ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

“Залежныя” ад Бога. Манастыр

На шляху да святасці

Ці манах – гэта ідэал чалавека? Ці Бог задумаў Адама як манаха?
   Гэтыя і падобныя пытанні могуць здавацца правакацыяй супраць манаства. У пэўным сэнсе так зразумелі мой папярэдні артыкул (у №19 за 2009 г. газеты “Слова Жыцця”) пра манаства некаторыя чытачы. Слушна было заўважана, што манaства ў хрысціянстве мае настолькі разнастайныя формы, якія, здаецца, несумяшчальны ў адной канфесіі. Узяць хаця б, для прыкладу, дзелавітых місіянераў, якія сканцэнтраваны на дапамозе чалавеку ў патрэбе, і “закрытых” манахаў, якія рэзка кантрастуюць з імі, пагружаных у святую абыякавасць да стварэння і сузіранне Бога. Парадоксы. Але гэтыя парадоксы толькі знешнія, павярхоўныя. Паглыбленне ж хрысціянскага разумення свету ставіць усё на свае месцы. Адсланяецца геніяльна просты сэнс.
Навошта Бог стварыў чалавека?
    Каб зразумець манаства, трэба вярнуцца ды глыбіннага сэнсу існавання чалавецтва. Навошта быў створаны чалавек? Каб пазнаць (адкрыць любоў) і палюбіць (адказаць на любоў) Бога. Проста. Бог – гэта “Мы” (Тры Асобы), чалавек – гэта таксама “мы” (людзі). Адносіны паміж асобамі па сутнасці зводзяцца да адносін любові (ў глыбінна асабовым разуменні). Каб любіць, трэба каб было “мы” (некалькі асобаў). “Люблю” – гэта “хачу”, а “хачу” магчыма толькі як акт свабоднай волі. Каб хацець, трэба мець да гэтага здольнасць (волю). Таму людзей трэба было стварыць вольнымі. Бо толькі тады яны змогуць рэалізаваць той першапачатковы Божы намер (раздзяліць Яго Любоў). Але свабода чалавечай волі можа быць выкарыстана і ў адваротным кірунку (“не хачу”). Гэта і ёсць грэх – чалавек адварочваецца ад рацыі (сэнсу) свайго існавання. Па сутнасці першародны грэх можна звесці да выразу: “Не хачу, як Бог, а хачу - інакш (як прапаноўвае сатана)”. Чалавек зрабіў свой, хоць і няправільны выбар, выкарыстаўшы здольнасць выбіраць (карыстацца свабодай волі). Бог не жадаў загнаць яго назад у Рай, бо няма любові пад прымусам, яна магчыма толькі як вольны акт асобы. Заставалася толькі чакаць, што чалавек адумаецца, і прыкласці ўсе намаганні, каб пераканаць у памылковасці грэшнага выбару, дапамагчы вярнуцца да Бога, які любіць.
Чаму людзі не хочуць Бога?
    Ап’янелы ад магчымасці пабыць богам (свабода волі), самому вырашаць: што добра і дрэнна, што сэнсоўна і правільна, чалавек забыўся, што свабода звязана нераздзельна з адказнасцю. Што пасеяў - тое і пажнеш. Быць богам – значыць быць самадастатковым, самазабяспечвацца, тварыць, кантраляваць працэсы. Уся гісторыя чалавецтва пасля першароднага граху – гэта жахлівая драма выжывання чалавека, які спрабуе даказаць Богу, што ён сам можа быць богам. Не трэба быць вялікім логікам ці прарокам, каб прыйсці да высновы: чым уся гэтая “гульня” скончыцца.
    Некаторыя людзі, зразумеўшы тупіковасць чалавечай гульні ў бога, але адначасова не жадаючы да Яго вяртацца, выбралі варыянт: “як - не па-мойму, то і не па-Твойму”. Гэта шлях стварэння, якое свядома патанае ў грахах, свядома асуджае сябе на пагібель. Нават цяжка сабе ўявіць глыбіню пакутаў Бога, на вачах якога свядома ідзе на пагібель душа, якая спяшаецца ўзненавідзець Таго, Каго яшчэ нават не пазнала.
Чаму людзі ўцякаюць ад Бога?
    Сярод чалавецтва, якое пакінула Бога, на працягу ўсёй гісторыі былі людзі, якія ўсведамлялі, што рацыя (сэнс) –важнейшы, чым сляпая свабода (воля). Людзі, у сэрцах якіх запальваўся агеньчык пошуку праўды, не маглі зносіць маразму чалавецтва, ашалелага ад свавольства. Што рабіць асобе, якая раптам пачала адкрываць рэальны расклад рэчаў у свеце? Працягваць рабіць выгляд, што ўсё - нармальна, калі ўсё - ненармальна? Рабіць выгляд можна перад кімсьці і толькі на нейкі час, але - не перад сабой і - не ўсё жыццё.
