ГРОДНА
Панядзелак,
17 чэрвеня
2024 года
 

Слова рэдактара

Чалавек пытаецца, Бог адказвае

Слова рэдактара

 Мы жывём у эпоху пытанняў. Чалавек любіць задаваць пытанні, звязаныя з рознымі акалічнасцямі яго жыцця. Адказы павінны даць усе: бацькі, блізкія, кіраўнікі дзяржавы, начальнікі, нават сам Пан Бог. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо той, хто шукае, заўсёды можа знайсці, а той, хто пытаецца, напэўна пачуе адказ. Здзіўляе толькі тое, што адказы на пытанні, адрасаваныя Богу, мы ведаем, але ўсё роўна жывём так, быццам мы ніколі іх не ведалі ці проста думаем, што Божая навука зменіцца, і нас, напрыклад, гэта не закране.
    Такім прыкладам асабіста для мяне быў апошні Сінод на тэму сям’і ў Рыме, а калі казаць больш канкрэтна – менавіта пазіцыя некаторых “людзей – СМІ” адносна гомасексуальных сужэ­нстваў ці іншых праблем сямейнага жыцця, якія паводле тых жа людзей могуць мець права на існаванне нават тады, калі здаровы розум сцвярджае штосьці іншае. Але ў нашу эпоху пытанняў мы ўсё радзей карыстаемся здаровым розумам, а яшчэ менш людзей памятае пра глыбейшыя ўзроўні існавання, якія датычацца ўзаемаадносін, духу і рэлігіі. На гэтую тэму нядаўна зноў выказаўся папа Францішак, звяртаючыся да каталіцкіх урачоў: “У многіх выпадках якасць жыцця звязана пераважна з эканамічнымі магчымасцямі, з дабра­бытам, прыгажосцю і выкарыстоўваннем жыцця, прычым людзі забываюцца пра іншыя, больш глыбокія ўзроўні існавання, якія датычацца ўзаемаадносін, духу і рэлігіі, – сцвердзіў Папа.
 

Касцёл – гэта шэдэўр Святога Духа

Слова рэдактара

 У чарговы раз словы папы Францішка пабу­дзілі мяне да на­пісання рэдактарскай рубрыкі, і адначасова, я спадзяюся, яны пабудзяць Вас, дарагія Чытачы, да чарговага роздуму і натхнення. Падчас свайго навучання Папа ўзгадаў фрагмент Кнігі Эзэхіэля: вобраз касцей, якія пасля подыху прарока становяцца сапраўдным целам, поўным жыцця. Як адзначыў Папа, гэта і ёсць сімвал Касцёла, шэдэўр Святога Духа, які дае новае жыццё вернікам і стварае з іх мноства людзей, гатовых служыць адзін аднаму. “Вось такім з’яўляецца Касцёл! Гэта шэдэўр, шэдэўр Духа, які вылівае на кожнага чалавека новае жыццё Уваскроскалага і ставіць аднаго побач з другім, аднаго на службу і ў падтрымку іншаму, утвараючы такім чынам з усіх нас заснаванае на еднасці і любові адно цела,” – сказаў Папа. Задача кожнага хры­сці­яніна заключаецца ў будаванні Касцёла. Месцам пабудовы выключнай святыні з’яўляюцца, перш за ўсё, нашыя сэрцы, бо Прыгажосць жыве ў сэрцы чалавека. Нічога важнага не адбываецца без удзелу нашага сэрца. Не трэба быць прыгожым ці фізічна дасканалым, каб, напрыклад, дапамагчы чалавеку. Трэба мець вялікае і “здаровае” сэрца, якое дзякуючы Богу пульсуе, а без Яго пакутуе ад шматлікіх “хвароб” сучаснасці. Тады сэрца перастае біцца, а вера перастае існаваць. Бог дае чалавеку Касцёл, які заўсёды вылечыць нашае сэрца.
   

Таямніца могілак

Слова рэдактара

 У чарговы раз я пры­гад­ваю гісто­рыю аб мала­дым пробашчы, які, прыйшоўшы ў парафію, на працягу некалькіх тыдняў прамаўляў тое самае нядзельнае казанне. Толькі пасля некалькіх такіх нядзельных гамілій пэўная старэйшая асоба адважылася падысці да ксяндза з пытаннем: “А чаму вы нам гаворыце ўвесь час тое самае казанне? Ці вы думаеце, што мы не заўважаем?”. На што малады пробашч адказаў: “Калі вы не хочаце пасля майго казання змяніць сваё жыццё, дык чаму я павінен змяняць казанне?”.
    А можа, наведаўшы могілкі, мы зменім сваё жыццё?
    Варта схадзіць на могілкі, каб хаця б на хвіліну змяніць сваё жыццё, чуючы менавіта ў гэтым месцы асаблівае казанне тых, хто ўжо адышоў па вечную ўзнагароду ў неба. Я яшчэ не сустракаў такога чалавека, які, наведаўшы месца памерлых, застаўся б без эмоцый ці ўзрушанасці. Гэтае месца ўражвае кожнага з нас, уражвае ажно да глыбіні душы. Вось такая яна – таямніца могілак. Успамінаючы нашых памерлых, мы таксама думаем аб сваім жыцці. Перш за ўсё аб тым, што зямное жыццё мінае, што кожны з нас таксама знойдзе сваё месца на могілках. Але хрысціянін жыве не для могілак ці пахавання. Хрысціянін з’яўляецца грамадзянінам неба.
   

