ГРОДНА
Панядзелак,
15 ліпеня
2024 года
 

Які павінен быць святар?

З жыцця Касцёла

св. Ян Марыя Віянэй
Казнадзей? Будаўнічы? Навуковец?...
“Святарства – гэта любоў Сэрца Езуса. О Божа мой, я хацеў бы памерці, любячы Цябе, чым жыць хоць хвіліну, не любячы… Люблю Цябе, мой Боскі Збавіцель, таму што за мяне Ты быў укрыжованы… бо дазваляеш мне быць укрыжаваным для Цябе”. Ян Марыя Віянэй
Кім павінен быць святар у наш час?
    Казнадзеем, грамадскім дзеячам, будаўнічым, псіхатэрапеўтам, навукоўцам? Чаго чакаюць вернікі ад свайго душпастыра? Адказы на гэтыя пытанні трэба шукаць ля вытокаў святарства.
    Неаднойчы ў Святым Пісанні ідзе размова пра прызванне ці спецыяльны выбар пэўных людзей, каб рэалізаваць вялікія Божыя планы ў дачыненні да чалавека і свету. Пакліканне з’яўляецца доказам асаблівага Божага замілавання і ласкі, якая была дадзена канкрэтнаму чалавеку..
Прыгожая і глыбокая тэалагічная сутнасць святарскага паклікання заключана ў Лісце да Габрэяў: “Бо ўсякі першасвятар, з людзей абраны, для людзей ставіцца ў тым, што Божае, каб складаў дары і ахвяры за грахі, каб мог спачуваць тым, што не ведаюць і заблукалі, бо ён і сам апанаваны нядужасцю, і з-за яе ён павінен нейкім чынам як за народ, так і за сябе самога складаць ахвяры за грахі. Ніхто сам сабе не возьме гэтай пашаны, але той, хто пакліканы Богам, як Аарон” (Гбр 5, 1 - 4).
    Святар з’яўляецца дарам Бога для супольнасці, за які трэба няспынна дзякаваць. Без святароў, якія ўдзельнічаюць у адзіным і вечным святарстве Хрыста, немагчыма існаванне Касцёла, а таму і карыстанне паўнатой ласкаў, якія Бог дае чалавеку     Рэалізацыя святарскага паклікання патрабуе нязвыклай сталасці і ахвярнасці. Цяжка ўявіць сабе тое, як можна любіць усіх людзей, якіх сустрэнеш, так, як бы яны былі самымі лепшымі сябрамі і дарагімі членамі сям’і; умець сказаць штосьці мудрае і суцяшальнае, калі хто-небудзь просіць параду і знаходзіцца ў нялёгкай жыццёвай сітуацыі. Гэты спіс патрабаванняў да святароў можна пералічваць без канца. Адначасова ў кожную хвіліну святар можа быць асуджаны людзьмі. Як жа быць на вышыні ўсіх тых патрабаванняў і спадзяванняў?
    Я думаю, што перш за ўсё святар павінен быць добрым чалавекам і няспынна клапаціцца пра сваё развіццё г. зн. быць адукаваным, мудрым і кампетэнтным. А ў іншым выпадку ён не зможа быць духоўнай падтрымкай і правадніком для іншых. Але самае істотнае тое, каб Хрыстус быў узорам для святара, які пераймаў бы Езусовую пакору, убоства, чысціню і любоў да бліжняга. Менавіта гэтая моц, якую ён “чэрпае” з пастаяннай малітвы і цеснай сувязі з Хрыстом, дае сілу для выканання святарскай паслугі.
    Раздумваючы пра святарства варта прачытаць тое, што святыя пісалі на гэтую тэму. Напрыклад, святы Грыгорый Вялікі аставіў пасля сябе Кнігу Пастырскіх Правілаў, якая і да сёняшняга дня не страціла сваёй актуальнасці. Там ён піша: “Святар павінен быць чалавекам сэрца, дасканалы ў сваёй дзейнасці, прысвечаны жыць у маўчанні, гатовы да навучання, блізкі кожнаму спачуваннем, перш за ўсё адданы разважанню, пакорны таварыш тых, якія робяць дабро, нязломны вораг зла, які не змяншае (з-за таго, што ён заняты ўнутранымі справамі) клопату пра знешнія рэчы, які турбуецца, хоць заняты знешнімі справамі, пра ўнутранае жыццё”.
    Святы Ян Марыя Віянэй, пробашч з вёскі Арс на тэрыторы Францыі, дзе жыло ўсяго 230 чалавек, аставіў нам дасканалы ўзор святара. Пасля 40 гадоў і душпастырства яго паслугай карысталіся 80 тысяч чалавек, якія з’язджаліся туды з усёй Еўропы. Што ён меў у сабе, што змог такое здзейсніць? Ян Марыя Віянэй быў чалавекам вельмі пакорным, які ўсведамляў свае слабасці і абмежаванні. Адначасова гэты чалавек ведаў, што для сваіх вернікаў ён з’яўляецца вялікім дарам. “Добры пастыр, які падабаецца Божаму сэрцу - найбольшы скарб, які добры Творца можа даць парафіі і адзін з самых каштоўных дароў Божай Міласэрнасці”. Ян Марыя Віянэй падкрэсліў, што “усе сабраныя добрыя справы не могуць раўняцца з ахвярай св. Імшы, таму што яны – людскія справы, а св. Імша – Божая”. Ён быў перакананы, што ад св. Імшы залежыць увесь запал святарскага жыцця. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, згадваючы ў сваім пасланні на пачатак святарскага году пра жыццё і дзейнасць св. Яна Марыі Віянэя, падкрэсліваў, што ў сучасным свеце, аналагічна як у нялёгкую пару жыцця пробашча з Арс, трэба, каб святары вылучаліся з акружаючага асяроддзя тым, што яны сведчаць моцна сваім жыццём і дзейнасцю аб Евангеллі. Як заўважыў Павел VI: “Сучасны чалавек слухае ахвотней сведкаў, чым настаўнікаў, а калі слухае настаўнікаў, то таму, што яны – сведкі”.
    Можна прывесці шмат прыкладаў святых ксяндзоў, якіх хапала заўжды ў гісторыі Касцёла. Напэўна, многія з нас сустрэлі таксама добрых цнатлівых святароў, якія садзейнічалі нашаму духоўнаму росту. Мы належым да аднаго Касцёла. Для кожнага з нас Бог мае такую прапанову жыць, якая вядзе нас да паўнаты шчасця, радасці, развіцця і рэалізацыі сябе як чалавека. Шлях, які аб’ядноўвае ўсіх вернікаў, з’яўляецца рэалізацыяй супольнага паклікання да святасці. Людзі ідуць рознымі шляхамі, але да супольнай мэты. Таму маліцеся адзін за аднаго і дапамагайце кожны дзень, узаемна паважайце адзін аднаго і будзьце годнымі сведкамі Хрыста. А дзякуючы гэтаму свет, у якім мы жывём, стане лепшым, а штодзённае жыццё – радаснейшае, больш прыемнае і лягчэйшае.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.