ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Скарб Мінулага і рэчаіснасці

Парафіі і святыні

Алтар св. Францішка Ксаверыя ў гродзенскай катэдры
Успамінае пра мінулае толькі той, у каго ёсць уласная гісторыя. Больш таго, гэтая гісторыя павінна ўзбагачаць чалавека і быць пазітыўнай, а ў дадатак – актыўным чынам звязвацца з сённяшнім днём. Успамін пра пазітыўныя падзеі ўласнай гісторыі мае сваю працяглую традыцыю ў духоўным плане. Успаміны з’яўляюцца багаццем чалавека і грамадства, у якім жыве чалавек. У сённяшнім нумары нашай газеты мы прыгадаем пра святы: гадавіну асвячэння катэдральнай базылікі ў Гродне, (яе асвяцілі 5 снежня 1705 года) і пра 3 снежня – успамін пра яе заступніка св. Францішка Ксаверыя.
Гэтая святыня паўстала ў 1678 – 1705 г.г., калі ў Гродне працавалі езуіты. Варта зазначыць, што Езусовае таварыства пачало існаваць згодна з патрабаваннямі часу. У адпаведную пару Бог абуджаў у нашай гісторыі індывідуальнасці, якіх мы можам акрэсліць як нашых правадыроў і настаўнікаў. Адным з іх быў выдатны езуіт св. Францішак Ксаверый. Спачатку ён праславіўся як місіянер у Індыі. Там гэты манах развіў місіянерскую дзейнасць, навяртаючы на каталіцкую веру тысячы людзей. Яго нага, як першага місіянера з Еўропы, ступіла на японскую зямлю.Таму св. Францішак быў абвешчаны галоўным заступнікам каталіцкіх місій. Ён стаў таксама апекуном цяперашняй гродзенскай катэдры – сэрца нашай дыяцэзіі. Паглыбляючыся ў яе багатую гісторыю варта ўспомніць, што першая св. Імша была цэлебравана ў 1700 годзе ў касцёле, які яшчэ будаваўся. 5 снежня 1705 г. хэлмінскі біскуп Тэадор Патоцкі ажыццявіў кансэкрацыю святыні. Ва ўрачыстасці прыняў удзел кароль Аўгуст II і цар Пётр I.
Святыня, а з ёй і вернікі перажылі нялёгкія часы, калі на працягу 30 гадоў заставаліся без пастаяннага святара. У гэты перыяд людзі збіраліся ў касцёле кожную нядзелю. Яны ставілі на алтар келіх, імшал, клалі арнат, запальвалі свечкі і пачыналі набажэнства без ксяндза. Яны чыталі Святое Пісанне, спявалі песні, хадзілі ў працэсіі. Божы Провід здзейсніў так, што менавіта ў 1988 г. ізноў пачалося адраджэнне як парафіі, так і культу цудоўнага абразу Кангрэгацкай Божай Маці, які знаходзіцца ў касцёле. У 1988 г. кс. Тадэвуш Кандрусевіч, цяперашні мінска-магілёўскі Мітрапаліт стаў пробашчам парафіі. Менавіта 3 снежня 2009 г. у дзень успаміну пра св. Францішка Ксаверыя ён ажыццявіў Эўхарыстыю ў катэдральнай базыліцы ў Гродне. Сотні людзей і дзяцей сабраліся там вечарам, каб разам з арцыпастырам адчуць дух Адвэнту, дух радасці і чакання прыходу Збавіцеля, каб павіншаваць арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 20-ці годдзем атрымання ім біскупскай сакры і пажадаць яму ўсяго самага найлепшага. Мітрапаліт, дзякуючы за сардэчныя словы ўдзячнасці вернікаў за гэтыя гады душпастырскай паслугі, звярнуўся да ўсіх сабраных, каб яны не забыліся пра гады сумеснага будаўніцтва Касцёла на Гродзеншчыне, каб заставаліся верныя Богу і прынялі Яго як свайго Творцу і Пана, а ў сваім жыцці былі верныя крэду: “Хто ж, як Бог”.
    Цяпер меншая базыліка ў Гродне, а гэты статус надаў святыні Ян Павел II 15 снежня 1990 г., чакае заканчэння апошняга этапу абнаўлення галоўнага алтара. Хоць пажар у ліпені 2006 г. прынёс непапраўныя страты, але спецыялісты з Польшчы і Беларусі прыкладваюць усе намаганні, каб святыні было вернута яе ранейшае хараство. Адрэстаўраваную верхнюю частку галоўнага алтара можна будзе ўбачыць ужо на святы Божага Нараджэння.Спецыялісты сцвярджаюць, што пройдзе яшчэ больш чым паўгода, перш чым інтэр’ер касцёла прыме свой даўнейшы выгляд. Але для вернікаў знешні выгляд не такі важны. Я сказала б, што іх прыцягвае неадольная сіла духа веры, якой прасякнуты муры гэтага касцёла, яе алтары, незлічоныя фігуры і абразы святых – гэта адна з таямніцаў дадзенай святыні. А калі важкі голас святара закліча вернікаў праслаўляць Пана, то затрымцяць сэрцы і старэйшых, і малодшых і паўстае адна вялікая жывая супольнасць вернікаў. Хрысціянскі свет адчувае гэтую супольнасць і адзінства асабліва падчас Адвэнту, паколькі яго дух з’яўляецца духам надзеі і радаснага чакання. Таму няхай западуць у сэрцы вернікаў словы Яна Паўла II: “Памятайце пра тое, каб Адвэнт і ўвесь год былі часам плённага пошуку Хрыста ў літургіі, у малітве, у Божым слове, у сакрамэнтах, у штодзённым жыцці і ў іншым чалавеку. Не бойцеся Хрыста, не палохайцеся адкрыць яму “дзверы” вашых сэрцаў. Усвядомце сабе, што гэта ёсць час нашага асабістага адвэнту. Здолейце суцішыцца, увайсці ў сябе і прыняць мудрыя, згодныя з Божай воляй, рашэнні”.
    Ніколі не забывайце пра дарогі, якія вядуць да нашай гродзенскай катэдры. Яна кліча нас пры ўваходзе надпісам: “Sursum Corda” (“Угару - сэрцы”). Там – наступнікі: Пётр, Ян, Якуб. Там чакае нас Хрыстус у сваіх сакрамэнтах, асабліва ва Эўхарыстыі. Ён чакае нас са сваім Евангеллем, а благаславёны будзе той, хто слухае Божае слова і зберагае яго ў сваім сэрцы. Там у сакрамэнтах сам Езус дапамагае нам на шляху да святасці. Там чакае нас Кангрэгацкая Божая Маці, каб выпрасіць у свайго Сына новы цуд – цуд духоўнага адраджэння. Яна чакае, каб мы з Яе дапамогай маглі, як заклікаў Бэнэдыкт XVI, адкрыць свае сэрцы для Хрыста, бо Ён не забірае нічога, а толькі дае.