Шчаслівыя сем’і, якія любяць Бога

Слова рэдактара

 З 5 кастрычніка ў Рыме адбываецца Сінод Біс­купаў на тэму сям’і. Кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч вырушыў з Мінска ў Рым, каб, прымаючы ўдзел у нарадах Сінода, расказаць пра сем’і, што жывуць у Беларусі. Больш за 200 іерархаў, розных экспертаў і гасцей Сінода на працягу некалькіх тыдняў будуць абмяркоўваць новыя выклікі і праблемы, з якімі сустракаецца сям’я ў сучасным свеце.
    Падчас сваёй гаміліі на распачацце Сінода папа Францішак заахвоціў удзельнікаў клапаціцца аб сем’ях і дадаў: “Мы ўсе грэшнікі, таму мы з міласэрнасцю павінны пады­ходзіць да праблем сучаснай сям’і”.
    Яшчэ да пачатку Сінода Канферэнцыі Біскупаў асобных краін даслалі ў Рым адказы на тэму жыцця сучаснай сям’і і праблем, якія яе закранаюць. Адказы ў дадзенай анкеце, як адзначае абп Кандрусевіч, паказваюць, што многія сем’і не жывуць паводле правіл Евангелля і навучання Касцёла. Таму Сінод павінен дапамагчы сучаснай сям’і, якая змагаецца з рознымі перашкодамі. Сям’я сёння, як адзначае Мітрапаліт, перажывае крызіс, а таму варта больш кіравацца ідэяй Божай міласэрнасці, але і не забывацца выконваць Божыя запаведзі.
   

Калі не маеш часу, вазьмі ружанец

Слова рэдактара

 Я дазволіў сабе трохі спарафразаваць у назве выказванне пэўнага ксяндза. Некалькі дзён таму я пачуў ад знаёмых падобныя словы. На маё тлумачэнне, што не заўсёды ёсць час, і часцей за ўсё бывае так, што гэтага часу мне ў жыцці не хапае, яны працытавалі словы свайго пробашча, які заўсёды гаворыць сваім парафіянам, якія не маюць часу на жыццё, прыходзіць у касцёл. Гэтыя словы адразу пасяліліся ў маім сэрцы, паколькі на самой справе ў простым выказванні заключана важная думка для большасці з нас.
    Некалькі гадоў таму я натрапіў на даследаванні пэўнага псіхолага, які вырашыў прааналізаваць вельмі цікавую тэму – чаго больш за ўсё не хапае сучаснаму чалавеку. Хтосьці адразу падумае, што грошай, а аказваецца, што не грошай і нават не здароўя. Часцей за ўсё сучаснаму чалавеку не хапае часу. А з гэтым звязана і астатняе: калі б быў час, было б больш матэрыяльных сродкаў, здароўе было б лепшым, бо быў бы час заняцца ім. Таму часцей за ўсё нам усім не хапае часу.
    Мы жывём у эпоху спешкі. Чым большы горад, тым больш забеганы чалавек. Гэта дрэнна, бо ў такой спешцы нам на ўсё не хапае часу.
   

Ці хочаш ты стаць святым?

Слова рэдактара

 Я часта задаю гэтае пытанне людзям з розных парафій падчас адвэнтавых ці велікапосных рэкалекцый там, дзе я іх праводжу. Я яшчэ не сустрэў чалавека, які б не хацеў стаць святым. Я заўсёды растлумачваю вернікам гэтую ісціну наступным чынам: святы – г.зн. шчаслівы, а кожны з нас хоча быць шчаслівым і жадае гэтага шчасця сабе і сваім блізкім, а таму, калі шчаслівы, то і святы. Варта ў чарговы раз па меры чалавечых магчымасцей засяродзіцца над святасцю, да якой мы ўсе тут, на зямлі, імкнёмся.
    Веруючы чалавек на сваёй дарозе мае ўсё, каб стаць святым. Сакраманты, навучанне Касцёла, прыклады тысяч людзей, якія робяць усё для таго, каб стаць святымі, і да т.п. Прыгадваю словы св. Яна Паўла II, які аб святасці сказаў наступным чынам: “Хрысціянства вельмі простае. Яно настолькі простае, што кожнае дзіця можа яго зразумець. Таксама і святасць – плён хрысціянства – па-дзіцячаму простая. Дык чаму вакол яе нарасло столькі непаразуменняў і няправільных інтэрпрэтацый?”. А якую інтэрпрэтацыю прынялі мы? Бо няпраўда, што я не магу стаць святым або што святыя жылі толькі ў часы Пана Езуса.
   

