ГРОДНА
Серада,
26 студзеня
2022 года
 

V нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св.Лукі
Натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, а Ён ста яў каля возера Генэзарэт. I ўбачыў Ён два чаўны, якія стаялі каля возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі. Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Тады Ён сеў і вучыў людзей з чаўна.
    А калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: “Плыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову”. Сымон сказаў Яму ў адказ: “Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі”. Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. I ківалі супольнікам, якія былі ў другім чаўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі тануць.
    Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: “Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны”. Бо з-за ўлову рыбы, якую злавілі, вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з Ім, а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона.
    Тады сказаў Езус Сымону: “ Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей”. А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

Лк 5 , 1-11

Хрыстус даверыў чалавеку
    Заўжды там, дзе знаходзіўся Езус, людзі мелі шанс удзельнічаць у нязвыклых падзеях. Хворыя, пакінутыя, адкінутыя іншымі, якія чакалі надзвычайнага ўмяшання Настаўніка ці хоць бы пачуць суцяшальныя словы навучанняў пра міласэрнага Бога, прыходзілі да Хрыста. Апрача іх, сярод слухачоў Езуса былі цікаўныя, якімі кіравала цікавасць. Яны хацелі быць удзельнікамі падзей, прычынай якіх быў Настаўнік з Назарэту. У выпадку Пятра і яго таварышаў было інакш. Гэта Езус іх знайшоў. Гэта Ён быў ініцыятарам сустрэчы з імі, якая аказалася такой плённай. Дзякуючы цудоўнай лоўлі рыбаў на Галілейскім возеры падчас зямнога жыцця Хрыста і па сённяшні час, Касцёл радуецца асобай Пятра і яго наступнікаў, якія моцна трымалі і далей упэўненай рукой трымаюць руль Хрыстовага Касцёла. Надзвычайным з’яўляецца факт, што місію прадаўжэння справы збавення Езус даверыў не святым людзям ці асобам з выдатнымі здольнасцямі, а менавіта рыбакам, якія ахвотна слухалі Яго словы. Пётр з таварышамі пачуў словы: “Паплыві на глыбіню ды закіньце сеткі вашыя на лоўлю” (Лк 5, 4). Рыбакі не спадзяваліся такога выніку тых некалькіх словаў і сваёй паслухмянасці. Іх ахапіў страх. Тады Пётр як адзін з першых людзей пачуў ад Божага Сына: “Не бойся!”(Лк 5, 10). Але і Езус не баяўся такога выбару! Хоць Ён, бачачы будучыню, ведаў, колькі працы ўкладзе ў навучанне і выхаванне апосталаў. І што найважнейшы з іх – Пётр адрачэцца ад Яго падчас самага цяжкага выпрабавання. Аднак Хрыстус рызыкнуў, даверыў чалавеку. Там, дзе Божыя планы сустракаюцца з чалавечым супрацоўніцтвам, там заўжды можна прыняць удзел у вялікіх падзеях.


Кс. Яраслаў Грынашкевіч

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  340

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.