ГРОДНА
Аўторак,
25 студзеня
2022 года
 

Непахісны святар - ксёндз Ежы Папялушка

Сябры Бога

6 чэрвеня б.г. на плошчы імя Ю. Пілсудскага ў Варшаве адбудзецца беатыфікацыя кс. Е. Папялушкі. Пра гэта 15 лютага б.г. праінфармаваў варшаўскі Мітрапаліт арцыбіскуп Казімір Ныч падчас спецыяльнай прэс-канферэнцыі.
Папскі пасол арцыбіскуп Анжэло Амата, прэфект Кангрэгацыі па Кананізацыйных справах будзе кіраваць урачыстасцямі. Першы публічны акт культу кс. Е. Папялушкі - працэсія з плошчы імя Пілсудскага ў святыню імя Божага Провіду ў варшаўскі мікрараён Віляноў, дзе будуць знаходзіцца рэліквіі гэтага святара. 19 кастрычніка – дзень яго мучаніцкай смерці будзе, хутчэй за ўсё, днём літургічных успамінаў. Пастулатар беатыфікацыйнага працэсу кс. Тамаш Качмарэк сказаў, што менавіта культ гэтага святара пачаўся незадоўга пасля яго смерці – у кастрычніку 1984 г. Ужо ў 1985 г. у дзяржаўны сакратарыят Апостальскай Сталіцы прыйшло 13940 просьбаў з 17 краінаў, каб беатыфікаваць кс. Папялушку. Паводле статыстыкі да магілы святара ля касцёла імя св. Станіслава Косткі прыехала 300 тысяч асобаў са 140 краінаў свету. У архіве парафіі захоўваюцца шматлікія сведчанні як вылячэнняў, так і многіх навяртанняў да Бога за пасрэдніцтвам кс. Е. Папялушкі. На працягу 6 гадоў у гэтай парафіі дзейнічае музей імя кс. Е. Папялушкі, які наведала амаль 400 тысяч чалавек.
Ксёндз Ежы Папялушка нарадзіўся ў 1947 г. у вёсцы Акопы на Беласточчыне. Ён быў капеланам людзей працы, аб’яднаных у прафсаюз “Салідарнасць.” Гэты святар быў многа разоў запалоханы тагачаснымі ўладамі Польшчы, а 19 кастрычніка 1984 г. ён быў арыштаваны афіцэрамі службы бяспекі з IV дэпартаменту Міністэрства унутраных справаў, які вёў барацьбу з каталіцкім Касцёлам. Пасля таго, як ксёндз быў жорстка пабіты, каты ўкінулі святара ў Віслу на плаціне каля г. Улацлавак.
    Людзі, якія ў 80-ыя гады падчас ваеннага становішча пацярпелі ад дзяржаўных рэпрэсій у Польшчы, маглі збірацца ў святынях. Гэта былі перш за ўсё набажэнствы рэлігійнага і малітоўнага характару. З цягам часу артысты з Варшавы пачалі далучаць да іх свае музычна-слоўныя спектаклі рэлігійнага і патрыятычнага зместу. Так было спачатку ў касцёле імя Святога Крыжа ў Варшаве, дзе тады вёў душпастырскую працу ксёндз Тадэвуш Вышынскі, цяперашні выкладчык ВДС у Гродне. Па просьбе нашай рэдакцыі ён згадзіўся вярнуцца ўспамінамі да падзей тых часоў і паспрабаваць ацаніць душпастырскую дзейнасць кс. Е. Папялушкі.
    Як успамінае кс. Тадэвуш, ініцыятыва арганізацыі такога роду набажэнстваў выйшла ад варшаўскіх акцёраў, прафесараў універсітэту і Акадэміі мастацтваў ў Варшаве. Ініцыятары і ксяндзы парафіі імя св. Крыжа вырашылі, што набажэнствы будуць ажыццяўляцца 13-га дня ў кожны месяц ці ў дзень увядзення ваеннага становішча ў Польшчы. 13 студзеня 1981 г. была цэлебравана першая св. Імша за Айчыну. Артыстычныя праграмы пасля св. Імшаў правяраліся, каб не было ў іх элементаў палітычнага характару. Студзеньская цэлебрацыя св. Імшы за Айчыну была так шырока прынята палякамі, што святыня на вуліцы Кракаўскае прадмесце перастала змяшчаць усіх вернікаў, якія супраціўляліся ўвядзенню ваеннага становішча і дзяржаўнаму уціску. Сярод удзельнікаў св. Імшаў была заўжды вялікая, добра арганізаваная і досыць радыкальная група людзей працы са сталеліцейнага завода “Huta Warszawa”, душпастырам якіх быў кс. Ежы Папялушка. Часта гутнікі не маглі ўвайсці ўнутр касцёла падчас св. Імшаў за Айчыну з-за таго, што ён быў перапоўнены, і іх не задавальняў памяркоўны ход св. Імшы. Канфлікт, які нарастаў, быў вырашаны на сустрэчы душпастыраў з касцёла імя Святога Крыжа з пробашчам парафіі імя св. Станіслава Косткі з Жалібожа (мікрараён Варшавы) кс. Генрыхам Багуцкім і з кс. Е.