ГРОДНА
Аўторак,
15 ліпеня
2025 года
 

Пасланне Бэнэдыкта XVI да каталіцкіх біскупаў Беларусі

Пастырскае Слова

Найдастойнейшыя браты, ізноў дзякуючы Вам, я заклікаю Божую Маці, якую так любяць на вашай зямлі, каб Яна падтрымлівала, накіроўвала, абараняла Вас. З такімі пажаданнямі і з асабліваю любоўю ўдзяляю вам, святарам, манахам і сёстрам, а таксама ўсім вернікам спецыяльнае апостальскае благаслаўленне і запэўніваю ў маёй малітве за ўвесь беларускі народ.
Дастойны ксёндз кардынал, шаноўныя браты!
Я вельмі рады вітаць кожнага з вас у доме Наступніка апостала Пятра, якому Хрыстус даручыў заданне пасвіць свой статак (пар. Ян 21, 15–19), умацоўваць братоў у веры (пар. Лк 22, 32), зберагаць і развіваць касцёльнае адзінства (пар. Lumen gentium 22). Дзякую біскупу Аляксандру Кашкевічу за прамову, у якой ён распавёў пра шлях Касцёла ў Беларусі, выявіўшы таксама выклікі, што яго чакаюць наперадзе.
У сустрэчах, якія я меў з вамі, я высока ацаніў пастырскую руплівасць, з якою вы выконваеце вашае служэнне, вашыя імкненні і намаганні, скіраваныя на ўсё большае паглыбленне сярод вас супольнай адказнасці, еднасці і сумеснага прыняцця рашэнняў, каб вашае служэнне станавілася ўсё больш плённым. Сапраўды, надзвычай важна з адноўленым запалам і з новымі сіламі абвяшчаць непрамінальнае Евангельскае пасланне ў грамадстве, безабаронным перад пагрозамі секулярызацыі, геданізму і рэлятывізму, што знаходзяць выяўленне ў праблемах спаду нараджальнасці, нетрываласці сем’яў і ілюзіях аб здабыцці багацця па-за межамі сваёй краіны. Перад абліччам гэтых выклікаў неадкладнае заданне пастыраў у тым, каб паказваць сілу веры — веры, укаранёнай у трывалай традыцыі, каб гэта паспрыяла захаванню глыбокай хрысціянскай тоеснасці народа, у поўным павагі дыялогу з іншымі культурамі і рэлігіямі. Каб дасягнуць гэтай мэты, вам неабходна, успрымаючы як заклік словы Псальма: «як добра і як прыемна, калі браты жывуць разам» (пар. Пс 133 (132), 1), прыкладаць вялікія намаганні дзеля стварэння праграмаў і павышэння эфектыўнасці ўсё больш адпаведных душпастырскіх захадаў, а таксама дзеля рэалізацыі рашэнняў Канферэнцыі Біскупаў. Такое адноўленае сведчанне адзінства будзе карысным не толькі для абвяшчэння Евангелля, але таксама паспрыяе наладжванню адносінаў з дзяржаўнымі ўладамі і асабліва развіццю экуменічных кантактаў.
    Іншы аспект, які я жадаю падкрэсліць, гэта спецыяльная ўвага, якую неабходна надаць адукацыйнаму вымярэнню пастырскай дзейнасці. Як я неаднаразова падкрэсліваў, сёння мы перажываем своеасаблівае «надзвычайнае становішча» ў гэтым далікатным і асноватворным сектары, і неабходна прыкласці больш намаганняў, каб даць належную фармацыю перадусім новым пакаленням. Таму я заахвочваю вас працягваць вашую працу, клапоцячыся пра тое, каб адпаведная катэхізацыя паказвала шлях веры на ўсіх этапах жыцця, і каб пры гэтым былі спрыяльныя нагоды intra et extra Ecclesiam (унутрыкасцёльныя і пазакасцёльныя), каб пад вашым кіраўніцтвам пасланне Хрыста даносілася да ўсіх асяроддзяў паствы, вам даручанай. Асаблівае значэнне набывае занепакоенасць тым, што датычыцца распазнання розных пакліканняў і клопату пра іх развіццё, асабліва пра святарскія і законныя пакліканні, а таксама намаганні, скіраваныя на эфектыўную рэалізацыю праграмаў, прызначаных для чалавечага і хрысціянскага развіцця моладзі. У сувязі з гэтым я заклікаю вас уважліва сачыць за тым, каб кандыдаты ў святары атрымлівалі грунтоўную і дакладную духоўную і тэалагічную