ГРОДНА
Аўторак,
05 снежня
2023 года
 

10-ці летні юбілей хору “Cantate Domino”

Юбілей

10-ці летні юбілей хору “Cantate Domino”
парафіі імя Божай Міласэрнасці з Гродна

Бліжэй я пазнаёмілася з хорам “Cantate Domino” год таму назад, калі ён выступаў з канцэртам з нагоды чарговых успамінаў пра св. Цэцылію ў касцёле імя Божай Міласэрнасці ў м-не Вішнявец. Пасля ўдзелу ў літургіі св. Імшы харысты вырашылі такім спосабам ушанаваць сваю заступніцу і зрабіць музычны падарунак вернікам сваёй парафіі. Рэлігійныя песні, якія былі спецыяльна падабраны дзеля гэтай нагоды, гучалі ў касцёле амаль гадзіну. Напэўна не толькі для мяне гэта была гадзіна хвалюючых уражанняў з-за іх меладычнасці і майстэрства выканання. Я магу шчыра сказаць, што песні былі праспяваны душой. Пазней я пераканалася, што гэтую “музычную душу” можна адчуць як на канцэртах, так і падчас ўдзелу харыстыў ў св. Імшах, рэлігійных урачыстасцях.
З размовы з харыстамі я даведалася, якія гэта людзі і што для іх значыць музыка. Яны мне гаварылі, што яна стала для іх неад’емнай часткай іхняга жыцця. Супольны спеў іх так аб’яднаў, што харавы калектыў стаў адной вялікай сям’ёй у некалькі пакаленняў. Калісьці толькі разам спявалі і сустракаліся выключна падчас рэпетыцый. Цяпер харысты адзначаюць сумесна дні імянінаў, нараджэнняў, шлюбаў, аплаткавыя і велікодныя сустрэчы, а самае важнае ёсць сяброўскія кантакты ў штодзённым жыцці, дапамога і ўзаемападтрымка ў радасныя і смутныя хвіліны. Адносна шлюбаў, то несамавіта тое, што сярод маладых харыстаў былі заключаны 4 сужэнскія саюзы. Юрый, будучы муж Анжэлы Кузікевіч, угаварыў яе прыйсці на рэпетыцыю хору. Як аказалася, супольны спеў закончыўся шлюбам. У гісторыі хору “Cantate Domino” запішацца таксама сужэнства Сакалоўскіх. Як сказаў мне Аляксандр Сакалоўскі, сяброўства з рэлігійнай песняй і Богам сфарміравала ў ім рашэнне прыняць каталіцкую веру.
    На пытанне, чым ёсць для іх хор, яго ўдзельнікі адказалі, што ён – духоўная апора, дае магчымасць судакрануцца з Боскай музыкай, магчымасць адпачыць ад штодзённых заняткаў і сустрэцца з сябрамі. Несумненна, стварэнне такой духоўнай супольнасці патрабуе шмат часу, старанняў, жадання і Божай апекі.
    Упершыню харавы калектыў “Cantate Domino” выступіў у сакавіку 1999 г. у сваёй роднай парафіі. Пазней на працягу 10 гадоў яго існавання па розных прычынах многія людзі адышлі, але многія і вярнуліся. Цікава тое, што маладых харыстаў усё больш прыбывае. Зараз спяваюць 43 асобы. Тут варта ўспомніць пра тых, хто застаўся ў калектыве ад пачатку яго існавання: нязменны кіраўнік Генрых Давідовіч, Тэрэза Стэцкевіч, Вікторыя Бурба, Тэрэза Лемантовіч, Марыя Пачэбыт, Яўген Лебядзевіч, Антоній Юроўскі, Андрэй Садоўскі, Яўген Цівунчык, сужэнскія пары: Павел і Кацярына Балтруканісы, Ганна і Віталій Шмураі. Харавы калектыў “Cantate Domino” спявае на трох мовах: польскай, беларускай і лацінскай. Дзякуючы стараннай працы і ўдасканаленню сваіх музычных і вакальных уменняў з цягам часу хор падымаўся на усё больш вышэйшы ўзровень выканання. Яго пачалі запрашаць у іншыя парафіі Гродзенскай дыяцэзіі: у Ліду, Сапоцкіна, Тракелі, а таксама ў Польшчу (у Белу Падляску) і на важныя касцёльныя ўрачыстасці. Музычны кіраўнік Генрых Давідовіч гаварыў, што найбольш ганаровым быў для хору яго ўдзел у св. Імшы ў катэдральнай базыліцы, куды прыехаў дзяржсакратар Апостальскай Сталіцы кардынал Тарчызіо Бэртонэ; у набажэнстве ў Пабрыгіцкім касцёле ў Гродне пасля перанясення туды з Пабэрнардынскага касцёла рэліквіі св. Клеменса; у св. Імшы ў Пабрыгіцкім касцёле з нагоды 100 годдзя побыту і дзейнасці ў Гродне сёстраў-назарэтанкаў і ва ўрачыстай св. Літургіі падчас каранацыі абразу Тракельскай Божай Маці. У гэтым годзе харысты далі канцэрты ў Іўі, Азёрах і ўдзельнічаюць у св. Імшах у сваёй парафіі. У пары з артыстычным узроўнем ідзе адпаведны рэпертуар, які старанна падбірае Генрых Давідовіч. Першая рэлігійная песня, якую выканаў харавы калектыў “Cantate Domino”, быў твор Францішка Шуберта “Святы”. Хоць кожны з харыстаў мае сваю любімую песню, але найбольш папулярная: “Дай нам знайсці сляды Пана”. У рэпертуары хору ёсць песні на ўсе перыяды літургічнага году, між іншым творы вядомых кампазітараў класічнай музыкі Баха і Моцарта, а апошняя – “Sanktus” Л. Бетховена. Харысты, выконваючы кожную песню, укладваюць у яе ўсю душу і сэрца, спадзеючыся, што дзякуючы гэтаму слухачы наблізяцца да Бога і адкрыюць на гэтую Боскую музыку свае сэрцы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  27

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.