ГРОДНА
Серада,
17 ліпеня
2024 года
 

Слова рэдактара

Каляда – гэта час “духоўнага рамонту”

Слова рэдактара

Студзень у нашых парафіях – гэта месяц калядавання. У гэты час мы сустракаемся з душпастарамі ў сваіх дамах у сямейнай атмасферы. А ці ўсім патрэбна каляда? Ці належным чынам мы перажываем гэты час? Давайце сёння паразважаем менавіта над гэтым.
Каляда патрэбна як пробашчу, так і парафіянам. У пробашча ёсць трохі больш часу, каб пазнаць сваю парафію, паразмаўляць з людзьмі, даведацца пра змены, якія адбыліся ў іх сям’і за апошні год, паклапаціцца аб духоўным развіцці сваіх парафіян, просячы аб Божым бласлаўленні для жыхароў на новы год. У сваю чаргу парафіяне маюць цудоўную магчымасць паразмаўляць са сваім душпастарам, задаць хвалюючыя пытанні і супольна памаліцца. Вельмі важна, калі цэлая сям’я, усе жыхары дома збіраюцца на душпастарскі візіт. Супольная малітва ў інтэнцыі сям’і, а таксама асвячэнне дома павінны стаць важным элементам жыцця веруючых людзей на пачатку новага года.
    Але ёсць розныя душ-пастары і розныя парафіяне. Некаторыя скардзяцца, што ксёндз хутка памаліўся і ўцёк з дома, патлумачыўшы, што мае яшчэ шмат дамоў і мала часу. Часам, наадварот, можна пачуць, што душпастар задае зашмат пытанняў, правярае пацеры ў дзяцей і дарослых, публічна “спавядае” з жыцця. На прыкладзе гэтых сітуацый мясцовым душпастарам, напэўна, трэба задумацца над сваім калядаваннем і зрабіць усё, каб нараканняў з боку людзей не было. Але нараканні чуваць і з боку душпастараў. Можна прывесці цэлыя літаніі душ- пастарскіх сустрэч, калі мужчына ўцякае з дому, дзеці баяцца ксяндза, жыхары сустракаюць пробашча ў халаце і г.д.
 

У Год Міласэрнасці пры яслях

Слова рэдактара

 Чарговыя святы Божага Нараджэння даюць нам нагоду для шторазовай задумы. Зрэшты, ад аднаго ксяндза я пачуў, што хрысціянін – гэта чалавек, які павінен увесь час думаць. Хтосьці скажа, што кожны чалавек павінен думаць, але парадокс гэтага жыцця заключаецца, як бачым, у тым, што не ўсе гэта робяць. Не кожны можа сказаць Богу “так”, а д’яблу – “не”. Але я не аб гэтым хацеў бы сёння разам з Вамі паразважаць.
    У гэтыя дні кожны з нас, думаю, не раз падыдзе да бэтлеемскай стайні, каб ушанаваць Бога, які нара-дзіўся на зямлі. Мы не адзін раз пачуем прыгожыя мелодыі калядак і заспяваем разам у касцёлах і ў сваіх дамах бэтлеемскія гісторыі цуду нараджэння Збаўцы. Для адных гэта могуць быць звычайныя святы, а для іншых – сапраўдная сустрэча з нованароджаным Хрыстом. Калядкі, стаенка, малітва – усё гэта вельмі важна, і без гэтага мы не ўяўляем сабе свят Божага Нараджэння. Але ёсць яшчэ адзін спосаб “малітвы” і “каляды” ў Год міласэрнасці. Хрыстос можа нарадзіцца ў нашых сэрцах праз добры ўчынак. Варта над гэтым задумацца.
    Сёння чалавеку як ніколі патрэбна дапамога ад Бога і людзей. Гэтая дапамога можа быць рознага тыпу: пачынаючы ад добрага слова, ажно да цудоўных каштоўных падарункаў, патрэбных тым, хто знаходзіцца ў складанай жыццёвай сітуацыі. На адным з каталіцкіх форумаў дапамогі ў інтэрнэце я прачытаў такі сказ: “Праз добры ўчынак дапамагаю людзям у збаўленні”. Здавалася б, што добрыя ўчынкі – гэта ратаванне ўласнай душы і жыцця. І гэта таксама праўда. Але можна пайсці далей: праз добрыя ўчынкі можна збавіць іншых.
   

