ГРОДНА
Панядзелак,
17 чэрвеня
2024 года
 

Слова рэдактара

Беларусі патрэбна малітва

Слова рэдактара

  Хтосьці слушна можа сказаць, што яна патрэбна кожнаму. Канешне, бо толькі малітва дапамагае чалавеку знайсці сапраўдны вобраз Бога. Але сённяшняя рэчаіснасць, на жаль, накіроўвае чалавека на іншы шлях, на якім ён не заўсёды памятае пра сваю сутнасць. Чалавек малітвы – гэта хтосьці, хто ведае пра Бога і жадае для сябе і сваіх блізкіх дабрыні і любові. Такі чалавек разумее сапраўдны сэнс шчасця і можа ісці правільнай жыццёвай дарогай, нават тады, калі ўсе ідуць у супрацьлеглым накірунку. А ў якім накірунку крочыць сучасная Беларусь?
    Наша краіна, ідучы ў будучыню, павінна перш за ўсё памятаць аб сваіх хрысціянскіх традыцыях. Наша замля заўсёды была напоўнена малітвай, нават тады, калі гэтая малітва была ціхай і ўтоенай, калі людзі маліліся ў замкнутых святынях. Нашыя продкі на каленях прынеслі нам гэты дар малітвы. Сёння мы атрымліваем эстафету веры, эстафету малітоўнага настрою нашых дзядоў і прадзедаў. Ужо таксама дастаткова шмат пазітыўных момантаў, якія датычаць малітоўнай сустрэчы людзей сённяшняй эпохі з Богам. Ёсць і цяжкасці – спакусы, якія адцягваюць маладога чалавека ад Бога. Але з Божай дапамогай іх заўсёды можна пераадолець.
 

Касцёл у Беларусі ў добрых руках

Слова рэдактара

  Апошнія тыдні – гэта час, калі асабліва моцна б’ецца сэрца Касцёла ў Беларусі. Тры новыя біскупы, сыны нашай зямлі, выхаванцы Гродзенскай ВДС атрымалі паўнату пасвячэнняў. Кс. бп Алег у Віцебску, кс. бп Юрый у Мінску і – на момант выхаду гэтага нумару газеты – кс. бп Юзаф у Гродне. Усе яны, як я ўжо прыгадваў, выхаванцы нашай гродзенскай семінарыі, якая праз 20 гадоў выдае чарговы плён у асобах маладых біскупаў. Гэта вынікі працы настаяцеляў, семінарыйнай фармацыі і малітвы вернікаў.
    Перажываючы такія важныя для католікаў Беларусі падзеі, мне адразу ўспамінаюцца словы папы Францішка, які сказаў пра біскупаў наступным чынам: “Біскуп павінен служыць, а не дамінаваць”. Папа прыгадаў словы Езуса: “Большы сярод вас няхай будзе як меншы, а правадыр – як слуга”. Папа перасцерагае не толькі біскупаў, але і кожнага святара, што біскупства ці святарства – гэта не гонар, а служба. Святы Айцец нават перасцерагае ад вядзення “сусветнага жыцця”. Служба і малітва. Я лічу, што кожнаму з нас патрэбны менавіта такія пастыры. Чуючы першыя словы новых біскупаў на тэму іх біскупскай паслугі, можна быць спакойным. Касцёл у Беларусі знаходзіцца ў добрых руках біскупаў, якія яго любяць і хочуць далей яму верна служыць. І ў іх, бясспрэчна, будзе шмат магчымасцей і нагод, каб праз сваю паставу і ахвярную працу на карысць усёй каталіцкай супольнасці быць апосталамі Хрыста.
   

