ГРОДНА
Панядзелак,
07 кастрычніка
2024 года
 

ІV Нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.
    Калі Альжбета пачула прывітанне Марыi, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. I ўсклікнула моцным голасам, і сказала: “Благаславёная Ты між жанчынамі, і благаславёны плод улоння Твайго! I адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. I шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам”.

Лк 1 , 39-45

На сустрэчу - з радаснай паспешнасцю
    Каб зразумець, што адбылося ў доме Альжбеты, трэба прыгледзецца ўважліва да акалічнасцяў візіту Марыі ў дом Захарыя і Альжбеты, у горы, у горад Юды (пар. Лк 1, 39), што атаясамліваецца з Аім-Карынам. Вось анёл Габрыэль перадаў Марыі вестку пра благаславенны стан Яе сваячкі Альжбеты, якая “пачала дзіця ў старасці сваёй, і ўжо шосты месяц у той, якую завуць няплоднай” (Лк 1,36). Таму Марыя ідзе да яе з паспешнасцю, каб ёй дапамагчы. Нельга выключыць яшчэ аднаго важнага матыву: Марыя хоча асабіста ўдзельнічаць у абяцанні анёла, на ўласныя вочы ўбачыць Альжбету, якая чакае нараджэння дзіцяткі. “Марыя, устаўшы, пайшла паспешліва ў горы, у горад Юды” (Лк 1, 39) – гэтая падрабязнасць як бы выключала ўсе сумненні. У яе рашэнні і ў самым падарожжы не было ваганняў: ці варта, а можа лепш пачакаць, каб не ісці дарэмна… Так праяўляюцца паводзіны людзей веры, якія не хочуць траціць часу. Яны кіруюцца ў жыцці перакананнем, што Божае слова мае моц здзяйсняцца: калі Бог так сказаў, то так і ёсць на самай справе. Так павінна быць! Усякія падстрахоўкі, такія папулярныя сёння, павінны быць выключаны, бо ў канчатковым выніку можна апынуцца ў “пастцы” тыпу: “Богу – свечка, а чорту – яе агарак”.

    Застаецца падумаць над другой акалічнасцю сустрэчы Марыі з Альжбетай: радасць абедзвюх жанчынаў, якая дасягнула, нават, немаўляткі ў матчыным улонні: “зварухнулася дзіцятка ва ўлонні маім” (Лк 1, 41) – з падзякай выкрыкне Альжбета. Марыя адкажа ёй гімнам дзеля ўшанавання Бога: “Узвялічвае душа Мая Госпада, і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збаўцы Маім” (Лк 1, 46 – 47).
    Мы чакаем Божага Нараджэння – перыяд радасці з-за прыходу Божага Сына на зямлю. Варта задаць сабе пытанне пра “якасць” нашага чакання. Ці выпадкова залішнія дробязі не замаруджваюць нам шлях, які вядзе да сустрэчы з выкананнем Божых абяцанняў? Ці са сваімі сумненнямі я не знаходжуся далей да Божай міласэрнасці?..
    А гэтая радасць - такая характэрная для людзей веры? Ці дзе-небудзь яна не ляжыць пад тоўстым слоем штодзённай бегатні? Мы знойдзем яе, калі толькі вырушым, каб сустрэцца з людзьмі, якія падзяляюць разам з намі гэтыя ж самыя надзеі, звязаныя з Богам. Ён ніколі не падвядзе! Творца стрымлівае слова, дадзенае Ім чалавеку. Мы можам гэта праверыць падчас сустрэчаў, аналагічных той у доме Захарыя і Альжбеты. Не трацьце ж часу! Вігілійны вечар – ужо блізка…

Кс. Яраслаў Грынашкевіч

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  86

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.