Што мы чакаем ад Года міласэрнасці?

Слова рэдактара

Міласэрнасць робіць чалавека “здаровым”, а свет – прыгожым.
 Што Вы чакаеце ад Года міласэрнасці? Такое пытанне пачуў папа Францішак ад аднаго з журналістаў афіцыйнага часопіса на Год міласэрнасці “Верыць”. Святы Айцец расказаў, што рашэнне аб абвяшчэнні гэтага года Годам міласэрнасці не было раптоўным. Такія Папы як Павел VI і Ян Павел ІІ вельмі многа зрабілі за свой пантыфікат, каб развіваць справу міласэрнасці. Францішак прыгадаў, як на пачатку яго папскай паслугі кардынал Вальтэр Каспер з Германіі падарыў новаму Папу некалькі кніг на тэму міласэрнасці. Першае казанне і папскае разважанне падчас малітвы “Анёл Панскі” былі менавіта на тэму міласэрнасці. Папа Францішак ужо даўно разумеў, што сённяшні свет патрабуе міласэрнасці, што гэта адзіная дарога, каб вывесці яго з хаосу. Падчас інтэрв’ю Папа дакладна сказаў, што свет сёння прызвычаены да дрэнных навін і вялікіх злачынстваў. Затым Святы Айцец распавёў такі момант, калі ў яго галаве склаўся вобраз Касцёла, які з’яўляецца своеасаблівым шпіталем на полі бітвы. “Ёсць вельмі шмат параненых людзей, – сказаў Папа, – якім неабходна «лячэнне»”. На думку Папы, Юбілейны год міласэрнасці будзе часам прабачэння і паяднання.
   

Адвэнт - час чакання Міласэрнасці

Слова рэдактара

 Чарговы Адвэнт у нашым жыцці будзе незвычайным. Менавіта ў гэты час будуць урачыста адчынены адпуставыя Дзверы Міласэрнасці ў Рыме, а пазней у катэдры кожнай дыяцэзіі. Адкрыццё гэтых Дзвярэй з’яўляецца незвычайным сімвалам адкрыцця для кожнага з нас вялікай таямніцы Міласэрнасці. Таму варта засяродзіцца на Міласэрнасці ў Адвэнце і не толькі.
    Міласэрнасць вядзе нас перш за ўсё пад Крыж Езуса, дзе Збаўца свету ахвяруе сваё жыццё за кожнага чалавека. З Крыжа выходзіць Міласэрнасць Езуса для ўсяго свету. Пачатак гэтай збаўчай місіі Міласэрнасці ў дачыненні да людзей знаходзіцца ў моманце Звеставання, калі Марыя даведваецца, што стане Маці Міласэрнасці. Мы неаднаразова будзем разважаць над гэтым падчас Адвэнту ў хвіліны раратніх сустрэч з Марыяй, якая паказвае сабой, наколькі вялікая міласэрнасць чакае кожнага чалавека, што будзе сведкам нараджэння Хрыста ў сваім сэрцы. З Адвэнту разам з Марыяй распачынаецца таксама наша жыццёвая дарога да Міласэрнасці, да Езуса, да дрэва Крыжа. А пазней, без сумненняў, таямніца Міласэрнасці прывядзе нас у Неба.
   

