ГРОДНА
Серада,
26 чэрвеня
2024 года
 

Слова рэдактара

Паверыць у Вялікдзень – значыць паверыць у Хрыста

Слова рэдактара

 Вялікдзень – гэта штосьці значна большае, чым святы, якія мы на працягу года перажываем з розных нагод. Вялікдзень – гэта сэнс нашага вечнага жыцця, фундамент нашай веры. У гэтыя дні мноства людзей будзе прыходзіць да пустой магілы, каб паспрабаваць паверыць у жыццё, якое становіцца вечным. Гэта тое самае жыццё, якое аб’явілася ва Укрыжаваным. “Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі” (Ян 11, 25–26). Езус пацвярджае гэтыя словы сваім Уваскрасеннем. Таму пусты гроб Езуса павінен шырока расплюшчыць нам вочы на надзею лепшага жыцця. Гэта адзіная пустая магіла ва ўсім свеце, якая абуджае не страх, а надзею. Менавіта ў гэтым месцы ёсць навука жыцця для кожнага з нас: жыццё ў Хрысце становіцца мацнейшым, чым смерць; чалавек мае несмяротную душу. Калі б Хрыстос не ўваскрос, марнай была б наша вера і пустымі прадказанні, а хрысціянства не мела б сэнсу (параўн. 1 Кар 15, 17). Вера ў Езуса ўзмацняе нашу веру ў наша жыццё, у сэнс гэтага жыцця, у свае ўласныя сілы і магчымасць быць шчаслівым. Вінцэнт Ван Гог непахісна верыў у сваё пакліканне быць мастаком. Яго крытыкавалі і недаацэньвалі, а ён стаў знакамітым і папулярным пасля смерці.
 

Прысутнасці Бога патрабуе кожны чалавек

Слова рэдактара

 Мы перажываем перыяд Вялікага посту. Хрыстос прысутнічае сярод нас, Ён прыходзіць да чалавека праз крыж і пакуты. Пілігрымка Хрыста становіцца таксама нашай вандроўкай у напрамку, які нам паказвае Дрэва Крыжа. Мы становімся тады мацнейшымі, памятаючы пра тое, што кожны з нас закрануты грахом. Прыгадвае аб гэтым таксама св. Ян у сваім лісце: “Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды” (1 Ян 1, 8).
    Разважаючы над гэтымі словамі, мы зразумеем, што кожнаму з нас неабходна збаўленне, кожнаму з нас неабходны Бог. На жаль, закранутыя грахом мы не здольны самі збавіцца: “Бо ніхто не можа ні выкупіць самога сябе, ні аплаціць Богу цану свайго выкупу” (Пс 49, 8). Таму Пан Езус, вольны ад усялякага граху, жадаючы дабра і шчасця кожнаму з нас, аддае сваё жыццё. Ён з любові да чалавека выдае самога Сябе, каб вярнуць нам страчанае з-за граху вечнае жыццё. Гэта доказ таго, што міласэрны Айцец жадае нам дабра, якім з’яўляецца вольнае ад граху жыццё.
    Прыгадаем сабе асноўную праўду: нават самаму заможнаму і ўплывоваму чалавеку для сапраўднага бясконцага шчасця неабходна прысутнасць Бога ў яго жыцці. Вялікі пост становіцца менавіта такім часам, які дае шанс наблізіцца да Бога праз малітву, пост і міласціну. І гэта не адзіныя сродкі да навяртання.
   