    Некаторыя з тых, хто можа пакуль інтуітыўна пачалі лавіць сэнс, спужаліся таго, наколькі радыкальна прыйдзецца змяніць жыццё, якое дагэтуль плыло па грахоўным рэчышчы пагібелі. Прыйдзецца пайсці супраць цячэння свавольнага і грэшнага чалавецтва, замест пошуку шчасця на гарызантальным (зямным) узроўні трэба пераключыцца на вертыкальны (нябесны). Належыць змяніць усе катэгорыі мышлення, шкалу каштоўнасцяў, жыццёвыя мэты, прыярытэты. Узнікаюць страх і сумненні. “Не спраўлюся. Заплюшчу вочы, можа атрымаецца заснуць, забыцца, адурманіцца асалодай свавольства і паплыць па цячэнні”. Жыццё такіх людзей ператвараецца ў пекла на зямлі. Яны, свядомыя бязглуздасці бязбожнага свету, не маюць адвагі даверыцца Любові Створцы, даверыцца Хрысту. Многія з іх пасля доўгага перыяду ўцёкаў ад Бога, ламаюцца ад бяссілля, няздольнасці больш уцякаць і толькі тады аддаюцца ў Яго рукі. Яны дрыжаць перад Богам, бо пазналі Праўду пра свет, але не пазналі Праўду пра Любоў Бога, уцелаўленую ў Хрысце.
Чаму ўзнікла манаства?
    Ёсць людзі, які адкрыліся на пазнанне не толькі праўды пра свет, але - і пра Бога. Яны так захапіліся Ім, звышнатуральнай сэнсоўнасцю і любоўю, што іх ужо нічым немагчыма было звабіць. Менавіта ў шэрагу першых хрысціянаў такія вернікі станавіліся манахамі. Яны так захапляліся любячым Богам, што былі гатовыя бегчы на край свету, толькі каб ім ніхто не перашкаджаў быць з Ім не пасля смерці, але ўжо тут, на зямлі. Многіх сучасных хрысціянаў здзіўляе тое, як гэтыя манахі ішлі ў пустыні, у горы, не дбалі пра свой выгляд. Яны былі настолькі захоплены Вечным, што не зважалі на часовае. Іх шлях, на жаль, не быў такі ідэальны. Уцёкі ад свету людзей не ратавалі іх ад скажонай грахамі ўласнай прыроды, што ўмела выкарыстоўвалі дэманы. Недасведчаны манах-пустэльнік мог прыняць дэмана за анёла святла. Таму пустэльнікі пачалі яднацца ў манаскія супольнасці, каб сумеснымі намаганнямі ўзаемна падтрымліваць адзін аднаго ў сузіранні Вечнай Любові Творцы і Збаўцы. З развіццём хрысціянства паўстала магчымасць арганізаваць жыццё такіх людзей. Так пачалі ўзнікаць першыя кляштары. Хрысціянскі люд пацягнуўся да манахаў у пошуках мудрасці, парадаў. Пад уплывам неабходнасці дапамогі вернікам адбылося натуральнае разгалінаванне манаства: на замкнёнае для свету, сканцэнтараванае толькі на адносінах з Богам, і на адкрытае на свет, скіраванае на дапамогу вернікам у іх хрысціянскім жыцці.
    З цягам часу крысталізацыя гэтых дзвюх форм манаства, а таксама некаторае іх змяшанне прывяло да сфарміравання трох (цяпер ужо прызнаных класічнымі) тыпаў манаства: 1) кантэпляцыйнае (contemplatio – сузіранне Бога), г.зн. сканцэнтраванае на кантакце з Богам, 2) дзейна-кантэмпляцыйнае – скіраванае і на кантакт з Богам, і на дапамогу вернікам, 3) дзейнае – скіраванае на дапамогу вернікам. Усе гэтыя тры формы манаства знайшлі сваё адлюстраванне ў існаванні вялікай колькасці манаскіх ордэнаў і супольнасцяў, якія ведае гісторыя і сучаснасць хрысціянства. Але незалежна ад формы сутнасць застаецца тая самая: паглыбленне пазнання і яднання з Богам, які адкрывае гарызонты дапамогі бліжняму.
Ці манаства – гэта ўцёк ад складанай рэальнасці?
    Тут мы падыходзім да сутнасці пытання аб манастве, якое ў вачах секулярызаванага (бездухоўнага) чалавека можа падавацца як уцёк няўдачніка ад няпростай рэальнасці жыцця. Адказ просты. Манаства – гэта не ўцёк, але пераскок асобы ад формы жыцця ў грэшным свеце да нейкай (наколькі гэта магчыма ў зямным вымярэнні) формы вяртання чалавека да Бога. Таму манах не ўцякае, але мяняе стыль жыцця з гарызантальнай шкалы каштоўнасцяў (зямля – зямля) на вертыкальную (зямля –неба). Але гэта яшчэ далёка да ідэалу (неба – неба). Таму Бог не задумаў Адама як манаха. Манаства – гэта радыкальная спроба чалавека вярнуцца да Бога тут і цяпер. І праўда заключаецца ў тым, што гэтая спроба не была б магчымай ці ўдалай без цеснага кантакту чалавека з Асобамі Бога.
    На фоне гэтых разважанняў, я думаю, становіцца зразумелым, што неўратычная асоба (не згодная, застрашаная пагрозамі рэальнага свету) не зможа схавацца ад сваіх страхаў у манастыры. Нават, калі прыйдзе ў кляштар чалавек, які не шукае Бога, але ўцякае ад сябе, то там ён доўга не затрымаецца. Бегчы ад рэальнасці чалавек можа толькі ў свет мрояў, фантазій. Хрысціянства як шлях інтэнсіўнага вяртання стварэння да Творцы, цягне чалавечую асобу на глыбіні рэалізму. І драматычны парадокс сучаснасці заключаецца ў тым, што манах (нібы ўцякаючы ад “воўчага” свету) жыве больш рэаліямі жыцця, чым скептычны меркантыліст, якому здаецца, што ён жыве ў рэальным свеце.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.