Папялушкам. Было вырашана, што працаўнікі “Huty Warszawa” будуць маліцца недалёка ад гэтага завода, г. зн. у парафіі імя св. Станіслава Косткі ў м-не Жалібож, дзе кс. Ежы быў душпастырам. Касцёльныя ўлады далі дазвол на гэта. Так коратка можна апісаць паходжанне вядомых у свеце св. Імшаў за Айчыну, якія ажыццяўляліся ў м-не Жалібож і пазней пайшлі сваім рэчышчам, маючы ўласныя тэмпы.
    Змест справаздачаў службы бяспекі Польшчы, якія былі апублікаваны ў некаторыях польскіх мас-медыях, не адпавядае праўдзе. У іх пісалі, што на амбоне кс. Ежы займаўся палітыкай і спрабаваў умешвацца ў справы польскага ўраду. Па меркаванню ксяндза-прафесара Тадэвуша Вышынскага, які кантактаваў з кс. Папялушкам і шмат ведаў пра яго дзейнасць як капелана “Салідарнасці”, гэты святар быў у пэўным значэнні гэтага слова душпастырам, які шчыра абараняў чалавечыя правы. У сваіх казаннях ён абмяжоўваўся абвяшчэннем прынцыпаў грамадскай навукі Касцёла, крыніцай чаго ёсць Евангелле і заклікаў, каб людзі прытрымліваліся гэтых прынцыпаў. Такая пастава мужнага святара прывяла да прызнання і ўдзячнасці людзей, якія найбольш пацярпелі ад гаспадарчага і маральнага крызісу, які паўстаў у Польшчы.
    Якасць душпастырскай дзейнасці кс. Папялушкі і яе дынамізм садзейнічалі таму, што ён не мог абмежавацца сваёй парафіяй у душпастырскай дзейнасці. З цягам часу яго запрашалі многія людзі са шматлікіх гарадоў Польшчы ў той складаны для гэтай краіны перыяд ваеннага становішча. Ксёндз Ежы змагаўся праўдай і дабром і толькі гэтай зброяй ён перамагаў ману і зло, згодна з біблейскім прынцыпам: зло трэба перамагаць дабром. Ён абвяшчаў Божае слова людзям працы, аб’яднаным у прафсаюз “Салідарнасць” і заклікаў іх змагацца за правы чалавека і працаўніка метадам перамогі зла дабром. Гэты евангелічны спосаб дзейнасці, яго вынікі і эфектыўнасць не знаходзілі зразумення і талерантнасці ў тагачаснай улады, таму ў акрэсленых асяроддзях нарадзілася ідэя ліквідаваць ксяндза Е. Папялушку. Ён не заклікаў бунтаваць, але прызываў да міру, супакойваў людзей, часта прадухіляў парушэнні парадку ў грамадстве і не заслугоўваў на такое абыходжанне. Гэты святар быў, ёсць і застанецца годны здзіўлення за тое, што змагаючыся за чалавечыя правы ў грамадстве, ён карыстаўся спосабам дзейнасці Хрыста і коштам жыцця, па ўзору Настаўніка, верна рэалізаваў сваё святарства.
    На думку прафесара Вышынскага вынясенне ксяндза Е. Папялушкі на алтары набудзе вялікае значэнне не толькі для Польшчы, але і для заходніх краінаў і перш за ўсё для Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, дзе яго добра ведаюць. У Беларусі кс. Папялушку добра знаюць як духоўную асобу, якая клапацілася пра грамадскую справядлівасць. У чэрвені б.г. падчас св. беатыфікацыйнай Імшы і тут некалькі тысяч вернікаў будуць маліцца за яго душу.
    Беатыфікацыя кс. Папялушкі нясе для Касцёла пасланне: абвяшчаць праўду і займацца грамадскімі справамі, якія даўно блізкі Касцёлу. Ксёндз Ежы мог пазбегнуць смерці, але ён меў такое адкрытае сэрца на патрэбы людзей і такую глыбокую веру, што не спалохаўся ганенняў. Такая смерць з любові да Хрыста і да людзей з’яўляецца найбольшым праяўленнем любові, за што гэтага святара паважаюць і будуць ушаноўваць некалькі тысяч вернікаў у многіх краінах свету.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  340

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.