ГРОДНА
Чацвер,
16 студзеня 2025 года |
Святарскі Адвэнт
![Святар і дзеці на раратах Святар і дзеці на раратах](http://slowo.grodnensis.by/images/stories/n291/main.jpg)
“Прыйдзі, Езу” – гэта палкі заклік першай хрысціянскай супольнасці павінен стаць няспынным жаданнем вернікаў і імкненнем Касцёла ўсіх часоў, які чакае і падрыхтоўваецца да сустрэчы са сваім Панам. Прыйдзі сёння, Пане! Асвяці нас, дай нам супакой, дапамажы нам перамагчы насілле. Прыйдзі, Езу! Аб гэтым мы просім на працягу надыходзячых тыдняў. Хрыстэ, асвятлі сваім абліччам нас, а будзем збаўлены”
Папа Бэнэдыкт XVI
Калі Бог кліча, каб падрыхтаваць шлях Хрысту, то хоча, каб гэты шлях служыў нам. І таму ён павінен быць збудаваны трывала і добрасумленна, каб ён мог перажыць шматлікія дажджы і разводдзе, націск спакусаў і цяжар грахоў. Менавіта такой дарогай прыходзіць да нас Езус. Ён прыходзіць, каб усё гэта прыбраць, змесці з дарогі як смецце, якое перашкаджае, ці гурбы снегу. Гэта Ён здзейсніць самае важнае, гэта Яго прыходу мы чакаем, як збаўлення. Але шлях да Яго прыходу павінны падрыхтаваць менавіта мы.
Божы слуга Ян Павел II
Ці гатовы вашыя сэрцы?
![](http://slowo.grodnensis.by/images/stories/n291/swieca.jpg)
Перад намі – Адвэнт... рэкалекцыі ... святы. Сустракаючы Адвэнт, які сёння пачынаецца, мы чакаем падзеі, якая ўпісваюцца ў гэты час і адначасова яго перакрочвае. Як і штогод яна наступіць ноччу на Божае Нараджэнне. Пабягуць да бэтлеемскай стайні пастухі, затым прыйдуць тры каралі з Усходу. Адны і другія будуць сімвалізаваць нейкім чынам усю чалавечую сям’ю. Адвэнт як святы час можа быць для многіх парой вяртання да Бога, магчыма пасля многіх гадоў. Гэта - перыяд, калі Бог знаходзіць чалавека і прыводзіць яго да Сябе.
Пара ўвагі і пільнасці
Тэалагічна Адвэнт выражае спадзяванне Касцёла на двайны прыход Хрыста. У першы перыяд акцэнт пакладзены на Парузіі ці на канчатковым прыходзе Хрыста пад канец свету. Апошні тыдзень Адвэнту падрыхтоўвае непасрэдна нас да нараджэння Езуса, дзякуючы чаму Бог выконвае ўсе абяцанні, дадзеныя чалавецтву. Чаканне – гэта тое, чаму вучыць нас Адвэнт. У нас ёсць нагода і мы павінны адкрыць сваё сэрца на Бога. Гэта прывядзе нас да паўторнага адкрыцця, што Ён любіць нас і мы павінны гаварыць іншым пра гэтую любоў. Вось пачаўся час выпроствання шляхоў нашага жыцця, асаблівая пара ўвагі і пільнасці да ўласных паводзінаў. Хрыстус гаворыць: “Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, якой вы не ведаеце, Сын Чалавечы прыйдзе” (Мц 24, 44). Гэты евангелічны прызыў да пільнасці гучыць шматразова ў літургіі, асабліва ў перыяд Адвэнту. У 1991 годзе падчас VI Сусветных дзён моладзі ў час Яснагурскага Звароту на Яснай Гары Ян Павел II растлумачваў маладым людзям, што азначаюць словы “быць пільным”: імкнуцца быць чалавекам сумлення, называць па імені дабро і зло, а не “замазваць” іх, выпрацоўваць у сабе дабро, імкнуцца выкараніць у сабе зло. Божы слуга падкрэсліваў, што быць пільным – гэта значыць заўважаць іншага чалавека, любіць яго і быць салідарным з людзьмі ў справе рабіць дабро і даверу Божай Міласэрнасці. Быць пільным азначае ўвесь час паўставаць на працягу ўсяго жыцця, нягледзячы на ўсе складанасці лёсу. Падчас рэкалекцый, св. Імшаў ці ў хвіліны роздуму перад сном часцей задумвайцеся над тым, ці я саграшыў, што цяпер мне рабіць і як ачысціць сваё сумленне, як быць чуйным і не прапусціць таго, што ёсць самае важнае. Задумайцеся, ці падрыхтоўваючыся да святаў, мы чакаем падарункаў, адпачынку, святочных страваў, прыўзнятай атмасферы ці чакаем нараджэння жывога Бога? Толькі будучы пільным у чаканні на Кагосьці, жыццё для Каго-небудзь мае сэнс.
![](/images/stories/n291/adwent3.jpg)
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 350 |
Чакаем Вашай падтрымкі
![skarbonka](/images/stories/skarbonka.png)
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.