ГРОДНА
Серада,
26 студзеня
2022 года
 

Вось, пачнеш і народзіш Сына

Сябры Бога

Кожны год 25 сакавіка Касцёл нагадвае нам пра вялікую таямніцу Звеставання НПМ – падзею, якая назаўжды змяніла лёсы чалавецтва. Гэта – успамін аб пачатку справы адкуплення і прадвесце новага жыцця Бога і Чалавека ў адной асобе Езуса Хрыста, Божага Сына.
Анёл Габрыэль аб’явіў Марыі Божыя намеры: “І вось, пачнеш ва ўлонні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус. Ён будзе вялікім і Сынам Узвышняга будзе названы” (Лк 1, 31 – 32). Гэтыя словы паказваюць нам сутнасць гэтай урачыстасці ці факт зачацця Езуса. Марыя выразіла свае чалавечыя сумненні словамі: “Як гэта можа стацца, калі Я мужа не спазнала?” (Лк 1, 34). Як магчыма спалучыць цнатлівасць і мацярынства? Марыя ўсведамляла тое, якія вынікі Яе чакаюць: гэта пагражала не толькі стратай добрай рэпутацыі, але - і жыцця. Марыя была тады заручана з Юзафам і ведала, як павінен зрабіць нарачоны ў адпаведнасці з габрэйскай традыцыяй. Яе сумненні і пытанне не застаюцца без адказу. Анёл запэўніў Яе аб Божай дапамозе. У гэтай сур’ёзнай місіі Бог будзе суправаджаць і падтрымліваць, павучаць і весці. Пазітыўны адказ Марыі паклаў пачатак месіянскай эры г.зн. часу Божага Валадарства, якое прыходзіць на зямлю. Напэўна, каб адказаць словам “Так”, Марыя павінна быць умацована Божай ласкай і падрыхтавана раней, дзякуючы цнатліваму жыццю і таму, што яна была зберажона ад першароднага граху. Тут паказваецца дасканалае супрацоўніцтва Бога і чалавека, а таксама бязмежны давер і пакорнасць Божай волі. Найсвяцейшая Маці не спрабавала цалкам зразумець гэтую таямніцу, але дазволіла Богу дзейнічаць у сабе.
Марыя садзейнічала сваёй верай таму, што было ізноў вернута адзінства, якое было страчана ў раі з-за першароднага граху. Бог і чалавек могуць быць ізноў адзінымі. Была адкрыта новая старонка кантактаў Бога з чалавецтвам і быў пакладзены пачатак таму, што людзям будуць спасылацца вялікія дары і ласкі.
    Марыя павінна стаць для кожнага хрысціяніна ўзорам поўнай адданасці Божаму рашэнню. Ні адно чалавечае пачуццё не было Ёй чужародным. Яна баялася, напэўна, аднак, ведала, што з усіх складаных сітуацый Бог выведзе сваёй моцай і ласкай. У Марыі хапала цярпенняў у жыцці, аднак, Яна не паддавалася сумненням і роспачы. Яна была звычайнай жанчынай, жонкай і маці. Штодзённа Марыя была занята звыклымі хатнімі справамі і абавязкамі.
    Урачыстасць Звеставання НПМ паказвае вартасць і святасць чалавечага жыцця. У гэты дзень Касцёл адзначае дзень Святасці жыцця і паказвае, што яно з’яўляецца вялікім дарам Творцы. Мы былі створаны па вобразу і Божаму падабенству і адкуплены самай дарагой крывёй Езуса Хрыста. Дзякуючы гэтаму ў кожнай асобы ёсць аднолькавая годнасць Божага дзіцяці з моманту зачацця аж да натуральнай смерці. Бог даверыў жанчыне пачаткі людскога існавання. Менавіта матчынае ўлонне з’яўляецца першым “памяшканнем” для кожнага чалавека. Яно стала таксама і месцам часовага пражывання Божага Сына. Які ж кволы аказваецца гэты вялікі дар зачатага жыцця. З самага пачатку кожнаму дзіцяці ва ўлонні маці пагражаюць многія небяспекі: жыццёвая і матэрыяльная сітуацыі, псіхічны стан маці, яе акружэнне і шмат іншых фактараў могуць вырашыць аб тым, ці гэтая малая істотка прыйдзе на свет. Бог з’яўляецца дарыльшчыкам і крыніцай усякага жыцця, але чалавек хацеў бы часам заняць Яго месца, каб паводле свайго меркавання вырашыць пра тое, хто і калі павінен прыйсці ў свет. І тады выкарыстанне сваёй волі ў нядобрым напрамку становіцца трагедыяй. Але ж мы прызваны да чагосьці іншага: каб былі сумеснымі тварцамі справы стварэння і нашай людской велічы.
    Прыгожая ўрачыстасць Звеставання НПМ адзначаецца з пачатку вясны. Прырода і ўсё, што існуе навокал, абуджаецца для жыцця. Цяплейшае сонца ажыўляе ў сэрцах радасць і надзею на лепшыя дні. Гэта - дасканалы час, каб падзякаваць Творцу за дар нашага жыцця і за ўсе штодзённыя ласкі.Варта даверыць Найсвяцейшай Маці нашыя сем’і і асаблівым чынам – кожнае зачатае дзіця. Няхай Яна суправаджае людзей на ўсіх нашых шляхах і падтрымлівае ў кожным выпрабаванні.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  340

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.