ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Божае Нараджэнне – свята Любові

З жыцця Касцёла

“Ціхая ноч, святая ноч Любоў нясе людзям усім” – так можна дазволіць сабе змяніць тэкст вядомай каляднай песні. Гэта цалкам адлюстроўвае атмасферу Божага Нараджэння, нашыя пачуцці і дасць нам падставу да роздуму над значэннем гэтага свята.
Не толькі каляровыя цацкі з бліскоткамі
Нягледзячы на тое, што прылаўкі ў магазінах ужо з пачатку лістапада былі аздоблены па-святочнаму, нягледзячы на тое, што тэлерэкламы заахвочваюць нас купляць падарункі пад ёлку, то і так толькі ў гэтыя дні нам дадзена магчымасць адчуць поўнасцю святы Божага Нараджэння. Нельга пазбегнуць камерцыйнага боку святаў і цяжка гэта асуджаць. Чалавек, які тужыць па святочнай атмасферы, хоча яе наблізіць у тых месцах, дзе праводзіць шмат часу: у школе, на працы ці ў згаданых крамах, робячы перадсвяточныя пакупкі ці нават у рэкламах - усюды можна адчуць атмасферу Божага Нараджэння. Аднак звядзенне святаў толькі да гэтага іх моцна збядняе. А такая сітуацыя склалася ў многіх краінах Заходняй Еўропы і ў ЗША. Тут адзначаюць “Christmas”, але так мала гаворыцца пра Езуса, а таму гэтыя святы існуюць там для саміх святаў. А каб не дапусціць звесці Божае Нараджэнне толькі да ёлкі, падарункаў і святочных звычаяў, то варта задаць сабе некалькі пытанняў: “Для чаго Езус Хрыстус прыйшоў на зямлю?”, “Чаму Ён прыняў постаць малога, нявіннага дзіцяткі?”, “Чаму вучыць пастава Езуса, які адказваецца ад радасці Неба, каб быць “Богам з намі”?
Гэта - менавіта Любоў
Згодна з тэалагічным навучаннем Божы Сын – Другая Асоба Святой Тройцы – існаваў ужо, перш чым паўстаў свет. У пэўны момант чалавечай гісторыі Божы Сын стаў Чалавекам, Дзіцяткам ва ўлонні Марыі. Ён нарадзіўся ў гроце скалы, сярод жывёлаў, адчуваючы разам з Марыяй і Юзафам ўсе нязручнасці гэтай мясціны. Ён нарадзіўся, каб стаць укрыжаваным за нашыя грахі. Напрошваецца вывад: Бог вырашыў з-за сваёй любові да людзей, што Яго Сын павінен адказацца ад свайго вечнага шчасця ў небе і, прымаючы цялесную постаць, сваім цярпеннем збавіць чалавецтва. Лёс здзейсніўся, а Хрыстус зразумеў сваё прызначэнне. Чаму нас вучыць Езус такой паставай? Вялікай Любові! Якія ж вялікія фізічныя і псіхічныя цярпенні перажываў Езус у імя Божай Любові да чалавека! На якія ж фізічныя ці псіхічныя цярпенні, а часам і тыя і другія вырашаюцца некаторыя з нас у імя любові да ўласнага дзіцяці, бацькоў ці вельмі блізкай асобы! Менавіта на гэтым грунтуецца любоў. Гэта ёсць перш за ўсё ўменне адказацца ад уласнага шчасця і выгады ў імя інашага чалавека. Гэта ёсць уменне быць з іншым чалавекам і для інашага чалавека, хоць бы каштавала гэта многае... Ёсць толькі адна ўмова, каб гэта адбылося: Хрыстус павінен нарадзіцца ў нашых сэрцах. Божае Нараджэнне з’яўляецца заахвочваннем да таго, каб Божы Сын стаў Чалавекам у нас саміх, каб чалавек станавіўся ўсё больш падобным да Бога ў сваёй чалавечнасці. Тады такая асоба становіцца здольна да самаахвяравання і ахвярнай любові. Такая любоў будзе для яго крыніцай найвышэйшага шчасця і радасці. Менавіта таму Божае Нараджэнне – гэта свята Радасці і Любові. У кожным, хто дазволіць Езусу нарадзіцца ў сваім сэрцы, абуджаецца супакой, прабачэнне, маўчанне, пакора і радасць. Ён атрымлівае таксама новы запал да працы над сабой і да сілы даваць любоў.
Сапраўдны Бог - сапраўдны чалавек
   Мы прызвычаіліся да гэтай праўды, што Бог нарадзіўся для нас, што Слова стала целам. На жаль, цяпер гэтая праўда не робіць на многіх людзей ніякага ўражання. У свеце агрэсіі і халодных разлікаў людзі праходзяць ля яе раўнадушна. Але ж варта паспрабаваць прачытаць прысутнасць Хрыста сярод нас, а дзякуючы таму, што акружае нас добрага, пастарацца знайсці веру ў праўду, што Бог нарадзіўся, ёсць і будзе з намі. Падзея, якая адбылася ў Бэтлееме, на самай справе нясе людзям радасць. Яна павінна аднавіць у нас ізноў надзею, бо Божае Дзіця нарадзілася. Гэта – цудоўная праўда нашай веры. Яна гаворыць пра выкананне Божага абяцання, якое прадказвала прыход Месіі – Збавіцеля, які дае чалавеку свабоду; Месіі, які вярнуў чалавеку страчаную годнасць і адарыў яго сваёй Любоўю.
    Важна ўсвядоміць сабе на святы Божага Нараджэння, што Божы Сын быў абяцаным Месіем. Ён павінен быў прыйсці на зямлю. Гэты прыход мог мець розную постаць. Хрыстус мог аб’явіцца ў адзін момант усяго свету. Ён прыняў людское цела ва ўлонні Найсвяцейшай Панны Марыі. Часам і сёння мы сустракаемся з поглядамі, што Хрыстус паводзіў сябе дасканалым чынам, бо Ён быў Богам, а паколькі я – звыклы чалавек, то напэўна, не ўдасца мне Яго пераняць. Хрыстус быў цалкам чалавекам. Як кожнае дзіця Ён плакаў, быў галодны. Напэўна, Ён нармальна забаўляўся з сябрамі і дапамагаў Юзафу. Праўда пра Езуса Хрыста адлюстроўваецца ў навуцы пра тое, што ён меў дзве прыроды: Божую і людскую, але быў адной Боска-людскай асобай. З гэтай навукі выплывае выснова, што кожны з нас як чалавек, дзякуючы веры ці асабістай сувязі з Хрыстом, можа “дарастаць” да ідэалу самога Бога. Езус стаў чалавекам, каб паказаць, што людская істота можа стаць падобнай да Бога. Яна можа ўсё больш станавіцца Любоўю, школай якой ёсць Божае Нараджэнне...

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.