“Ora et labora”

Слова рэдактара

 Чарговае разважанне я пачынаю словамі, якія з’яў­ляюцца эпіграфам статута ордэна бенедыкцінцаў, што ў перакладзе з лацінскай мовы значыць “маліся і працуй”. Пасля канікул і рознага тыпу адпачынку варта зрабіць рахунак сумлення і без ніякага прамаруджвання ўзяцца за працу і малітву. Наша малітва можа быць больш інтэнсіўнай, а праца можа яшчэ больш служыць на карысць нам і грамадству.
    Многія людзі працуюць, перш за ўсё, для грошай, іншыя робяць гэта з-за адрэналіна ці таму, што праца становіцца іх жыццём. Ёсць і тыя, для каго ідэалам было б жыццё без працы. Праца – гэта не толькі здабыванне чагосьці, што неабходна, гэта, перш-наперш, рэалізацыя сябе і магчымасць падзяліцца сваімі талентамі. Праца можа аднавіць аблічча зямлі і чалавека, які выконвае Божы наказ: “Валодайце зямлёю” (параўн.: Быц 1, 28). На памяць прыходзіць параўнанне святога Францішка, які казаў, што чалавек не павінен быць як мурашка, якая ўвесь час працуе, але ён таксама не можа быць як труцень, які нічога не робіць. Вядома, што сваю працу трэба выконваць добра, але трэба паклапаціцца і аб арганізацыі часу вакол яе.
   

Апостальства маладых людзей

Слова рэдактара

 Перажываючы хвіліны пілі­грымкі да Марыі ў Тракелі, я ўбачыў багаты скарб веры нашых маладых людзей. На працягу некалькіх дзён моладзь, якая ўдзельнічала ў пілігрымцы, малілася, размаўляла паміж сабой, весялілася і спявала. Маладыя людзі рызыкнулі: яны вырваліся з сеткі інтэрнэту і зручнага жыцця, каб усе свае цяжкасці і старанні прысвяціць Маці Божай.
    Найбольшае ўражанне на мяне аказалі хвіліны, калі пілігрымку наведалі духоўныя сімвалы Сусветных дзён моладзі. Наша моладзь, адаруючы крыж і ікону Маці Божай, плакала і шмат малілася. На тварах маладых людзей, якія падыходзілі да крыжа, каб ушанаваць яго пацалункам, я бачыў слёзы. Тады я падумаў аб тым, якую будучыню мае Касцёл у Беларусі. Моладзь, якая прытулілася да Маці, мае будучыню. Маё разважанне будзе на тэму маладых людзей, якія з’яўляюцца будучыняй Касцёла. На працягу гэтых некалькіх дзён яны сталі апосталамі.
    Быць апосталам – заданне для кожнага вучня. Апостальства – гэта не толькі навучанне, гэта, перш за ўсё, сведчанне цэлага жыцця. Усе ахрышчаныя пакліканы даваць сведчанне сваёй веры. Пілігрымка стала невялікім фрагментам жыцця гэтых маладых людзей. Гэта было сведчанне жывой веры, непахіснай надзеі і прыгожай любові. Кожны чалавек мае ўсё, каб дзяліцца такім сведчаннем з іншымі. Пілігрымы выкарысталі гэтую магчымасць супольнага апостальства.
   

Здаровае пакліканне да хрысціянства

Слова рэдактара

 На чарговыя разважанні мяне падштурхнулі словы папы Францішка, які звяртаўся да маладых рымлян, што распазнаюць сваё пакліканне. Францішак падкрэсліў, што на гэтай дарозе распазнання вельмі важную ролю мае прысутнасць Марыі. “Калі нейкі хрысціянін кажа мне, што ён не тое, каб не любіў Марыю, але што Яна не вельмі важная для яго, што ён не моліцца да Яе, мяне гэта вельмі засмучае, – сказаў папа Францішак. – Я памятаю, што калі я 40 гадоў таму быў у Бельгіі на пэўным кангрэсе, я сустрэў там некалькі катэхетаў, універсітэцкіх прафесараў, у якіх былі дзеці, цудоўная сям’я і якія цудоўна расказвалі аб Хрысце. У пэўны момант я спытаўся: «А марыйнае набажэнства?». «Гэты этап мы ўжо прайшлі. Мы так добра ведаем Хрыста, што нам не патрэбна Марыя». Я тады падумаў: «бедныя сіроты». Так. Хрысціянін без Марыі – сірата. Таксама, як хрысціянін без Касцёла. Хрысціяніну неабходны абедзве гэтыя Маці: Касцёл і Марыя. Каб зрабіць тэст на здаровае хрысціянскае пакліканне, трэба запытацца аб адносінах з дзвюма гэтымі Маці”.
   

Старонка 21 з 34:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  198

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.