Ахвяра Хрыста і наша
Святая Імша – гэта ахвяра Хрыста, якую Ён здзейсніў за нас, але гэта таксама і наша ахвяра. Мы можам уключыць у Яго ахвяру ўсё наша жыццё. У час той часткі св. Імшы, якую мы называем ахвяраваннем, святар бярэ хлеб і гаворыць: “Бласлаўлёны Ты, Пане Божа сусвету, бо, дзякуючы Тваёй шчодрасці, мы атрымалі хлеб, плод зямлі і працы рук людскіх, ахвяруем яго Табе, каб ён стаў для нас хлебам жыцця”. Белая аплатка на патэне лёгкая, але патэна павінна мець свой цяжар, таму што кожны з нас павінен уключыць у гэты хлеб працу сваіх уласных рук і свайго сэрца. Тады мы далучаем да Хрыстовай ахвяры ўсе нашы працы: прафесійныя – на фабрыках, у калгасе – але і выкананыя дома, у гаспадарчым двары. Мы ўключаем у ахвяру Хрыста нашы боль і клопаты, радасці і надзеі – усё тое, што складае наша тыднёвае жыццё. †