ГРОДНА
Панядзелак,
15 красавіка
2024 года
 

Бог блізкі чалавеку

На шляху да святасці

Адзін з выдатных мысліцеляў XX ст. напісаў кнігу “Зацьменне Бога”. Яе аўтар задумваецца над сітуацыяй сучаснага чалавека і даходзіць да высновы, што сёння рэлігійнае жыццё многіх людзей падобна да сонечнага зацьмення. Падчас яго паміж сонцам і зямлёй знаходзіцца месяц і яго цень прыкрывае дзённае нябеснае свяціла, што можна назіраць у некаторых месцах зямнога шара. У тых мясцінах, дзе назіраецца такая з’ява, не відаць сонечных промняў і робіцца цёмна, не адчуваецца сонечнае цяпло, хоць сонца прадаўжае свяціць. Падчас сонечнага зацьмення людзі і жывёлы пагружаюцца ў змрок не таму, што няма сонца на небе, але таму, што яно было прыкрыта месяцам.
Такая з’ява добра ілюструе сітуацыю, у якую пападаюць многія сучаснікі ў духоўным плане. Яны жывуць так, як бы не было Бога, не кіруюцца Божым навучаннем, не радуюцца дарам Божай любові, хоць Творца, наш Айцец у небе, ёсць і чакае сваіх дзяцей. У наш час ёсць мноства прычынаў такога зацьмення Бога. І вось некаторыя з іх. Сёння многія людзі да такой ступені накіраваны на матэрыяльныя каштоўнасці, што забыліся пра Бога. Дастатак, любоў да выгодаў, назапашванне матэрыяльных дабротаў, клопат пра лепшае жыццё настолькі змаглі паглынуць чалавека, што ён забыўся пра Бога. Матэрыяльныя даброты – самі па сабе не нясуць зла, а іншы раз – неабходны, бо цяжка ўявіць сабе добрага бацьку сямейства, які не стараўся б забяспечыць матэрыяльны побыт для сваіх дамачадцаў. Аднак калі маральныя вартасці стануць чымсьці найважнейшым у чалавечым жыцці, адзіным, тады яны змогуць засланіць і маральныя каштоўнасці, і нават самога Бога. Тады ў нядзелю і святы базар замяняе святыню, тады не бярэцца ў разлік добрасумленнасць, але толькі - прыбытак. Такі чалавек падобны да грыбніка, які, збіраючы грыбы ў лесе, так загледзеўся ў зямлю пад ногі, што забыўся падняць вочы ўгару, каб убачыць, дзе ён знаходзіцца, і заблукаў. Хоць кошык грыбніка напоўнены ляснымі дарамі, але аматар “ціхага палявання” не ведае, дзе ён знаходзіцца. Праз некаторы час такая асоба пачынае страчваць сілы і яе не радуе ўжо больш кошык грыбоў, бо яна згубіла дарогу дадому.
У наш час тэхніка можа засланіць чалавеку Бога. Хоць яна паўстала ў выніку выканання Божага наказу: “Рабіце сабе падуладнай Зямлю” (Быц 1, 28), але сучасны чалавек лёгка забываецца пра тое, што ён не ўстанаўлівае законы прыроды, але толькі адкрывае іх, закладзеныя Тварцом прыроды. Людская істота адкрывае даследчым шляхам і прыстасоўвае дзеля ўласнага карыстання тое, што даў ёй Бог. Аднак часта ганарыстаму чалавеку здаецца, што гэта ён – творца і можа абысціся без Бога. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі Бертранд Руссель апісаў такую сітуацыю даволі трапна. Ён пісаў, што рыбакі, якія на парусных лодках выплывалі ў мора, былі пабожныя і маліліся перад лоўляй рыбы, аддаючы свой лёс у рукі Бога. А рыбакі, якія выплываюць маторнай лодкай, давяраюць металу, радыё, бензіну і могуць абысціся без Творцы. Тэхніка засланіла ім Бога. Аднак ці яна будзе дастатковай для чалавека? Людская істота, нягледзячы на тэхнічны прагрэс, праігрывае бітву як з магутнымі сіламі прыроды, такімі як розныя катаклізмы, так і з маленькімі нябачнымі вірусамі, якія выклікаюць хваробы, а іншы раз – і смерць.