Прывітальнае слова арцыбіскупа Тадэвуша Kандрусевіча
падчас урачыстай св. Імшы 3 снежня б.г. у гродзенскай базыліцы
   Гэтая святыня – вельмі блізкая мне. Я цаню гэта асабліва, калі з пачатку майго біскупства ёй быў дадзены тытул меншай базылікі. Я дзякую тут і цяпер за 20 гадоў маёй біскупскай паслугі, якая пачалася менавіта ў гэтай гродзенскай катэдры, тады яшчэ ў Фарным касцёле. Гэтая святыня была вядома ўжо тады не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і далёка за яе межамі. Гэты касцёл пратрымаўся, дзякуючы сотням вернікаў, якія абаранялі яго і маліліся за хутчэйшыя перамены ў лепшы бок. Я прыйшоў да вас працаваць пробашчам пасля таго, як 30 гадоў не было тут святара. Я бачыў радасць у вачах вернікаў, а маё сэрца загарэлася жаданнем: зрабіць усё, каб вернікі былі бліжэй Бога. Потым мой лёс пакаціўся інакш, таму што рашэннем Божага слугі Яна Паўла II я стаў арцыбіскупам. Сёння вашая святыня – іншая, прыгажэйшая, а вашая вера – мацнейшая. Цяпер я хачу падзякаваць Богу за мой дар святарства і 20 гадоў біскупскай паслугі. Я ведаю добра, што вы падтрымлівалі мяне заўжды сваімі малітвамі. У гэты дзень мы просім Бога, каб усе мы ішлі шляхам часу ўзмацнення верай, надзеяй і любоўю, каб наш Касцёл і кожны з нас як хрысціянін і католік быў бы як тая лямпа, што стаіць угары і якую відаць здалёк. Я вельмі хачу, каб вы пасадзейнічалі ўсімі сіламі будаўніцтву цывілізацыі жыцця і любові.


Святыя Імшы - у катэдральнай базыліцы адбываюцца:
у нядзелю і ў святы:
7.30, 9.00, 12.00, 15.00, 16.30, 19.00, 21.00;
у іншыя дні:
7.00, 8.00, 9.00, 12.00, 17.30, 19.00.

У кожны панядзелак у 19.00 цэлебруецца св. Імша за памерлых, а ў кожную суботу ў 19.00 св. Імша ў капліцы імя Кангрэгацкай Божай Маці.
З 29 лістапада б.г. кожную нядзелю ў катэдральнай базыліцы ў 21.00 цэлебруецца св. Імша па-польску, а літургія Божага слова - па-руску.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.