ГРОДНА
Чацвер,
05 снежня
2024 года
 

Святарства: сёння і ўчора

Семінарыйная газета

Якая вялікая справа - пазнаваць, любіць і служыць Богу! На гэтым свеце ў нас няма нічога больш важнага для здзяйснення. Усё іншае з’яўляецца стратай часу. Мы павінны працаваць толькі для Бога, Аддаючы плён нашых высілкаў у Яго рукі.
Святы Ян Марыя Віянэй
Хрыстус выбраў апосталаў, якім даручыў місію і зрабіў прадаўжальнікамі сваёй справы. Першынство сярод сваіх вучняў Ён аддаў св. Пятру, тым самым заклаў фундамент Касцёла, па сваёй волі акрэсліў рамкі яго арганізацыі, якая такім чынам мае звышнатуральны характар ці (гаворачы іншымі словамі) паходзіць ад самога Бога.

    Таму згодна з Божай воляй існуе ў Касцёле адрозненне паміж клірам і вернікамі: тымі, хто кіруе, і тымі, каго накіроўваюць. “Не вы Мяне выбралі, але я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод” (Ян 15, 16) – так сказаў Хрыстус. Апосталы, атрымаўшы місію ад самога Езуса, выбралі сабе потым Мацвея і дыяканаў, паслалі з місіяй Барнабу, Паўла і іншых сваіх наступнікаў.
На чале ўсёй касцёльнай іерархіі пасля ўнебаўшэсця Хрыста стаіць св. Пётр, пазнейшы першы біскуп Рыма. Пасля смерці Пятра ніхто не сумняваецца, што кожны яго наступнік на рымскае біскупства з’яўляецца адначасова галавой ўсяго Касцёла.

    Наступнікамі апосталаў па кіраўніцтву ёсць біскупы. Іхняя назва не адразу была ўстаноўлена. Біскупы называліся спачатку апосталамі, пазней – анёламі, настаяцелямі, а нават, дазорцамі. Назву біскуп увёў св. Геранім, які сцвярджаў, што спачатку ўсе настаяцелі былі роўныя паміж сабой, а пазней самі сябе яны пачалі ўзносіць над іншымі, што было звязана з неабходнасцю касцёльнай дысцыплінаванасці.

    З самага пачатку святары ці старэйшыя складалі біскупскую раду ў гміне. І далей святары падтрымліваюць біскупа і яго замяняюць у кіраўніцтве гмінай, ва ўдзяленні сакрамэнтаў і ў Божай службе. З цягам часу, калі колькасць гмінаў вырасла, а лічба біскупаў не павялічылася, значэнне святароў станавілася ўсё больш самабытным. У мясцовасцях, дзе не было біскупа, святары станавіліся непасрэдным цэнтрам і крыніцай жыцця вернікаў.

    У Новым Запавеце толькі Хрыстус з’яўляецца святаром у дакладным значэнні гэтага слова. Бо толькі Ён склаў адзіную Ахвяру Новага Саюза сваёй смерцю на крыжы. А сам Ён - ахвярны дар. Хрыстус аддаў сябе нябеснаму Айцу як выкуп за многіх. Гэтую Ахвяру крыжа Збавіцель замацаваў у абрадах св. Імшы, якую па Яго наказу ажыццяўлялі апосталы, а затым – іх наступнікі ці святары. Само ўзвядзенне на пэўную ступень касцёльнай іерархіі і перадача ўлады адбывалася з дапамогай ускладання рук і малітвы. Менавіта дзякуючы гэтым касцёльным настаяцелям дзейнічаў Хрыстус цераз свайго Духа.

    І так на працягу стагоддзяў паўставалі дальнейшыя ступені ў касцёльнай іерархіі. Для таго, каб паменшыць нагрузку на дыяканаў, якія ўсё больш займаліся абвяшчэннем Божага слова і літургічнымі справамі, паўстаў субдыяканат. Ступень акаліта паўстала ў сувязі з неабходнасцю дапамагаць дыяканам і субдыяканам. Дальнейшымі ступенямі ў іерархічнай лесвіцы былі лектарат і экзарцыстат. Лектары набіраліся з асяроддзя людзей, якія ўмелі бегла чытаць, а экзарцысты – з асяроддзя харызматыкаў. Да функцыі брамнікаў, пра якіх гісторыя аставіла нам найменш звесткаў, належала апека над касцёльнымі будынкамі. Каля II ст. прыжыўся прынцып: прайсці ўсе ступені пасвячэнняў. Калі хтосьці хацеў стаць святаром, то такі чалавек павінен быў на ўсіх ніжэйшых ступеньках іерархічнай лесвіцы паказаць адпаведныя здольнасці.

    З IV ст. да духоўнага стану рыхтаваліся, прымаючы танзуру. Гэта быў абрад, падчас якога галілі галаву зверху ў форме кружка і ўручалі духоўным асобам адзенне. Танзура сімвалізавала поўнае адданне службе Богу і Касцёлу. Вышэй згаданы абрад быў знесены падчас пантыфіката Папы Паўла VI. Варта зазначыць, што з часу Папы Грыгорыя Вялікага, а дакладней з 604 г. ад субдыяканату канчаткова патрабаваўся цэлібат. Адначасова з гэтага ж часу пасвячэнні атрымлівалі дыяканы, святары і біскупы. Сама форма пасвячэнняў на працягу стагоддзяў была моцна разбудавана, а канчатковую сваю форму яна набыла на Трыдэнцкім Саборы і праіснавала з неістотнымі зменамі аж да сённяшняга дня.

    Вядома, што сам Хрыстус з’яўляецца вытокам паслугі ў Касцёле. Ён устанавіў яе, даў уладу, назначыў місію, напрамак і мэту, чым ёсць абвяшчэнне Добрай Навіны і шлях да святасці людзей. Безумоўна, гэта толькі невялікі экскурс у гісторыю сакрамэнта Святарства, які адыгрывае ў Касцёле вельмі важную ролю, таму што цераз рукі святара сплываюць на людзей астатнія сакрамэнты, а гэтая моц атрымліваецца святарамі ў момант іхніх пасвячэнняў.

    Сёлетні год абвешчаны годам малітвы за святароў. Мы, як асобы, якія дзякуючы пасрэдніцтву святара, атрымліваем столькі дармовых ласкаў ад Бога, павінны старацца, каб гэты год быў на самай справе годам малітваў за святароў, якія нясуць Добрую Навіну і паказваюць шлях да святасці кожнаму з нас.
кл. Руслан Мазан

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  27

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.