ГРОДНА
Серада,
26 чэрвеня
2024 года
 

З жыцця Касцёла

Папялец распачаў Вялікі пост – час для перамены жыцця

З жыцця Касцёла

Акт пасыпання галавы попелам з’яўляецца заклікам да пакаяння, пакуты і жалю за грахі

“Будзе больш споведзей і добрых абяцанняў – шмат скрадзеных рэчаў вернецца хутка. А ўсё распачнецца проста з Серады, і менавіта з попелу... з камячка, што брудзіць”.
(Кс. Ян Твардоўскі)
5 сакавіка каталіцкі Касцёл адзначаў Папяльцовую сераду. Святары пасыпалі вернікам галовы попелам на знак пакаяння і ачышчэння, прамаўляючы пры гэтым словы: “Памятай, што ты – прах, і ў прах вернешся” або “навяртайцеся і верце ў Евангелле”. Гэтым самым распачаўся перыяд 40-дзённага Вялікага посту, які павінен падрыхтаваць вернікаў да самага важнага свята – свята Уваскрасення Пана.
    Кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, цэлебруючы ў гродзенскай катэдры ранішнюю св. Імшу, засяродзіўся над словамі: “Ад імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам” (2 Кар 5, 20). Іерарх адзначыў, што перыяд Вялікага посту – гэта час асаблівага з’яднання з Богам і бліжнімі, час пакоры і пакуты, малітвы, міласэрнасці і міласціны. Кс. біскуп заахвочваў вернікаў да рэфлексіі і разважання над пытаннем: “Якія ў мяне адносіны з Богам?”.
    “Трэба праз малітву наладжваць з Богам жывы кантакт, каб гэта былі сапраўдныя адносіны са Стварыцелем, які з’яўляецца нашым Айцом і прымае кожнага з нас як сваё дзіця”, – сказаў кс. біскуп Аляксандр.
 

Папа Францішак аб праблемах Касцёла і свету

З жыцця Касцёла

Папа ўшаноўвае крыж

Праблемы Касцёла і сучаснага свету закрануў папа Францішак у інтэрв’ю, якое ён даў з нагоды надыходзячай першай гадавіны свайго выбару на Пасад св. Пятра дырэктару найбуйнейшай італьянскай газеты “Corriere della Sera” Феруччо Дэ Бортолі. Інтэрв’ю было праведзена ў Доме св. Марты. Як адзначае Дэ Бортолі, Папа не вельмі хацеў успрымаць гэтую размову як падсумаванне года. Як пажартаваў, вынікі ён падводзіць праз кожныя пятнаццаць дзён са сваім спаведнікам.
– Ваша Святасць, Вы тэлефануеце да многіх людзей, якія просяць Вас аб дапамозе. Ці здаралася, што яны не вераць, што гэта сапраўды Вы?
    – Так, здаралася. Калі хтосьці тэлефануе, ён робіць гэта таму, што хоча паразмаўляць, хоча спытацца, што трэба рабіць, просіць парады. Калі я быў ксяндзом у Буэнас-Айрэсе, было прасцей. Для мяне гэта ўжо стала звычкай. Службай. Я так гэта адчуваю. Але безумоўна, цяпер гэта нялёгка з-за вялікай колькасці людзей, якія да мяне пішуць.
   
    – А ці быў сярод усяго гэтага які-небудзь кантакт, які Вы ўзгадваеце з асаблівай сімпатыяй?
    – Пэўная жанчына, 80-гадовая ўдава, якая страціла сына, напісала да мяне. Цяпер я кожны месяц тэлефаную да яе і мы трошкі размаўляем. Яна шчаслівая, а я застаюся душпастарам і мне падабаецца гэта.
   

