ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Акружыце Касцёл большым клопатам

На шляху да святасці

Касцёл з’яўляецца супольнасцю, якая была заснавана Езусам Хрыстом і ў адпаведнасці з Яго воляй кіруецца 12-цю апосталамі. Святы Пётр стаў на чале гэтай супольнасці. “Ты - камень (Пётра), і на гэтым камені пабудую царкву Маю, і брамы пякельныя не перамогуць яе” (Мц 16,18). Нягледзячы на тое, што святы Пётр тройчы адракаўся ад свайго Настаўніка, ён стаў моцным фундаментам, на якім узнесены Касцёл.
Езус заснаваў Касцёл, каб кожны з нас мог збавіцца, каб мог “даплыць” да порту збавення. Чалавек, дзякуючы Касцёлу, зможа злучыцца з Тым, Хто яго стварыў і паклікаў з нябыту да існавання. У энцыкліцы “Deus caritas est” папа Бэнэдыкт XVI піша, што Касцёл існуе для кожнага чалавека і кожная асоба павінна знайсці ў ім адпаведнае для сябе месца. Адны прысвячаюць сябе выключнай службе Богу і Касцёлу, іншыя прымаюць актыўны ўдзел у жыцці і дзейнасці парафіяльнай супольнасці. Ёсць і такія, якія прысвячаюць сваё жыццё Касцёлу, удзельнічаючы ў рознай душпастырскай, дабрачыннай і выхаваўчай дзейнасці. І гэта цудоўна! У Евангеллі мы чытаем словы Езуса пра тое, што “Хто хоча знайсці сваё жыццё, той згубіць яго, а хто аддасць сваё жыццё за Мяне, той знойдзе яго” (Мц 10, 39).
    Кожны хрысціянін павінен турбавацца пра развіццё Касцёла. Нельга аставіць гэты клопат толькі духоўным асобам. Нельга ўсе справы, праблемы, турботы, абавязкі скідваць на нашых душпастыраў. Мы самі павінны жыць гэтым, бо кожная парафія, капліца, сакральны будынак – гэта наша супольная справа, пра што мы павінны клапаціцца, акружаць належнымі павагай і ўшанаваннем.
Калісьці Божы слуга Ян Павел II звярнуўся да моладзі з такімі словамі: “Любіце Хрыста і любіце Касцёл! Любіце Хрыста так, як Ён вас любіць. Любіце Касцёл так, як любіць яго Хрыстус. (...)Як жа бы вы адказвалі за спадчыну, якую прынялі толькі часткова? Як можна ўдзельнічаць у будаўніцтве чагосьці, што не любіце ўсім сэрцам?”
    Які можна зрабіць вывад са сказанага?
    Выснова тут наступная: кожны з нас павінен любіць Касцёл усім сваім сэрцам. Трэба памятаць, што той, хто адкідвае Касцёл, той адкідвае самога Хрыста. Мы павінны кіравацца верай, якая дзейнічае цераз любоў (пар. Гал 5,6). Недастаткова таго, каб толькі прыйсці ў касцёл раз у тыдзень або яшчэ радзей, нічым не цікавячыся, не ўнікаючы ў жыццё сваёй парафіі, не прымаючы ўдзелу ў ім – гэтага мала...
    Мы павінны быць Касцёлам, менавіта павінны ствараць, будаваць гэты Касцёл. Спачатку – у нашых сем’ях, парафіях, супольнасцях, дыяцэзіях, каб у канчатковым выніку адчуць сябе Паўсюдным Касцёлам. Так пра гэта сказаў святы Павел: “Мы бо ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела (...) і ўсе напоены адным Духам” (1 Кар 12, 13). Божы слуга Ян Павел II быў дасканалым прыкладам асаблівага клопату пра Хрыстовы Касцёл. Святы Айцец клапаціўся ўвесь час пра Хрыстовую аўчарню, пра справы Касцёла, больш таго, ён жыў Касцёлам і ўвесь “згараў” да рэшты для яго. Ён, нягледзячы на старэчы ўзрост, недахоп сілаў, дрэнны стан фізічнага здароўя, паломнічаў у розныя дзяржавы, каб падбадзёрыць засмучаных, пераследаваных і аказаць ім бацькоўскую падтрымку.