Пост як перыяд любові Бога

Слова рэдактара

 Сорак дзён Вялікага посту дапамагаюць нам зразумець, наколькі моцна Бог любіць сваё стварэнне. Крыж становіцца бачным знакам гэтай жа любові. Падчас Вялікага посту можна заўважыць вялікі дар набожнасці нашых людзей, які дазваляе захаваць надзею, што дзякуючы Богу і Яго Провіду ўсё, нават тое, што здаецца неверагодным, зменіцца на лепшае. Гэты дар дазваляе многім з нас падчас велікапоснага перыяду трываць пры крыжы, дзякуючы Богу. Чалавек павінен таксама сталець у адданасці Богу, давяраючы Яму ўсё глыбейшыя прасторы свайго сэрца. Пастава ўдзячнасці пры крыжы вучыць таксама даверу. Варта даверыцца Богу, пераадольваючы ўсе цяжкасці і “цемру” сённяшняга часу.
    Блізкасць любові Бога вядзе за сабой адкрыццё людскога граху, унутранай заганы і бруду, што ставіць чалавека перад абліччам Бога ў пакоры. Грэх выклікае пакуты, а Божая любоў з’яўляецца лякарствам, якое лечыць сэрцы. Гледзячы на крыж, мы павінны ўвесь час прыгадваць сабе, што гэта дрэва жыцця, а не смерці, ласкі, а не граху. Менавіта дзякуючы крыжу здзяйсняюцца вялікія справы любові Хрыста да чалавека.
   

Мы ўсё яшчэ маем шанс

Слова рэдактара

 Як кожны спартсмен заўсёды мае шанс выйграць першае месца, так і кожны з нас у сваім духоўным жыцці заўсёды мае шанс выйграць “медаль для душы” ад Бога. Калі чалавек пачынае аналізаваць сваё жыццё, прыгадваючы кожны этап сваёй зямной вандроўкі, тады ён нават можа паставіць сабе адзнаку за тое, што перажыў. Але мы добра ведаем, што гэта Бог кіруе жыццём чалавека, як кажа прыказка: чалавек мяркуе, а Бог вызначае. Пан Езус заўсёды чакае кожнага з нас. Ён хоча, каб чалавек пазнаў праўду, адчуў дабрыню і меў надзею на лепшае заўтра.
    Пазнаць праўду – значыць, перш за ўсё, зразумець, стоячы пад крыжам, што менавіта каля гэтага дрэва, якое заўсёды будзе дрэвам жыцця, ёсць праўда. Там, дзе чалавек дазваляе Богу ўвайсці ў сваё жыццё, заўсёды будзе святло праўды. З крыжам чалавек заўсёды будзе заставацца чалавекам. Прыгадваючы пра свае цяжкасці, ён будзе накіроўваць свае думкі і жаданні Усемагутнаму. Асяроддзе чалавека заўсёды павінна быць пазначана крыжам. Гэта жыццё ў праўдзе і з праўдай. Мы ўсё яшчэ маем шанс асвяціць сваё жыццё праўдай Хрыста.
    Сённяшняму часу неабходны добрыя людзі, неабходна дзяленне дабром з кожным. Распачынаючы перыяд Вялікага посту, варта памятаць пра гэта.
   

А калі мы пойдзем да ксяндза?

Слова рэдактара

 “Заканчваецца чарговы год калядавання. У адным доме ад пэўнай асобы я пачуў вельмі цікавае пытанне: “Ксёндз ходзіць па калядзе кожны год, а калі ўжо мы пойдзем да ксяндза?”. Так з энтузіязмам мяне як пробашча – думаю, што і іншых ксяндзоў таксама – віталі парафіяне. Таму я магу сцвердзіць, што ў Беларусі людзі любяць прымаць ксяндза з душпастарскім візітам.
    Вядома, каляда ад каляды адрозніваецца. Інакш яна выглядае ў вёсцы, інакш у вялікім горадзе. Часам адзін святар ходзіць з душпастарскім візітам у парафіі і непакоіцца, як паспець прыйсці ў кожны дом, а дзесьці ксяндзы распачынаюць каляду адразу пасля свят Божага Нараджэння і не спяшаючыся, спакойна калядуюць удвух ці ўтрох. Але да пачатку Вялікага посту кожны жадаючы парафіянін павінен паспець прыняць у сваім доме святара на супольнай малітве і такой неабходнай некалькіхвіліннай размове. Менавіта так выглядае каледаванне на нашых тэрыторыях.
    Пасля размоў з ксяндзамі часцей за ўсё можна пачуць, як патрэбна супольная малітва і размова з парафіянамі. Некаторыя размовы не змяняюцца на працягу 5–10 гадоў. Ксяндзы кажуць, што часам загадзя ведаюць усё, што скажа кожны канкрэтны чалавек, але людзі вельмі цэняць, што ксёндз моліцца з імі аб тым, каб Бог пасяліўся ў іх доме і спаслаў на іх сваё бласлаўленне.
   