Да ксяндза, як да ўрача

Слова рэдактара

  Большасць пасля прачытання загалоўка майго чарговага разважання падумала, напэўна, што я буду пісаць пра лячэнне: урачом – цела, а ксяндзом – душы. Я не буду спрачацца з тым, што гэта вельмі важная тэма, але, да здзіўлення большасці, у гэтым простым загалоўку ёсць некалькі іншых вельмі важных жыццёвых пытанняў. Дык давайце паспрабуем вылечыць душу і цела трохі “іншым” спосабам.
    Не ўсе, але большасць не любіць хадзіць да ўрачоў. Калі чалавек захварэе, ён спачатку спрабуе лячыцца самастойна, а калі гэта не атрымліваецца або стан здароўя становіцца ўсё больш сур’ёзны, чалавек, урэшце-рэшт, неахвотна накіроўваецца за дапамогай да ўрача. Гэта ў большай ступені датычыцца мужчын. Неяк дзіўна ўсё выглядае: урач ратуе нам жыццё, а мы не вельмі хочам да яго ісці. Падобным чынам адбываецца і з візітам да ксяндза, які ратуе нам жыццё і душу: або мы жывём у граху і не вельмі спяшаемся выправіцца, адкладваючы споведзь на потым, думаючы, што яшчэ прыйдзе той час, або мы проста баімся змен у жыцці і не хочам чуць, што ксёндз нам скажа на гэтую тэму. І зноў жа, найбольш гэтага баяцца мужчыны. Так у некалькіх сказах можна апісаць страх перад людзьмі, якія ратуюць нашае жыццё. Ці спрабавалі Вы задумацца над гэтай тэмай? У чым прычыны такой сітуацыі?
   

Хто не перажыве Божага Нараджэння ў сэрцы, той ніколі не сустрэне Бога

Слова рэдактара

  Мы перажываем перыяд Божага Нараджэння – час радасці і супакою для кожнага чалавека. У гэтыя дні людзей напаўняе любоў Божага Дзіцяці. Хтосьці мог бы сказаць, што гэта толькі мае мары, жаданні, вось бы так было! Але мне здаецца, што клімат гэтых свят датычыць самога чалавека, бо калі хтосьці не адчуе нараджэння Езуса ў сваім сэрцы, у сям’і, дома, той можа ніколі не сустрэць Бога, які стаў Чалавекам і прыходзіць да людзей, да кожнага з нас.
    Сёння цяжка не сустрэць Бога. Чалавек, які жыве ў граху, таксама можа зрабіць гэта, абуджаючы голас уласнага сумлення, робячы сваё сэрца месцам сустрэчы з Богам. Калі надыходзіць цемра граху, трэба памятаць, што заўсёды ёсць своеасаблівы “духоўны тунэль”, праз які можна прайсці. “Божае Нараджэнне прыгадвае нам пра тое, што мы – люд, які крочыць у цемры, але які ўбачыў вялікае святло”, – гаварыў Папа падчас Пастэркі ў Ватыканскай базіліцы.
    Божае Дзіця, прыходзячы на зямлю глядзіць на нас, на нашае жыццё. Заглядае ў нашыя вочы з зацікаўленасцю, а таксама з надзеяй, што чалавек памятае аб сэнсе свайго жыцця і хоча жыць паводле Божых падказак. У вачах такой асобы назаўсёды застанецца адлюстраванне Бога. Сёння можна смела сцвердзіць, што ўсведамленне быцця такімі, якімі мы з’яўляемся і кім мы з’яўляемся, нараджаецца ў адносінах з нованароджаным Езусам.
   

З Добрай Навіной у сэрцы

Слова рэдактара

  Людзі ўсяго свету тонуць у паводцы розных навін. На экранах тэлевізараў, пры радыёпрыёмніках, на старонках газет і часопісаў, а таксама ў прасторы інтэрнэту мы даведваемся аб розных падзеях. Яны бываюць добрыя і дрэнныя, радасныя і балючыя, раптоўныя і абдуманыя – розныя.
    Але існуе толькі адна Навіна, адна адзіная, якая перамяняе чыстае сэрца кожнага чалавека ў стайню, месца нараджэння самога Бога. Добрая Навіна, якой з’яўляецца нараджэнне Езуса, знаходзіцца ў сэрцы Касцёла і чалавека. Гэта асаблівае месца, куды Хрыстос нас запрашае да Сябе.
    Нараджэнне Езуса ста­­новіцца знакам доб­рага і годнага жыцця свету і чалавека. Свету, які часта забываецца пра тое, што павінен быць прыгожым, і чалавека, які забываецца, што павінен быць падабенствам самога Бога. Давайце паспрабуем перажыць Добрую Навіну ў нашым сэрцы. Знаходзячыся побач з Бэтлеемскай стайняй, мы можам быць сведкамі нараджэння Бога для свету і чалавека.
    Не трэба баяцца Бога. Сёння хочацца заклікаць усіх словамі бл. Яна Паўла II, якія мы добра ведаем: “Не бойцеся, адчыніце, насцеж адчыніце дзверы Хрысту. Для Яго збаўчай улады адкрыйце межы дзяржаў, эканамічных і палітычных сістэм, шырокія сферы культуры, цывілізацыі, развіцця! Не бойцеся! Хрыстос ведае, што ў сябе ўнутры носіць чалавек.
   

