ГРОДНА
Нядзеля,
25 жніўня 2024 года |
Як падрыхтавацца да малітвы належным чынам
Людзі, якія ўспрымаюць малітву як важны ўзнёслы акт, павінны імкнуцца падрыхтавацца да яе найлепшым чынам, як і да любога важнага задання або працы. Існуе нават меркаванне, што малітва будзе плённай настолькі, наколькі добрай была падрыхтоўка да яе.
Усвядоміць прысутнасць жывога Бога. Гэта неабходна для таго, каб словы падзякі, праслаўлення ці просьбы, што будуць плысці з вуснаў верніка, не сталі штучнымі, механічнымі, пазбаўленымі веры і сэнсу. Св. Ігнацы Лаёла некалі пісаў, што важна “ўвайсці” ў Бога, адчуць, што Ён тут, са мной, і толькі пасля гэтага пачаць маліцца Богу, а не сцяне, кавалку дрэва ці кніжцы ў руках”.†
Пераступіць “парог малітвы”, які аддзяляе два станы чалавека. З аднаго боку парога стаю Я, пагружаны ў сябе, эгаістычны, сканцэнтраваны на сваіх справах, праблемах. З другога – Я зусім у іншым вымярэнні: звернуты да Бога, адкрыты на Яго Волю, гатовы слухаць, размаўляць, адказваць.
Выбраць адпаведныя час і месца. Часта здараецца так, што, пачынаючы малітву, мы насамрэч заклапочаны зусім іншымі справамі, інтэнсіўна абдумваем другарадныя рэчы ці знаходзімся ў неадпаведным месцы, што не дазваляе сканцэнтравацца. Нельга апускаць гэтыя знешнія фактары, паколькі яны з’яўляюцца перашкодай для глыбокай, адкрытай і шчырай размовы з Богам. Трэба пачынаць маліцца тады, калі можна адарвацца ад мітусні, паспешлівасці, актывізаваць сваю волю і сказаць самому сабе: “Зараз не існуе нічога і нікога, апрача мяне і Створцы, апрача нашай з Ім сустрэчы”.
Зразумела, што Бог прамаўляе, калі захоча і дзе захоча, нават калі мы да гэтага не падрыхтаваны, але мы гаворым пра высілак чалавека, а ў адносінах з Богам ён неабходны.
Засяродзіцца ў маўчанні і цішыні. Большасць вернікаў распачынае малітву “слоўна”, забываючы тым самым, што апрача маўлення, трэба таксама ўмець уважліва слухаць. Гэта важная прапорцыя нашых дзеянняў. Каб добра чуць, што гаворыць нам Пан і быць у стане годна Яму адказаць, трэба пачынаць малітву з маўчання. Гаворачы словамі вышэй згаданага св. Ігнацыя Лаёлы, “засяродзіўшыся ў спакоі, цішыні і маўчанні, мы вырываемся з сябе і пераходзім у Бога”. Маці Тэрэза з Калькуты таксама трапна заўважыла: «Бог - сябар маўчання. Нам патрэбна цішыня, каб мы маглі пагрузіцца ў душу «.
Гэта, бадай, найбольш універсальныя парады - простыя, але вельмі важныя, якімі карыстаюцца многія вернікі. Гэтыя парады не забараняюць шукаць свае ўласныя шляхі да сапраўднай добрай малітвы, але нагадваюць, што пачынаць малітву трэба з дакладнага ўсведамлення, з Кім і дзеля чаго ты хочаш сустрэцца.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 129 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.