Мы ў Валадарстве Езуса

Слова рэдактара

 Праз некалькі дзён мы будзем перажываць урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Гэта будзе апошняя нядзеля літургічнага года, пасля якой мы распачнём перыяд Адвэнту, які будзе таксама пачаткам Года міласэрнасці. Многае перад намі, але найперш варта прыгадаць сабе, што Езус валадарыць у нашых сэрцах, з’яўляецца Валадаром нашага жыцця, усяго, што з намі звязана і Богам пабласлаўлена.
    Валадарства Езуса не з гэтага свету, яно вечнае. Пан Езус сам кажа пра гэта: “Валадарства Маё не з гэтага свету” (Ян 18, 36). Гэта дэкларацыя Езуса аб пазазямным яго характары. Як хрысціяне мы належым Хрысту і Яго Валадарству. Часта ў малітве Панскай мы прамаўляем словы: “Прыйдзі Валадарства Тваё”. Але ці ўсведамляем мы, пра якое Валадарства тут гаворыцца? Тэарэтычна мы ведаем, што гаворка ідзе пра Валадарства не з гэтага свету, якое характарызуецца духоўнымі вартасцямі. Але на практыцы – як жа часта – не хочам пра гэта думаць. Мы забываемся аб тым, што Езус атрымаў як Цар не дыядэму і пурпурную мантыю, а іншыя знакі ўлады. Забываемся, што Ён змагаўся за сваё Валадарства, але не ў мінучым сэнсе. Гэта своеасаблівы парадокс, які Хрыстос прыгадвае нам сёння: Яго Валадарства не з гэтага свету. Мы назіраем вялікую зацікаўленасць тысяч людзей справамі ўлады. Лепш за ўсё гэта бачна падчас выбараў. Чалавек заўсёды хацеў бы быць правіцелем, які дае распараджэнні. Езус як Цар інакш выконвае сваю паслугу, маючы на мэце дабро для кожнага чалавека.
   

Мы прамінаем перад абліччам Пана

Слова рэдактара

 У многіх ёсць дома каляндар, з якога мы штодзённа зрывам старонкі. Мы робім гэта на працягу ўсяго года, не зважаючы на тое, што ён становіцца ўсё танчэйшым. Кожная старонка – гэта чарговы дзень нашага жыцця. І прыйдзе такі час, калі ў календары нашага зямнога жыцця не застанецца ніводнай старонкі. Гэта будзе час нашай сустрэчы з Хрыстом. Але не толькі ў апошні свой дзень мы можам стаць перад веліччу Бога, мы можам рабіць гэта штодзённа, Бога ж не абмяжоўвае час. Асабліва ў дні малітвы за нашых памерлых мы ўсведамляем, што і нашае жыццё прамінае, што мы павінны больш углядацца ў Неба, каб атрымаць святло на дарогу нашага жыцця.
    З кожным днём і з кожным годам Пан “ідзе су-дзіць зямлю”. Ён будзе судзіць паводле праўды, што асвячае нашыя шляхі, па якіх мы не ідзём паасобку, але як Божы люд. Разам з намі заўсёды Хрыстос. Гэтае прыйсцё да Хрыста пачынаецца з моманту святога хросту. Пазней мы сустракаемся з Ім у астатніх святых сакрамантах, у Божым слове, у чалавеку, які патрабуе дапамогі, у цярпенні. Мы сустракаемся з Хрыстом на нашых могілках, дзе Ён паказвае сваю моц над смерцю, адкрываючы для кожнага з нас брамы Неба. Доказам гэтага з’яўляецца наша малітва за памерлых, каб яны дасягнулі неба.
   