    Калі я думаю пра любоў да Касцёла, то ўспамінаюцца словы аднаго знаёмага мне пробашча, які часта любіў паўтараць: “Трэба любіць Касцёл”. Гэта не былі толькі пустыя словы, бо на самай справе ён любіў Касцёл, быў сапраўдным пастырам, дбаў пра прыгажосць і ўбранства святыні, ён прысвячаў усяго сябе сваім авечкам, бо як зазначыў Ян Павел II: “Толькі вялікая любоў да Хрыста і Касцёла дадасць вам сілаў для апостальскай дзейнасці”.
    Касцёл – гэта не толькі будынак, дзе вернікі ўшаноўваюць Бога. Кожны з нас з’яўляецца ім, гэта мы ствараем яго, мы – Касцёл. Святы Пётр сказаў, што Касцёл складаецца з людзей, з жывых камянёў. Па сваёй прыродзе Касцёл або інакш хрысціянская супольнасць ёсць згуртаванне людзей, якія моляцца. Любоў Хрыста злучае гэтых асобаў, а не звыклыя чалавечыя сувязі. Як жа многіх людзей няма на св. Імшы! Касцёл патрабуе прысутнасці ўсіх сваіх членаў. Якая вартасць ёсць у члена Касцёла, калі ён адарваны ад рэшты вернікаў? Такі чалавек можа быць ступнёй, далонню ці вокам у целе Хрыста, але нямнога ён будзе варты, калі адлучыцца ад рэшты цела. Трэба памятаць пра словы апостала Пятра: “Не прапускайма нашых супольных сходаў” (Гбр 10, 25). І гэта ад нас залежыць, якое будзе аблічча нашага Касцёла праз пяць, дзесяць ці дваццаць і больш гадоў і перш за ўсё залежыць ад сённяшняй моладзі, бо менавіта яна з’яўляецца будучыняй нашага Касцёла, народу. Ян Павел II звяртаўся так да маладых: “Вы – святло свету, надзея Касцёла. Вы – мая надзея!”
    Давайце ж будзем шанаваць нашыя касцёлы, акружаць належнай павагай і ўшанаваннем святыя месцы, бо гэта – наша агульная ўласнасць. Як жа сёння ўсім нам патрэбна быць чулымі да Божых справаў! Кожны з нас мала любіць Хрыстовы Касцёл, не хоча яго палюбіць. Бог дае нам Вялікі пост, у якім давайце ж навучымся адказнасці, клопату, чуцця на вялікія Божыя справы. Святы Павел заахвочвае нас да такой дбайнасці: “У рупнасці не слабейце, духам палаючы, Госпаду служачы” (Рым 12, 11).
    Ці хто-небудзь можа быць хрысціянінам, не далучыўшыся да Касцёла? Так, але такая з’ява нагадвае салдата без арміі; вучня, які не ходзіць у школу; прадаўца без кліента; марака без карабля; пчалу без вулля; аўтара без чытача ці футбаліста без каманды. Вельмі часта мы, хрысціяне, не ўсведамляем таго, які вялікі ўплыў можна аказаць на іншых людзей, у тым ліку і вернікаў. Хрысціяне, як кветкі ў агародзе, на якія ападае раса з неба. А калі раса капае з іх пялёсткаў, то арашае не толькі іх уласныя карані, але і карані кветкаў, якія растуць побач.
    Прыйшоў час зрабіць якую-небудзь канкрэтную пастанову, каб гэты час Вялікага посту быў іншы, выключны, нештодзённы, каб ён наблізіў нас яшчэ больш да Хрыста, каб мы сталі сапраўднымі хрысціянамі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.