езуса такі надпіс быў зроблены па-габрэйску, па-грэчаску, па-лацінску і гучаў так: “Езус Назарэйчык, жыдоўскі Кароль” (лацінскі арыгінал – INRI, пар. Ян 19, 19).
Распяцце
Пасля II Нікейскага сабору ў 787 г., калі канчаткова была сфармірована тэалогія фігурнага адлюстравання Хрыста як чалавека ў бачнай постаці, заходнія хрысціяне дадалі да лацінскай канструкцыі крыжа яшчэ крыжык з адлюстраваннем укрыжаванага Хрыста (цела замучанага Збавіцеля). Менавіта гэта форма крыжа – сёння найбольш вядома, якой карыстаюцца хрысціяне лацінскага Касцёла (рымска-каталіцкага). Нават пасля Нікейскага сабору, які стрымаў у Візантыі рух па знішчэнню выяваў Езуса і святых, усходнія хрысціяне ўстрымліваліся ад паказу на крыжы змучанага цела Збавіцеля. Гэтая традыцыя засталася аж да нашых дзён і з’яўляецца адлюстраваннем таямніцы чалавечай прыроды Хрыста і Яго смерці.
Праваслаўны і рускі крыжы
Містычнае разуменне словаў Езуса падчас канання на крыжы, а таксама культ добрага лотра – першага кананізаванага самім Хрыстом, былі прычынай таго, каб дадаць да крыжа новыя элементы, якія мелі сваё тэалагічнае значэнне. Так у XI ст. канстанцінопальскі патрыярх Міхал Цэрулярый пастанавіў, каб хрысціяне ўсходніх абрадаў прадстаўлялі крыж паводле ўстаноўленага зверху канону. Ён павінен мець тры папярочнікі: верхні – прызначаны для таблічкі з надпісам віны, сярэдні – трымаў рукі і ніжні, які быў апушчаны з сярэдзіны крыжа і ўжываны як бы для падножжа асуджанага. Ніжні папярочнік, які быў схілены ўправа уніз пачаў сімвалізаваць навяртанне аднаго з двух лотраў, якіх павесілі разам з Хрыстом на Галгоце. Менавіта той з іх, які быў злева ад Хрыста, павінен атрымаць ад Яго дараванне грахоў. Так званы рускі крыж з вельмі падобнымі формамі (ускоснае ніжняе бервяно і без папярочніка з надпісам віны) – адна з версій візантыўскага крыжа. Гэтая форма крыжа была вядома ў Кіеўскай Русі з моманту афіцыйнага прыняцця Хросту ў 988 г.
    На землях даўнейшага Вялікага княства Літоўскага, з якога бярэ свае вытокі сучасная Беларусь і Літва, з’яўлянне першых крыжоў было звязана з прыбыццём сюды місіянераў з каталіцкага Захаду і з візантыйскага Усходу. Формы лацінскага і праваслаўнага крыжоў сталі ў гэты час знакамі адрознення двух роднасных абрадаў: заходняга (каталіцкага) і ўсходняга (візантыйскага) і хрысціянскіх культураў.
    Вядома, што хрысціянская геральдыка мае каля 300 разнавіднасцяў формаў крыжоў. Кожнае з тых адрозненняў сведчыла пра тое, што ў хрысціянстве існавала пэўная адвольнасць адлюстравання крыжа, на якім быў укрыжаваны Збавіцель. Не паўстала таксама аднолькавых нормаў ці канонаў у дачыненні да формы таго ж самага крыжа ў разуменні хрысціянаў Захаду і Усходу. Іх разнавіднасці фарміраваліся пераважным чынам у святле навучанняў мясцовых тэолагаў і рэлігійнага разумення вернікаў. Такая шматлікая мазаіка тыпаў крыжоў азначае, што ў той час для хрысціянаў не настолькі была важна знешняя форма крыжа, але духоўная сутнасць гэтага знаку.
    З-за такой разнароднай сімволікі крыжа даволі складана сёння асмеліцца і адназначна акрэсліць: як на самай справе мог выглядваць крыж, на якім быў прыбіты наш Збавіцель Езус Хрыстус. Разнароднасць формаў крыжа адкрывае перад хрысціянамі рэчаіснасць, якая ўзвышаецца над усімі розніцамі і падзеламі. Гэта – рэчаіснасць Хрыста, які на самай справе памёр на крыжы за ўсіх нас. Таямніца мукі і смерці Бога-Чалавека, Яго Крыжа была і будзе для верніка вялікім натхненнем, каб прызнаць факт жыцця, смерці і Змёртвыхпаўстання Хрыста ў гісторыі і прычынай для адарацыі інструмента Адкуплення ўсяго чалавецтва.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  340

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.