Якой павінна быць сям’я

Слова рэдактара

 На пытанне, якой павінна быць сённяшняя сям’я, усё цяжэй знайсці адказ. Давайце паспрабуем задумацца, чаму так? Чаму на адно з фундаментальных пытанняў нашага жыцця ў сучасных рэаліях цяжка правільна адказаць? Хтосьці думае, што сям’я перш за ўсё павінна быць любячай, але ў сённяшнім свеце варта спытацца, што гэта за любоў і паміж кім. Альбо, можа, хтосьці скажа, што сям’я здаўна была і павінна быць шчаслівай, але як мы сёння разумеем шчасце, бо сям’я сёння – гэта не толькі родны дом, у які хочацца вяртацца, цяпер такой фармулёўкі ўжо замала. А хтосьці дадасць яшчэ шмат прыметнікаў, хаця б: клапатлівая, апякунчая, талерантная, вытрыманая і, перш за ўсё, сямейная.
    Чаму сёння так складана знайсці адказ на, здавалася б, вельмі простае жыццёвае пытанне? Адказ я пачуў у аднаго з амерыканскіх кардыналаў, які прысутнічае на Сінодзе Біскупаў. Ён сказаў пра сучасны свет так: “Апаноўваючы прыроду з мэтай развіцця, мы, лю-дзі, атруцілі нашы акіяны і паветра, якім дыхаем. Мы атруцілі кантрацэпцыяй чалавечы арганізм. Мы страцілі разуменне сексуальнасці. У імя самарэалізацыі мы заняліся будаўніцтвам новай Вавілонскай вежы тыраніі, якая падкармлівае нашы жаданні, але прымушае да смерці галадаць нашу душу”. Менавіта такім становіцца наш свет, у якім жывём мы, жывуць нашыя сем’і.
   

З ружанцам абараняць сям’ю

Слова рэдактара

 Ад 5 да 19 кастрычніка адбудзецца III Пазачарговая агульная сесія Сінода Біскупаў, якая будзе прысвечана сям’і ў кантэксце евангелізацыі. У гэтыя дні позіркі ўсіх католікаў будуць асаблівым чынам скіраваны ў напрамку Ватыкана. Мы спадзяёмся і верым, што Святы Дух асвеціць сэрцы ўсіх сабраных на сінодзе, каб сваімі разважаннямі яны ахапілі шырокі спектр праблем, звязаных з функцыянаваннем сучаснай сям’і, асабліва ў кантэксце яе паклікання і місіі ў Касцёле і ў свеце. Варта таксама кожнаму з нас далучыцца да гэтай справы праз ружанцовую малітву ў інтэнцыі сем’яў, а таксама клопат пра добрае і згоднае з Евангеллем уласнае сямейнае жыццё ў нашых дамах. Варта ўзяць ружанец у рукі, каб кожнае “Вітай, Марыя” ахвяраваць за святасць нашых сем’яў.
    Малады Касцёл у Беларусі павінен “паста-віць” на развіццё сямей і іх духоўную апеку. Менавіта праз супрацоўніцтва сям’і з Касцёлам і дзяржавай мы паклапоцімся аб добрай будучыні нашага Касцёла і ўсёй краіны. Кветкай жыцця Касцёла могуць стаць сем’і, якія на першае месца ставяць хрысціянскія каштоўнасці, любоў да Бога і адзін да аднаго.
   

Ці сустрэў Ты Бога?

Слова рэдактара

 Некалькі дзён таму мне ў рукі трапіла кніга вядомага атэіста Андрэ Фросара, у якой ён апісвае, як сустрэў Бога. “Бог існуе. Я сустрэў Яго” – назва яго вядомай працы і адначасова вызнанне ўласнага навяртання. Што азначае гэтае сцверджанне? Як можна сустрэць Бога і які гэта Бог? Пра які род досведу ідзе гаворка? Ці здольны мы апісаць сваю сустрэчу з Богам? Я лічу, што гэтыя пытанні патрабуюць неадкладных адказаў. Ці лёгка нам будзе адказаць на іх?
    Сведчанне Андрэ не адзінае. Наадварот, гісторыя Касцёла прапануе нам мноства падобных прыкладаў – ад першых вучняў Хрыста, ад святога Паўла і яго дарогі навяртання ў Дамаск ажно да нашых дзён, праз усіх людзей, якія сустракаюцца з Хрыстом, бо і сёння такіх хапае. Сустрэць Хрыста можна на кожным жыццёвым шляху. Святы Аўгусцін сустрэў Яго пасля прачытання Евангелля і малітвы сваёй маці, святая сястра Фаустына – праз глыбокае сузіранне і сузіральнае жыццё, святы Антоній раздаў усё, што меў, і стаў пустэльнікам... Але ёсць таксама тыя, хто ўсё яшчэ сцвярджае, што Бога няма, што яны Яго не сустрэлі.
   

Старонка 18 з 34:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  168

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.