Будзьце місіянерамі радасці Евангелля

Слова рэдактара

 “Чарговы загаловак свайго рэдактарскага разважання я ўзяў з гаміліі Святога Айца Францішка, прамоўленай у Маніле падчас візіту на Філіпіны 18 студзеня. На плошчу Рызаль на супольную малітву прыбыло мноства філіпінцаў. Усе, безумоўна, чакалі ад Пятра нашага часу пастарскага слова, падказкі на чарговыя дні зямнога жыцця, каб яно было бласлаўлёнае Богам. Беручы пад увагу паўсюднасць Касцёла, мы разумеем, што словы Святога Айца скіраваны таксама нам.
    Папа спачатку прыгадаў усім сабраным пра нашу тоеснасць, пра тое, што кожны з нас з’яўляецца Божым дзіцём. Тое, што мы члены Божай сям’і, абавязвае кожнага чалавека, незалежна ад таго, жыве ён у Беларусі ці на Філіпінах, захоўваць тоеснасць веруючага чалавека. Гэта не заўсёды атрымліваецца, бо д’ябал руйнуе нашае жыццё, робіць усё, каб сучасны чалавек забыўся пра сваё падабенства з Богам. Папа Францішак сказаў пра гэта наступным чынам: “Часам, калі мы бачым праблемы, цяжкасці і нясправядлівасць вакол нас, узнікае спакуса паддацца ім. Здаецца, што абяцанні Евангелля не могуць рэалізавацца, што яны нерэальныя. Але Біблія гаворыць нам, што вялікай небяспекай для Божага плана адносна нас ёсць і заўсёды быў падман. Сатана – бацька падману. Ён часта хавае свае сеткі за знешняй вытанчанасцю, за прывабнасцю быць «сучаснымі», быць «як усе».
   

Запраектаваць сваё жыццё з Богам

Слова рэдактара

 “У новы год мы павінны ўваходзіць з Езусам Хрыстом, народжаным з Дзевы Марыі, і ўносіць Яго бласлаўленне ў нашае жыццё”, – так заахвочваў усіх сабраных у катэдральнай базіліцы вернікаў наш кс. бп Аляксандр Кашкевіч падчас Эўхарыстыі на Новы год. Гэтымі ж словамі я вырашыў распачаць сваё першае сёлетняе разважанне, паколькі гэта вялікае заданне для кожнага з нас. Яно не вельмі лёгкае, але з Божай дапамогай яго ўдасца выканаць. Больш таго, гэта заданне не толькі на новы год, але і на ўсё жыццё. Калі хтосьці яшчэ не ўзяўся за яго выкананне, раю не адкладваць на апошнюю хвіліну, паколькі ніхто не ведае, калі гэтая хвіліна надыдзе. Калі ёсць тыя, хто ўжо паспрабаваў прыняць гэтыя словы ў сваё жыццё, яны бясспрэчна цешацца жыццём з Богам. А таму варта запраектаваць сваё жыццё па Божым прыкладзе і напоўніць яго Божым бласлаўленнем ужо на пачатку года.
    Калі мы штосьці плануем ці праектуем, у нас ёсць пэўная мэта. Мы стараемся спланаваць усё так, каб дасягнуць гэтай мэты. Калі нам гэта не ўдаецца, мы пераконваемся, што пэўныя нашы разлікі былі памылковымі. Некаторыя з іх мы можам выправіць, але ёсць і непапраўныя памылкі. У духоўным жыцці мы таксама маем нейкія планы і пастановы. Але мы павінны рабіць іх разам з Езусам, які не дапусціць, каб мы зрабілі памылку, бо для нашай душы яна можа быць смяротнай.
   

