Арыенціры Яна Паўла ІІ на Вялікі пост
Нельга не звярнуцца да спадчыны Папы і не “падсілкавацца” пасланнямі, якія ён кіраваў да вернікаў на працягу ўсяго пантыфікату, так, каб умацаваць свае сэрцы.
Падчас Вялікага посту нам усім трэба з асаблівай увагай глядзець на Крыж, каб нанова зразумець яго прамову. Не можам бачыць у ім толькі напамін аб падзеях, якія адбыліся дзве тысячы гадоў таму. Павінны разумець вучэнне Крыжа так, як ён прамаўляе для нашых часоў, для сённяшняга чалавека: “Езус Хрыстус той самы ўчора і сёння, і навекі” (Гбр 13, 8). У крыжы Збаўцы выражаецца моцны заклік да навяртання: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 15). І гэты заклік неабходна ўспрымаць як накіраваны да кожнага з нас і да ўсіх увогуле, асаблівым чынам з нагоды Вялікага посту. Памятайма таксама, што ў літургіі велікапосных стацый, як і ў набажэнстве Крыжовага шляху, сузіральная малітва вядзе да яднання з таямніцай Таго, хто быў пасланы Богам перамагчы грэх, хоць сам не ведаў яго.
Па прыкладзе святых кожны ахрышчаны пакліканы верна пераймаць Езуса, які, накіроўваючыся ў Іерусалім, усведамляючы хуткую муку, вызнае вучням: “Я павінен прыняць хрост”. Такім чынам, велікапосны шлях з’яўляецца для нас паслухмяным перайманнем Божага Сына, які стаў пакорлівым Слугой. †