ГРОДНА
Серада,
17 красавіка
2024 года
 

Знак нашага збаўлення

З жыцця Касцёла

Прадаўжаецца Вялікі пост. Гэта ёсць час роздуму над уласным жыццём, пара старанняў, каб унутрана перамяніцца ў лепшы бок і навярнуцца да Бога. Самае значнае заданне для кожнага хрысціяніна на Вялікі пост – паверыць у Божую любоў да кожнага грэшніка, гледзячы на крыж і на Цела Божага Сына на ім. “Але Ён быў прыбіты за нашыя грахі, забіты за нашыя віны” (Іс 53, 5). Таму мы не можам весці размову пра крыж і ўкрыжаванне Езуса, пісаць і разважаць пра гэта, як пра даўнюю старажытнюю гісторыю, бо яна - няспынна жывая і актуальная рэчаіснасць і найвышэйшая любоў. Вялікі пост павінен ажывіць гэтую праўду.
Са дня смерці Божага Сына на Галгоце крыж стаў сімвалам найвышэйшай любові і ахвяры. Таму яго размяшчаюць зверху святыняў і капліцаў, у дамах вернікаў, на дарогах і на раздарожжах, на літургічным адзенні, на грудзях хрысціянаў, якія ахінаюць сябе знакам крыжа, тым самым сведчачы аб веры ў сваё збавенне, дзякуючы Хрыстовай муцы, смерці, і просяць аб Божым благаславенні. Крыж стаў сімвалам цярпення і пакуты. Сам Хрыстус указаў нам на гэтае значэнне крыжа, калі сказаў: “Калі хто хоча ісці за Мной, хай зрачэцца самога сябе і возьме крыж свой і ідзе следам за Мной” (Мц 16, 24). Крыж напамінае, што смерць і цярпенне не з’яўляюцца заканчэннем чалавечага жыцця, бо другім яго бокам ёсць хвала Змёртвыхпаўстання, перамога над злом, новае жыццё.

