Жырмуны
Касцёл тут быў заснаваны ў 1437 г. па фундацыі тагачаснага ўладальніка Жырмунаў пана Войцеха Кучука. У сярэдзіне XVІ ст. пры касцёле дзейнічала альтарыя.
Новы драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1624 г. на сродкі Яна Завішы, ваяводы віцебскага, і яго жонкі Ганны Трызнянкі. Касцёл быў кансэкраваны пад тытулам Найсвяцейшай Марыі Панны і ўпасажаны “з абавязкам утрымання арганіста, школкі, кантара і слуг касцёльных”. Але святыня была знішчана падчас вайны 1654–1667 гг. Новы касцёл ў 1667–1673 гг. паўстаў дзякуючы намаганням кс. Мацея Шаркевіча на сродкі пана Алойзы Кунцэвіча. Менавіта ў гэты час тут з’явілася галоўная парафіяльная рэліквія – кроплі крыві Пана Езуса. 20 сакавіка 1667 г. жонка віцебскага кашталяна Завішы, Гальшка Тышкевіч, ахвяравала іх жырмунскаму касцёлу. А ёй, атрымаўшы іх ад Папы Урбана VIII, прывёз з Рыма яе брат віленскі біскуп Тышкевіч. У 1674 г. святыню кансэкраваў біскуп суфраган Мікалай Слупскі, у яго тагачаснай візіце адзначаецца цудатворны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, змешчаны ў алтары касцёла. †