ГРОДНА
Чацвер,
30 сакавіка
2023 года
 

“Я шукаў Вас...”

Сябры Бога

2 красавіка 2010 г. – пятая гадавіна смерці папы Яна Паўла II
“Я шукаў Вас, а цяпер Вы прыйшлі да мяне і за гэта я Вам - удзячны”
Ян Павел II

5 гадоў мінула з той пары, як гэтыя словы прагучалі з вуснаў нашага любімага папы Яна Паўла II, калі тысяча маладых людзей з усяго свету стаялі перад яго акном на плошчы імя св. Пятра ў Рыме, а яшчэ мільёны маліліся на каленях у розных кутках свету. Прайшло 5 гадоў, а гэта - многа ці мала? У параўнанні з 26 гадамі 5 месяцамі і 16 днямі яго пантыфікату – гэта мала, але дастаткова многа, каб убачыць, што пакаленне Яна Паўла II існуе, што мы памятаем і пераймаем яго, што молімся да яго і ведаем, што ён заўжды – дзесьці блізка. Сёння, калі за плячамі – 5 гадоў з той падзеі, мы павінны задумацца, што змянілася ў нашых сэрцах, у нашых адносінах з бліжнімі, у якой ступені мы выкарысталі навучанне гэтага Вялікага Чалавека.
Ён шукаў нас усюды. Заглядваў у кожны куток, нават, у самы цёмны закуточак, у дождж, калі свяціла сонейка. Ён шукаў у прыемным цені дрэў, у шуме ветру, у харастве гор, у гомане гораду, у пясчынцы, сярод шматлікіх справаў і абавязкаў… Ён стукаў у “магутныя металічныя дзверы” чалавечай чэрствасці – адказвала рэха. Толькі часам ён сядаў і плакаў: па-людску, у цішыні. І ўставаў, каб моцай Кагосьці адчыняць “дзверы”, бо ён ведаў, што закрытае сэрца не прызначана для жыцця. І калі набліжаўся ўжо пачатак іншага шляху – мы прыйшлі. Тады ён сказаў: “Я шукаў Вас, а цяпер Вы прыходзіце да мяне” і ўсміхнуўся шчыра, па-людскі перад вандроўкай, якую ён чакаў…
    Таму ў вячэрняй цішы прыйдзіце ў святыню, станьце ля алтара, трымаючы ў руках запаленыя свечкі – сімвал святла Хрыста. Гэтае святло рассейвае змрок нашага жыцця, указвае шлях, дадае мужнасці, каб крочыць да святасці, якая з’яўляецца нашым заданнем і прызваннем. Прыйдзіце, каб падзякаваць за дар Папы-паляка для Пятровай сталіцы, за яго святое жыццё, душпастырскую дзейнасць, навучанні, за сведчанне сваім жыццём аб веры, за глыбокае цярпенне і смерць Святога Айца і яго малітвы, якія ён ахвяроўваў за нас. Пажадайце ж затрымацца ў штодзённай беганіне, молячыся за Святога Айца Яна Паўла II, просячы аб яго хутчэйшым вынясенні на алтары.
    Папа прасіў нас: “Не стамляйцеся маліцца, дзе б вы ні былі. Яшчэ раз паўтараю: не стамляйцеся маліцца пры маім жыцці і пасля маёй смерці. Народ, які моліцца, з’яўляецца іншым народам”.
    Ужо прайшло 5 гадоў, як Ян Павел II вярнуўся да Айца. Ён знік толькі з нашых вачэй, але і далей застаецца ў нашых сэрцах, у нашых успамінах і ў тых справах, якія аставіў нам. Яго адыход – гэта не канец. Ён жыве і далей, проста, жыве ў іншым вымярэнні жыцця, у іншай перспектыве.
Прыйдзіце, каб адказаць на яго словы і заклікі. Мы сустрэнемся 5 красавіка ў 19. 00 гадзінаў у катэдральным касцёле ў Гродне праз 5 гадоў пасля смерці Святога Айца, каб адкрыць дзверы Хрысту, як ён вучыў нас. Прыйдзіце, бо ён чакае нас. Шукае і далей, але ўжо не сядзіць і не плача. Толькі часам ён хоча выцерці Твае слёзы, пытае пра Цябе і памятае аб Табе – таму прыйдзі, дарагі сябар. Напэўна, у цябе ёсць што яму сказаць і за што падзякаваць, бо ты паходзіш з пакалення Яна Паўла II.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  277

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.