“А мне не трэба хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз які для мяне свет укрыжаваны і я для свету”
(Ліст св. апостала Паўла да Галатаў 6, 14)
Знак крыжа
Для ўсіх вернікаў падставай ёсць знак, якому навучылі дома – знак крыжа – гэтая першая малітва да Бога. Гэта так, таму што знак крыжа – гэта заклік Божага імя, каб пачаць размову з Айцом, Сынам і Святым Духам ці ўвайсці з Богам у які-небудзь важны момант жыцця: пачаць ці закончыць дзень, адправіцца падарожнічаць, добра выканаць працу, бяспечна выйсці са складанай сітуацыі ці проста з’есці якую-небудзь страву. Малітва, апярэджаная гэтым знакам, дазваляе нам праслаўляць Збаўцу, які памёр на крыжы і такім чынам здзейсніў справу адкуплення. Бог заключыў Новы Саюз з выбраным народам, вызваленым з няволі граху, цераз кроў, якая была праліта на крыжы. Хрыстус, які аб’яўляе Айца і разам з Ім пасылае нам Святога Духа, праслаўляецца, ушаноўваецца і мы пакланяемся Езусу ў знаку крыжа. Кожны хрысціянін, молячыся з верай, публічна сведчыць аб Ім перад людзьмі і паказвае, што гэта Яго адзіны Бог. Калі нам штосьці ўдаецца зрабіць у жыцці, то мы жагнаемся, каб у малітве падзякаваць за гэта Богу. Позірк на гэты знак, як і дакрананне з верай да крыжа Хрыста ратуе чалавека ад смерці, а таго, хто верыць у Хрыста, вызваляе ад граху. Трэба дзякаваць Творцу за дар жыцця і за ўсё, што ёсць у ім добрае. У кожнага з нас ёсць магчымасць падзякаваць Богу, ахінаючы сябе знакам крыжа, таму што ўсё, што паходзіць ад Яго, - добрае і падпарадкавана надзеі збавення. Знак крыжа – выражэнне нашай малітвы, дазваляе нам даверыць Божай любові нашае бяссілле. Мы можам выпрошваць ласкі для сябе і для тых, каму яны неабходны, злучаючы нашыя малітвы з крыжам Хрыста і перш за ўсё ўдзельнічаючы ў Яго збавеннай справе.
Крыж – знак Божай любові
У хрысціянскую самасвядомасць глыбока ўпісаны крыж, які дазваляе іншым распазнаць, што мы – хрысціяне. Сёння мала хто карыстаецца такімі сімваламі ранняга хрысціянства як рыба, ягнятка, вінаградны куст. Крыж акрэслівае нашыя адносіны да Бога і моцна ўплывае на наш лад жыцця. На крыжы чалавек бачыць боль і любоў Хрыста, якую не можа зразумець абмежаваны людскі розум. Знак крыжа выражае стан духа таго, хто моліцца ці сведчыць пра сваю веру. Абодва гэтыя знакі сустракаюцца ў прасторы нашай веры і тут, з аднаго боку, так многа сілы і любові, а з другога – чалавечай слабасці і бездапаможнасці. А тое, што іх злучае, гэта Любоў, якая знішчае ўсякае зло. Надзея надае сэнс Божай ахвяры і чалавечаму ў ёй удзелу. І пасля Змёртвыхпаўстання крыж Езуса – не пусты, бо Яго кананне мы носім у нашым целе, а Ён не астаўляе нас сам-насам у нашым цярпенні. Крыж Хрыста – гэта знак любові Бога. Знак крыжа можа быць згодай чалавека на Божы план збаўлення. Хрыстус прымірыў людзей з Айцом сваёй смерцю на крыжы (вертыкальнае вымярэнне: прадаўгаватае бервяно крыжа) і паміж сабой (гарызантальнае вымярэнне: папярочнае бервяно крыжа). Крыж (у такім разуменні) паказвае таксама нам поўную таямніцу людскога цярпення, ілюструючы, як можа яна стаць найвышэйшым сведчаннем любові. Святы Павел піша ў сваім Лісце да Рымлянаў: “Бог жа паказвае сваю любоў да нас тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікамі, Хрыстос памёр за нас” (Рым 5, 8). Толькі тая асоба, якая сапраўды разумее значэнне крыжа і яго любіць, даказвае, што ў яе ёсць бязмежная любоў.
Прапаведванне крыжа ў сучаснасці
У адным са сваіх казанняў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падкрэсліваў, што хрысціянін мае падставы ганарыцца крыжам, жыццёвым вопытам, цярпеннямі, слабасцямі і ганеннямі, у якіх праяўляецца Божая магутнасць. Таму ён мае поўнае права паўтараць словы св. Паўла як свае ўласныя: “Таму найбольш ахвотна буду хваліцца сваімі немачамі, каб абжылася ўва мне магутнасць Хрыстова. З-за таго падабаюцца і мае немачы, знявагі, нястачы, пераследаванні і прыгнёты дзеля Хрыста: бо калі я слабы, тады я дужы” (2 Кар 12, 9 –10).
    Многія хрысціяне прымаюць з ахвотай Хрыста, але без крыжа, цярпення. Гэтая тэндэнцыя ідзе па свету, праходзіць праз Касцёл і сэрца кожнага верніка. Касцёл навучае нас, што няма Хрыста, хрысціянства, Евангелля без крыжа. Жыццё і вопыт вучаць яшчэ іншай, вельмі важнай справе. Сапраўднае хрысціянства мераецца мерай крыжа, здзяйсняецца на крыжы, у цярпенні. А чалавечнасць вымяраецца таксама мерай крыжа. Езус узяў крыж першы, памёр на ім для нашага збавення, заслужыў нам ласку. Дзякуючы гэтаму кожны з нас павінен мець сілу несці крыж. Наш крыж павінен быць адказам на крыж Езуса, на найбольшую любоў. Крыж можа несці той, хто адораны ласкай, збавеннем і Святым Духам. І пра гэта ніколі ніякі хрысціянін не павінен забываць. Заклік несці крыж трэба заўжды спалучаць з увядзеннем чалавека ў паўнату хрысціянства. Крыж можна зразумець толькі тады, калі чалавек жыве ў адзінстве з Хрыстом. Жыццё ахрышчанага нясе на сабе сімвал пасхальнай таямніцы: “штодзённа паміраем”, кожны дзень мы носім у сабе “кананне Хрыста”. Без штодзённай ахвяры, цярпення, самаахвяравання, дабравольнай строгасці можна выхаваць вялікае дзіця, але ніколі – сапраўднага чалавека і хрысціяніна. А каб жыць духам, трэба кожны дзень паміраць для цела – такая дыялектыка хрысціянскага жыцця.
    Крыж – гэта шлях, брама, якая вядзе да славы і Змёртвыхпаўстання. Так было для Езуса, так павінна застацца для нас, Яго вучняў. Вялікая пятніца – не апошняе слова Бога і гісторыі. Канчатковае слова – Вялікая нядзеля. Насілле і смерць – гэта не апошняе слова, але свабода і жыццё. Падрыхтавала Іаанна Немчыноўская

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  259

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.