Адвэнт – гэта час радасці Евангелля

Слова рэдактара

  На заканчэнне св. Імшы 24 лістапада папа Францішак перадаў сваю першую апос­тальскую адгартацыю “Evangelii Gaudium” – “Радасць Евангелля”. “Радасць Евангелля напаўняе сэрцы і ўсё жыццё тых, хто сустракаецца з Езусам”. Так пачынаецца апостальская адгартацыя “Evangelii Gaudium”. Святы Айцец развівае ў ёй тэму абвяшчэння Евангелля ў сённяшнім свеце.
    Абвяшчаць Евангелле сёння нялёгка і ў нашай краіне. Рэчаіснасць так моцна ўваходзіць у жыццё чалавека, што ён часта губляе галаву, сэрца і... жыццё. Наш чалавек адкрыты на ўсё, і гэтая адкры­тасць, як мы бачым, вельмі часта яму шкодзіць. Такое жыц­цё затым прыводзіць толькі да асабістых зацікаўленняў, а сэрца становіцца сумным. Мы цяпер не будзем выясняць, хто ў гэтым вінаваты, але паглядзім на іншую прапанову, якую нельга адкінуць. Папа Францішак за­ахвочвае нас да радасці – радасці ў Касцёле, радасці з Богам і Евангеллем. Варта часцей задумвацца над тым, колькі радасці можа атрымаць чалавек, спатыкаючыся з Хрыстом, з Евангеллем. Мы ж так прагнем быць шчаслівымі, хочам, каб нашае жыццё было ўладкаваным і добрым. Менавіта Пан Бог усё гэта нам дае.
   

Змясціць скарб веры ва ўсё нашае жыццё

Слова рэдактара

  Мне здаецца, што ў канцы Года веры ў нас не менш пытанняў, чым іх было на яго пачатку. Кожнага з нас, напэўна, у першую чаргу цікавіць узрастанне нашай веры. Вядома, што не ўдасца ўвесь скарб веры змясціць у адным годзе, але ёсць магчымасць змясціць яго ва ўсё нашае жыццё. Адорваючы нас на святым хросце такім вялікім скарбам, Пан Езус адкрывае перад намі ўсе гарызонты жыцця, каб, “узрастаючы ў ласцы ў Бога і ў людзей” (параўн. Лк 2, 52), стаць шчаслівым, каб “усцерагчы” веру і выступіць у добрым змаганні нашага жыцця (параўн. 2 Цім 4, 7). Складаючы асабісты план на жыццё, давайце не будзем забывацца пра тое, што Бог хоча дзейнічаць у нашым жыцці паводле свайго плана. І як малое дзіця поўнасцю адкрытае на сваіх бацькоў і давярае ім, так кожны з нас павінен быць адкрытым на Бога.
    Для Касцёла ў Беларусі гэта быў год асаблівага роздуму над многімі справамі. Гэта былі вельмі важныя справы, якія патрабавалі ўвагі і засяроджанасці, але ўсе іх удалося вырашыць, бо яны былі даручаны Найсвяцейшай Маці. На працягу гэтага года мы яшчэ больш пазнаёміліся з Катэхізісам Каталіцкага Касцёла, часцей адкрывалі Святое Пісанне для роздуму і разважання. Па меры нашых магчымасцей больш часу прысвячалі разважанню ісцін нашай веры.
   