Футбалісты ў сутанах зайгралі на Чэмпіянаце Еўропы

З жыцця Касцёла

Ксяндзы з Польшчы ўжо ў пяты раз становяцца чэмпіёнамі Еўропы па міні-футболе

Чэмпіёнамі Еўропы па міні-футболе сталі ксяндзы з Польшчы: на шляху да залатога медаля яны не прайгралі ніводнага матча. Святары з Беларусі здабылі чацвёртае месца.
VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод ксяндзоў адбываўся ў Лідзе 24–28 лютага. Каля 170 ксяндзоў з трынаццаці краін у зацятых і эмацыйных матчах змагаліся за залаты медаль.
    Каманда польскіх ксяндзоў заваявала тытул чэмпіёнаў Еўропы, перамогшы ў групавых матчах Партугалію і Аўстрыю, у чвэрцьфінале Румынію, а ў паўфінале Беларусь. У фінальным матчы каманда Польшчы здолела перамагчы Харватыю з лікам 2:1. Гэта быў ужо пяты трыумф польскіх святароў у гісторыі Чэмпіянату Еўропы.
   

Арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці: Быць прадстаўніком Папы ў гэтай краіне – вялікі прывілей

З жыцця Касцёла

Апостальскі нунцый кс. абп Гуджэроці падчас св. ІмшыКасцёл у Беларусі ўступіў у новы год, які можна акрэсліць, як новы этап служэння, паколькі яго пачатак быў азнаменаваны пасвячэннем трох новых біскупаў. Гэтая падзея станоўчым рэхам адбілася ў Касцёле і грамадстве. “Каталіцкі Касцёл у Беларусі – гэта не «Касцёл прыезджых» – асоб, якія прыбылі звонку. Гэта Касцёл, які нарадзіўся тут і меў тут свае карані заўсёды”, – адзначыў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці. Ён пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
- Ваша Эксцэленцыя, што Вы лічыце сваім прыя­рытэтам у служэнні ў Беларусі?
    - Вельмі складана казаць аб прыярытэтах, таму што ў такой цікавай, багатай і нават непрадказальнай краіне прыярытэты прыходзяць самі. Як ведаеце, заданне нунцыя датычыць як адносін з каталіцкай супольнасцю, так і прадстаўніцтва перад беларускай дзяржавай і іншымі інстытутамі, такімі як праваслаўная Царква або культурныя ўстановы. Я павінен сказаць, што цікавасць беларускага боку да каталіцкага Касцёла вялікая. А таму колькасць абавязкаў палітычнага, дыпламатычнага, культурнага характару не меншая за тыя, якія датычаць служэння каталіцкаму Касцёлу ў розных парафіях, падчас розных свят, вялікіх цэлебрацый, а таксама звычайных штодзённых сустрэч. Таму складана казаць пра загадзя вызначаныя прыярытэты. Прыярытэты вызначаюцца асобамі і гістарычнымі момантамі.
   

Статуі Апосталаў будуць адрэстаўрыраваны

З жыцця Касцёла

Фігуры Апосталаў з гродзенскай катэдры чакалі рэстаўрацыі некалькі стагоддзяўУ гродзенскай катэдры распачаўся чарговы этап рэстаўрацыйных прац. 11 лютага з будынка касцёла св. Францішка Ксаверыя былі зняты статуі святых Апосталаў Пятра і Паўла.
Фігуры, якія маюць звыш двух метраў вышыні, стаялі на франтоне пры галоўным уваходзе ў святыню. Хутчэй за ўсё, гэтыя фігуры ніхто ніколі не рэстаўрыраваў, паколькі пра гэта няма ніякай гістарычнай згадкі. Яны некалькі разоў перафарбоўваліся, бо на іх бачны слаі фарбы.
    “Фігуры знялі, таму што іх становішча ўжо аварыйнае і яны патрабуюць канкрэтнай рэстаўрацыі, – тлумачыць кс. Ян Кучынскі, пробашч катэдры. – Некаторыя часткі фігур вельмі пашкоджаны пад уплывам дажджу і снегу. Рэстаўрыцыя будзе раскладзена на тры этапы: натуральнае высушванне, насычэнне хімічнымі сродкамі і фарбаванне гэтых фігур. Усе рэстаўрацыйныя працы будуць праведзены спецыялістамі з Мінска пры супрацоўніцтве з польскімі рэстаўратарамі”.
   

Старонка 81 з 153:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  189

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.