ГРОДНА
Панядзелак,
15 ліпеня
2024 года
 

Ці Касцёл пагаджаецца з несакрамэнтальнымі саюзамі?

Задай пытанне

кс. Андрэй РадзевічПаводле меркаванняў каталіцкага Касцёла несакрамэнтальнае сужэнства – гэта саюз мужчыны і жанчыны, якія жывуць разам і вядуць сумесную гаспадарку (як муж і жонка), але не звязаны сакрамэнтам Сужэнства. Гэта ахрышчаныя людзі, якія не могуць заключыць шлюб, згодна з патрабаваннямі хрысціянскай веры, хоць бы ў многіх выпадках яны гэтага хацелі. Перашкодай для іх з’яўляецца тое, што яны заключылі раней сакрамэнтальны сужэнскі саюз у Касцёле, развяліся і ўзялі з іншай асобай грамадзянскі шлюб. Жывучы ў такім стане, яны хочуць быць у споведзі і прыняць св. Камунію, часам абвінавачваючы Касцёл, што ён - вельмі суровы для іх.
    Ведаючы сітуацыю гэтых людзей, напэўна, нельга тут гаварыць пра віну Касцёла. Не можа ён (і гэта трэба ясна сказаць) адмовіцца ад збаўчых вартасцяў і ад місіі, даверанай яму Хрыстом. У Божым плане сужэнства – неразрыўнае. У сваім навучанні Езус проціпастаўляючы тэндэнцыям да разводаў, спасылаецца на план Творцы, сцвярджае: “Дык што Бог злучыў, чалавек хай не разлучае” (Мц 19, 6) і аб’яўляе, што сужэнская сакрамэнтальная сувязь з’яўляецца знакам вернага і вечнага адзінства Бога з чалавецтвам. А саюз, які не з’яўляецца сапраўдным сужэнствам, Езус называе вельмі рэзка: распустай: “Кожны, хто пакідае жонку сваю, акрамя як з прычыны яе распусты, выстаўляе яе на чужаложства” (Мц 5, 32).
Святы Павел-апостал гаворыць: “Тым жа, што жывуць у шлюбе, загадваю не я, але Госпад, каб жонка не разлучалася з мужам. Калі ж, аднак, разлучыцца, хай застаецца незамужняй, або хай пагодзіцца з мужам” (1 Кар 7, 10-11). Таму Касцёл, будучы верны Хрыстовай місіі, не ўпаўнаважаны сказаць сакрамэнтальным сужэнствам, якія разышліся, што яны разведзены ці іх сумеснае жыццё – закончана. Ні ў якім выпадку Касцёл не можа прызнаць другі саюз (несакрамэнтальны) правамоцным (які мае законную сілу).
    Нягледзячы на тое, што многія члены Касцёла не выконваюць абавязацельстваў, якія выцякаюць з сакрамэнта Сужэнства, аднак, Касцёл не адкідвае разведзеных і не лічыць іх зусім страчанымі для Касцёла людзьмі. Больш таго, ён схіляецца над імі з любоўю заклапочанай маці. У апостальскай адгартацыі “Familiaris cosortio” Папа Ян Павел II, накіроўваючы сваё навучанне да тых, хто жыве ў несакрамэнтальных сужэнствах, напісаў: “Каб не адчувалі сябе адлучанымі ад Касцёла, калі яны могуць – так, як ахрышчаныя, то павінны ўдзельнічаць у яго жыцці” (FC 84).
    Звяртаючыся да ўсіх тых, хто жыве ў несакрамэнтальных саюзах і не могуць нічога гэтаму даць рады, не маюць ніякай магчымасці выправіць у лепшы бок сваю жыццёвую сітуацыю, хачу сказаць, каб яны не адварочваліся ад Бога, каб стараліся быць блізка ля Яго. Імкніцеся быць больш дбайнымі ў веры і руплівей рабіць дабро, таму што вы не выключаны з Касцёла. Слухайце Божае слова, удзельнічайце ў св. Імшы, настойліва маліцеся. Прасіце Божую міласэрнасць, бо той яе заслужыць, хто яе дамагаецца.
    Мы ж усе, як супольнасць Касцёла, павінны падтрымліваць такіх людзей у духоўным плане і праяўляць да іх заклапочаную любоў. У прыведзеным вышэй дакуменце Ян Павел II дае нам (супольнасці Касцёла) заданне ў дачыненні да несакрамэнтальных сужэнстваў: “Няхай Касцёл моліцца за іх, няхай ім дадае адвагі і акажацца міласэрнай маці, падтрымліваючы іх у веры і надзеі”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.