фармацыю і мелі неабходнае кіраўніцтва ў сур’ёзнай і глыбокай праверцы Божага паклікання. Сітуацыя, якая сёння склалася ў нашым грамадстве, патрабуе асабліва пільнага распазнання паклікання. Такім чынам, для будучыні вашага Касцёла вельмі важна, каб у Гродне і Пінску і надалей маладыя семінарысты мелі магчымасць праходзіць поўны і кваліфікаваны фармацыйны шлях, а тое, што ў абедзвюх установах поруч ідуць да святарства кандыдаты як у дыяцэзіяльнае, так і ў законнае духавенства, з’яўляецца каштоўнаю нагодаю для развіцця супольнай пастырскай дзейнасці. Гэта будзе прыносіць усё больш шматабяцальны плён, калі прапанаваная адукацыйная праграма і надалей будзе вынікам інтэнсіўнага супрацоўніцтва паміж біскупам і настаяцелямі законных супольнасцяў і дасць магчымасць ажыццяўляць таксама ініцыятывы бесперапыннай фармацыі. Будзьце заўсёды блізкімі да сваіх святароў, атуляйце іх штораз большым клопатам, асабліва тых, якія толькі пачынаюць пастырскае служэнне. Праявы айцоўскай увагі і сардэчнасці біскупа з’яўляюцца асноўным элементам дасягнення поспеху ў святарскім жыцці! Акрамя таго, трэба заўсёды мець на ўвазе, што вас як пастыраў Касцёла Пан Бог заклікае ўмець распазнаваць кожнае канструктыўнае для будаўніцтва цела Касцёла служэнне, у тым ліку свецкага, культурнага і грамадскага характару, каб усе маглі зрабіць свой унёсак у пашырэнне Божага Валадарства ў Беларусі ў духу сапраўднага і дзейснага адзінства, вяртаючы ў жыццё тыя хрысціянскія каштоўнасці, што адыгралі вызначальную ролю ў будаўніцтве еўрапейскай цывілізацыі.
   Дарагія браты, старайцеся не пакідаць без увагі ніводнага ўнёску, карыснага для абвяшчэння і пашырэння Божага Валадарства, канкрэтнымі справамі даючы сведчанне братэрства, якое нараджае супакой; лагоднасці, якая з’яўляецца спадарожніцай справядлівасці; духу еднасці, які пазбягае праяваў эгаізму; любові, якая доўгацярплівая, ласкавая; не зайздросціць, не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай, усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць дзеля любові Хрыста (пар. 1 Кар 13, 4-7). У гэтым кантэксце таксама немагчыма абысціся без братняга супрацоўніцтва з Праваслаўнаю Царквою ў Беларусі, пастыры якой падзяляюць ваш клопат і разам з вамі шукаюць дабра для вернікаў. Праваслаўныя Цэрквы, таксама як і Каталіцкі Касцёл, грунтоўна разважаюць над тым, якім чынам адказваць на выклікі нашага часу, каб верна перадаваць пасланне Хрыста. Прымаючы заахвочванне, якое было выказана падчас нядаўняй каталіцка-праваслаўнай сустрэчы на Кіпры, трэба прыкласці яшчэ больш намаганняў на супольным шляху ў гэтым кірунку. Значны ўнёсак у гэтую справу можа ўнесці невялікая, але руплівая Грэка-каталіцкая супольнасць вашай краіны. Яна з’яўляецца важным сведчаннем для Касцёла і Божым дарам.
   Некалькі месяцаў таму я прыняў спадара Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Падчас сустрэчы, якая прайшла ў атмасферы цеплыні і ўзаемнай павагі, было зноў пацверджана жаданне абодвух бакоў заключыць Пагадненне, якое цяпер распрацоўваецца. Акрамя таго, я падкрэсліў асаблівую ўвагу, з якою Апостальская Сталіца, таксама як і Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, сочаць за бягучымі падзеямі ў краіне, і намаганні дзеля плённага супрацоўніцтва ў пытаннях, якія ўяўляюць агульны інтарэс, з мэтаю спрыяць дабру грамадзянаў, з павагаю да сфераў кампетэнцыі кожнага.

Ватыкан, 17 снежня 2009 года
Пераклад паводле Catholic.by

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.