Заўсёды любіць Касцёл

Слова рэдактара

   “Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе” (Ян 21, 17), – сказаў св. Пётр Езусу. Гэта сведчанне любові вучня да Настаўніка, чалавека да Бога, першага Папы да Касцёла. Пётр, які, як і мы, перажываў розныя хвіліны падчас сваёй жыццёвай вандроўкі, заахвочвае нас кожны дзень нанова адкрываць дзейнасць Бога ў нашым жыцці. У першую чаргу, паслуга Апостала, паслуга вучня пазначана любоўю. Да такой любові запрошаны таксама і мы. У сваім жыцці праз розныя сітуацыі і досвед мы кожны дзень адкрываем Таго, хто палюбіў нас, аддаючы сваё жыццё на крыжы, каб мы таксама былі збаўлены. Пасланне любові ў паўсюдным Касцёле з’яўляецца адным з найважнейшых пытанняў, таму любоў да Бога, да Касцёла і да іншага чалавека становіцца пакліканнем кожнага з нас. Гэта стыль жыцця веруючага чалавека, які прагне ў сваім жыцці сустрэць Бога, перажыць любоў.
    Прыгожа і трапна параўнаў Касцёл да маці папа Францішак. Святы Айцец, разважаючы падчас адной з аўдыенцый у сераду аб любові да Касцёла, паказаў вобраз Касцёла як маці. “Касцёл, як маці, указвае дарогу, адорвае любоўю, даручае сваіх дзяцей Богу”, – сказаў папа Францішак. Як любоў да мамы ніколі не знікае, так любоў да Касцёла заўсёды павінна быць у нашых сэрцах моцная і шчырая. Ніводнае дзіця ніколі не перастала любіць сваю маму, а таму ні адзін хрысціянін не павінен перастаць любіць Касцёл. Мы сёння закліканы да гэтага, нават больш: мы павінны мабілізаваць адзін аднаго, паказваючы дарогу любові да Касцёла.
   

Варта ўжо цяпер задумацца над жыццём, каб на небе быць шчаслівым

Слова рэдактара

   Некалькі дзён таму ад аднаго пробашча я пачуў такую вось гісторыю. Памерла ў яго набожная парафіянка, старэйшая жанчына, якая хадзіла ў касцёл, у шпіталі прыняла намашчэнне хворых і сказала сваёй сяброўцы перад смерцю: “Глядзі, каб ксёндз абавязкова памаліўся на маім пахаванні”. Праз некалькі дзён дзеці паведамілі ксяндзу пра смерць маці. На пытанне, калі хочуць арганізаваць пахаванне, яны адказалі, што самі пахаваюць, а ксёндз няхай толькі памоліцца. Пробашч доўга тлумачыў, што гэта яго парафіянка, якая была пабожнай асобай і, пэўне, хацела сабе каталіцкае пахаванне, а яны кажуць, што ксёндз не патрэбен, бо яны ўсё могуць зрабіць самі. Аказалася, што гэтыя дзеці былі сведкамі Еговы. Я не зясяроджваюся на тым, якое было іх выхаванне, калі яны трапілі ў секту, але на тым, што варта ўжо цяпер задумацца над жыццём, каб потым не было падобных трагедый. Мы верым, што гэтая набожная жанчына ўжо пры жыцці заслужыла сабе неба.
    Калі мы думаем пра сваё асабістае жыццё і жыццё сваіх блізкіх, мы ствараем планы на бліжэйшую будучыню, якія часцей за ўсё звязаны з тым, чым мы займаемся. Калі хтосьці і думае пра смерць ці пра сваё пахаванне, то гэта, хутчэй, старэйшыя людзі, практычна падрыхтаваныя да пахавання: яны маюць сукенку ці касцюм на смерць, абутак і г.д... Яны, безумоўна, ужо былі ў споведзі, калі яны практыкуючыя католікі. Могуць таксама мець месца такія складаныя і незвычайныя сітуацыі, пра якую я прыгадаў вышэй.
   

Старонка 23 з 34:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  198

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.