Ты – цуд

Слова рэдактара

 На зямным шары існуе мноства цудоўных рэчаў, якім радуецца вока і да якіх цягнуцца рукі. Некаторымі з іх мы нават спрабуем захапляцца на працягу ўсяго нашага жыцця. Людзі часта паўтараюць у такіх сітуацыях: “Гэта цуд!”, забываючыся, што для цуду не абавязкова патрэбна нешта выключнае і спецыяльнае, і не заўважаючы ў сваёй штодзённасці цуду ўласнага жыцця. Кожны з нас з’яўляецца цудам, а цудатворца – сам Бог, які стварыў чалавека па сваім вобразе і падабенстве. Цудам з’яўляецца нашае жыццё, цудам з’яўляецца тое, што робіць кожны з нас. Не трэба чакаць, пакуль здзейсніцца цуд. Мы штодзённа можам сустрэць на сваім шляху Езуса, які і з’яўляецца цудатворцам.
    Але мы таксама сустракаем цудатворцаў сярод людзей. Гэта звычайныя людзі: настаўнікі, урачы, цырульнікі, простыя і звычайныя працаўнікі і г.д. Я – цуд, таму што Бог мяне любіць, любіць усіх людзей, усіх без выключэння. Любоў Езуса да нас неабмежаваная. Нават нашыя слабасці, памылкі, усякая нядбайнасць не абмяжоўваюць яе. Бог любіць мяне таксама, як Маці Тэрэзу і Яна Паўла II, пробашча і міністрантаў маёй парафіі, маладога чалавека і старэйшага, як любіць кожнага. Бог у нованароджаным Езусе адсланяе сваё аблічча на зямлі. Цуд Божага нараджэння здзяйсняецца ў кожным з нас тады, калі мы адказваем на Божую любоў. Гэты адказ вельмі нам патрэбны. Гэта цуд нашага зямнога жыцця, які вядзе нас да Бога. Не трэба думаць, што мы замалыя для цуду ці для таго, каб паўплываць на штосьці, што адбываецца навокал, бо змагаючыся з грахом і слабасцямі, мы становімся сведкамі цуду асабістага навяртання.
   

Духоўныя скарбы 2015 года

Слова рэдактара

 Урачыстай св. Імшой, цэлебраванай у першую нядзелю Адвэнту ў базіліцы св. Пятра ў Ватыкане, у каталіцкім Касцёле распачаўся Год кансэкраванага жыц­ця, які прадоўжыцца да 2 лютага 2016 года. Літургію ўзначаліў прэфект Кангрэгацыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця кард. Жуан Брас дэ Авіс, які таксама прамовіў казанне. З гэтай нагоды папа Францішак напісаў апостальскі ліст “Сведкі веры”, які скіраваў у першую чаргу кансэкраваным асобам. Папа звяртае ў ім увагу на тое, што кансэкраваныя асобы пакліканы перажываць і паказваць, што Бог здольны супакоіць нашае сэрца і зрабіць нас шчаслівымі без неабходнасці шукаць шчасце дзесьці яшчэ. Евангельскі радыкалізм распаўсюджваецца на ўсіх, але кансэкраваных асоб ён датычыцца асаблівым чынам, і гэта павінна быць прыярытэтнай задачай для іх. Папа жадае, каб указаная ўжо св. Янам Паўлам II “духоўнасць супольнасці” станавілася рэчаіснасцю і каб кансэкраваныя асобы знаходзіліся на перадавой “прыняцця вялікага выкліку, які стаіць перад імі ў новым тысячагоддзі – рабіць Касцёл домам і школай супольнасці”. У Мінску на распачацце Года кансэкраванага жыцця падчас гаміліі Апостальскі нунцый Клаўдыа Гуджэроці звярнуў увагу ўсіх прысутных на той факт, што кансэкраванае жыццё з’яўляецца вялікім скарбам, а не адмовай ад чагосьці. Іерарх заахвоціў прысутных дзяліцца верай і радасцю з кожным сустрэтым на жыццёвым шляху чалавекам.
   

Старонка 20 з 34:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  189

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.