    Фальшывае паняцце свабоды можа аддзяліць таксама чалавека ад Бога. Творца вельмі паважае чалавечую свабоду, але і адначасова Ён даў нам свае запаведзі для дабра самога чалавека, каб людское жыццё не стала падобным да існавання ў джунглях, дзе выжывае толькі мацнейшы. Таму Бог накладае на нас пэўныя абавязкі, забараняе адны дзеянні, а іншыя – дазваляе. Аднак гэта не заўжды падабаецца людзям, а асабліва тым, каму здаецца, што яны могуць быць вышэй, чым закон, ці самі сабе ўстанаўліваць законы для дзейнасці. Ёсць катэгорыя людзей, якія хочуць быць вызвалены ад прынцыпаў, бо ім здаецца, што ў адпаведнасці з рэкламамі заўжды можна быць маладым, прыгожым, багатым, нічым не абцяжараным. Хтосьці параўнаў такую сітуацыю, у якой апынуўся чалавек, да карабля без капітана, на якім камандуе карабельны повар. Людзей, якія плывуць на ім, ужо не цікавіць тое, у якім напрамку яны плывуць, але іх зацікаўлівае толькі тое, якія стравы будуць прыгатаваны на абед. Але ж вядома, што такая сітуацыя з караблём вядзе толькі да яго дрэйфавання і рана ці позна плаванне на ім павінна закончыцца катастрофай.
    Негатыўны вобраз Бога, рэлігійнае невуцтва могуць засланіць Творцу вельмі эфектыўным чынам. А калі ў чалавека няма правільнага паняцця пра Яго, то часта ён стварае сабе дэфармаваны вобраз Бога. Здараецца, што людзі, якія не чытаюць Святога Пісання, не сутыкаюцца з каталіцкім друкам, ім не расказалі пра Бога падчас катэхетычных заняткаў, падобны да маленькіх дзяцей. І калі спытаць такое дзіця: “Дзе ёсць Бог?”, то ён пакажа рукой угару і адкажа: “Там”. На жаль, веды пра Бога могуць затрымацца на такім узроўні дзіцяці. Аднойчы я размаўляў з дарослым чалавекам, які хваліўся сваімі дасягненнямі ў матэрыяльным плане. А калі размова закранула рэлігійныя тэмы, то гэты чалавек адказаў: “Я веру: ёсць штосьці на свеце”. Я спрабаваў дапытацца ў яго больш, але ўвесь дыяпазон яго рэлігійных ведаў на гэтым быў вычарпаны. Недахоп ведаў пра Бога вядзе да таго, што чалавек стварае сам сабе Яго вобраз не паводле таго, што Творца сказаў сам пра сябе, як гэта відаць са старонкаў Святога Пісання, але ў адпаведнасці са сваім уяўленнем. Тады паўстае памылковы вобраз Бога, які, як лічыць такі чалавек, можа і існуе, але – дзесьці далёка, па-за хмарамі, у космасе, а ў такім разуменні Бог – далёкі ад чалавека. Ён не мае ўплыву на людское жыццё, на чалавечыя ўчынкі. Людская істота пачынае жыць так, як бы наогул Бога не было. Безумоўна, калі такога чалавека сустрэне якое-небудзь няшчасце, то ён звяртаецца да Творцы з просьбай: “Калі Ты ёсць, то ратуй!” Але гэта - хутчэй за ўсё магічнае закляцце, чым сапраўдная малітва.
    Таму патрэбна адкрыць вобраз сапраўднага Бога, аб якім ідзе размова на старонках Божага слова, якое Ён сам накіроўвае да нас. Вельмі павучальная падзея адбылася ў жыцці св. Паўла. У Афінах ён знайшоў алтар з надпісам: “Невядомаму Богу”. Апостал народаў, жадаючы наблізіць афінянам Бога, якога яны не зналі, але хацелі яго ўшаноўваць, сказаў: “Ён - недалёка ад кожнага з нас. Бо ў Ім жывём, рухаемся ды існуём” (Дз 17, 27, 28). З гэтымі выказваннямі св. Паўла сугучны натхнёныя словы псальміста, які звяртаецца да Бога: “Божа! Ты выпрабаваў мяне