ГРОДНА
Серада,
03 ліпеня 2024 года |
Сведчанні свайго паклікання
Чаму ўсё яшчэ існуюць тыя, хто праз 2000 гадоў пасля выбару першых Апосталаў надалей хоча так, як і яны, пакінуць свае мары і планы, прысвячаючы жыццё служэнню Богу і людзям? Чым з’яўляецца пакліканне да святарства і адкуль яно бярэ свае пачаткі?
![Ксёндз Ян Кузюк Ксёндз Ян Кузюк](/images/stories/n375/kuziuk.jpg)
парафія Найсвяцейшай Тройцы ў в. Бердаўка, Лідскі раён
Гледзячы на прыклад святароў, якія паходзяць з маёй мясцовасці, я пачаў задумвацца аб сваім пакліканні. Асаблівым чынам уплыў на мяне аказаў прыклад майго першага пробашча кс. Станіслава Лугоўскага, які працаваў у Бердаўцы і які некаторы час жыў пад адным дахам са мной, у хаце маіх дзядоў. У той час, калі яго скіравалі ў нашу супольнасць, парафіяльнага дома яшчэ не было. Менавіта ён прыкладам свайго святарскага сведчання дапамог мне абраць гэты шлях. †
![Ксёндз Павел Эйсмант Ксёндз Павел Эйсмант](/images/stories/n375/ejsmant.jpg)
парафія Божай Міласэрнасці, Гродна-Вішнявец
Аднойчы ў сваім сэрцы я пачуў голас Божага паклікання. Бог адарыў мяне ласкай замілавання да святарства яшчэ ў 3-м класе сярэдняй школы. Тады яшчэ мае ўяўленні аб святарстве былі інфантыльнымі, заснаванымі на пачуццях, якія пазней прыціхлі. Больш сур’ёзна я пачаў думаць аб святарстве ў 10-м класе. Дзякуючы асабістай малітве, парадам старэйшых святароў і чытанню рэлігійнай літаратуры я прыйшоў да высновы, што гэта мой шлях, бо як напісана ў Евангеллі “жніво вялікае, але работнікаў мала”. Я захацеў стаць працаўніком на ніве Пана. Уплыў на мой выбар, у большасці сваёй, аказалі святары, якіх я меў магчымасць спаткаць у сваім жыцці. Мой колішні пробашч, кс. Станіслаў Росек, быў для мяне прыкладам працавітасці. Нягледзячы на цяжкасці, звязаныя з душпастарскай паслугай і будаўніцтвам касцёла, ён заставаўся верным свайму пакліканню. Аднойчы перад пілігрымкай ён падарыў мне фацімскі ружанец і заахвоціў, каб я ў гэтай малітве прасіў Бога распазнаць сваё пакліканне. Гэта засталося ў маёй памяці назаўсёды.
![Ксёндз Юрый Ясевіч Ксёндз Юрый Ясевіч](/images/stories/n375/jasevich.jpg)
парафія св. Яна Хрысціцеля ў в. Беняконі, Воранаўскі раён
Для мяне святар – гэта той, хто дапамагае чалавеку знайсці Бога, хто ахвяраваў сваё жыццё на служэнне Яму і чалавеку. З гэтым меркаваннем моцна звязаны мой выбар. На тое, што я абраў менавіта святарства, паўплывала шмат фактараў. Гэта, перш за ўсё, прыклад тых святароў, дыяканаў і клерыкаў, якія працавалі ў маёй роднай парафіі. На маю думку, святар павінен быць адчынены на дыялог з людзьмі, павінен быць чалавекам малітвы. Тых, хто задумваецца над выбарам святарства, я б хацеў заклікаць, каб яны мелі больш адвагі, не баяліся прыняць запрашэнне Езуса, не баяліся, што ад многага трэба будзе адмовіцца дзеля большай узнагароды, якую абяцае нам Езус.
![Дыякан Юрый Гурскі Дыякан Юрый Гурскі](/images/stories/n375/gurski.jpg)
парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі,
в. Новы Двор, Шчучынскі раён
Перад кожным чалавекам на пэўным этапе яго жыцця паўстае неабходнасць выбару жыццёвага шляху. Маё рашэнне цесна звязана з маімі ідэаламі, якія я змагу рэалізаваць толькі на гэтай дарозе. Дзякуючы прыкладу сясцёр кармелітанак і тагачаснаму пробашчу парафіі а. Войцеху Вішнеўскаму насенне майго паклікання пачало ўзрастаць. Святар у сучасным грамадстве павінен быць сведкам Добрай Весткі аб Хрысце. Сярод спрэчных і шкодных ідэалогій голас Касцёла слаба чуваць, таму ён павінен быць больш адважным у прапаведаванні Езуса Хрыста і навучанні хрысціянскай маральнасці. Святар таксама павінен быць, кажучы сучаснай мовай, добрым лідарам. Для тых, хто думае абраць гэтую нялёгкую дарогу, я б параіў прыслухацца да голасу свайго сэрца і стаць у праўдзе перад самім сабой.
![Дыякан Павел Безляповіч Дыякан Павел Безляповіч](/images/stories/n375/bezliapovich.jpg)
парафія Адшукання Святога Крыжа, г. Астравец
На маё рашэнне стаць святаром аказала ўплыў шмат фактараў. Думаю, што пачуццё вялікай патрэбы дапамагаць людзям вырашаць іх праблемы і пазнаваць Бога. Значны ўплыў на мой выбар аказала таксама асяроддзе, у якім я атрымаў выхаванне: мая сям’я, парафіяльная супольнасць, а таксама розныя сітуацыі і людзі, якіх я сустракаў. Святар у сучаснасці павінен, перш за ўсё, першым выходзіць на дапамогу патрабуючаму чалавеку, быць спачатку чалавекам, а толькі потым святаром.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 182 |
Чакаем Вашай падтрымкі
![skarbonka](/images/stories/skarbonka.png)
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.