і ведаеш, калі я сядаю і калі ўстаю. Здалёк Ты разумееш мае намеры. Ці я іду, ці адпачываю, Ты акружаеш мяне, і ўсе мае шляхі вядомы Табе” (Пс 139, 1, 2). Абодва гэтыя біблейскія тэксты гавораць нам пра тое, што Бог знаходзіцца блізка ля чалавека. Мы не бачым Яго, але Ён прысутнічае ля нас у кожную хвіліну. Бог - такі блізкі нам, як паветра, якое ж мы таксама не бачым, але ведаем, што без яго не змаглі б жыць нават адну хвіліну. Бог не з’яўляецца якой-небудзь безасабовай таямнічай сілай, як пра гэта гавораць прыхільнікі сучаснага неапаганства. Бог Бібліі – гэта жывая асоба, якая любіць чалавека. Пра гэта гаворыць Святое Пісанне і ўся гісторыя збавення. Гэтая думка сканцэнтравана ў словах Евангелля паводле св. Яна: “Бо так палюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не памёр, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16). Бог стварыў свет, чалавека і далей апякуецца людзьмі, турбуецца пра іх. Калі ў раі чалавек парушыў Божую забарону, то Бог не адрокся ад яго. Ён паслаў свайго Сына, які, будучы сапраўдным Богам, прыняў людское цела і стаў чалавекам. На працягу ўсяго Вялікага посту мы ўспамінаем пра вялікую Божую любоў, якая найбольш праявілася ў тым, што для нас Ён дазволіў сябе прыбіць да крыжа і памёр за нашыя грахі ў страшных муках. Хрыстус не аставіў нас пасля свайго ўнебаўшэсця. “І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння века” (Мц 28, 20) – так Ён абяцаў нам. Блізкасць Бога і яго любоў праяўляецца таксама ў тым, што Ён параіў нам звяртацца да Яго такімі словамі: “Ойча наш”.
    Калі я веру ў Бога Бібліі, блізкага і любячага, то ці будзе такі дзень, які я не пачну ад звароту да Бога малітвай “Ойча наш” і не папрашу ў Яго штодзённага хлеба. Ніколі невядома, што прынясе нам чарговы дзень, таму мы просім: “І не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога”. Калі я веру, што словы маёй малітвы не накіраваны ў паветра, але яе чуе прысутны ля мяне, хоць нябачны Айцец, то ці я не падзякую Яму вечарам за ўсё, што было добрага і не папрашу аб дальнейшым благаславенні, не папрашу прабачэння за тое, што было ў маім жыцці нядобрае? Калі я веру, што Бог знаходзіцца заўжды ля мяне, што Ён ведае нават мае думкі, то колькі ж ёсць такіх хвілінаў на працягу дня, калі я чакаю на штосьці, кудысьці іду, што-небудзь раблю, то я магу ж да Яго звярнуцца ў сваіх думках і ведаю, што гэта можа быць мая сардэчная размова, як дзіцяці з Айцом. У складаных сітуацыях замест таго, каб раздражняцца, я магу папрасіць Яго аб дапамозе. Бог знаходзіцца заўжды ля мяне, толькі я іншы раз пра гэта забываюся і тады страчваю многае. Мы ж не робім Богу ласкі, молячыся да Яго. Гэта чалавек атрымлівае ад Яго неабходныя нам ласкі, благаславенне, дапамогу.
    Вялікі пост – гэта час роздуму над сваім жыццём, пара перамены свайго лёсу ў лепшы бок. Можа варта задаць сабе пытанне: “Якая ёсць у мяне вера ў блізкага Бога, якога нішто не засланяе. Можа варта было б выйсці з якога-небудзь майго зацьмення Бога і нанова знайсці блізкага, любячага Айца і жыць у ззянні Яго навукі, у цяпле Яго любові?”

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
red
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  261

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.