Што Бог робіць з грэшнікамі?

 |  Бажэна Панасевіч  |  На шляху да святасці
droga krzВялікі чацвер. Касцёл. Я стаю на каленях і чакаю, калі да мяне падыдзе ксёндз і падасць Цела Хрыста. Чакаю доўга: шмат людзей сёння. Пачынаю разглядацца навокал: там дзеці жвава тупаюць туды-сюды, там ціхенька моліцца жанчына, там нехта прыняў Камунію і сказаў: “Амэн”, – а там нехта абапёрся на сцяну касцёла ад стомленасці.
   Я ўсё гэтак жа стаю на каленях і чакаю.
   Мой погляд дакранаецца да абразоў, што вісяць на сцяне, кожны з іх – адна са стацый Крыжовага шляху Езуса. Перада мной вісяць тры: VIII – Езус суцяшае іерусалімскіх жанчын; IX – Езус падае трэці раз; X – З Езуса здзіраюць адзенне.
   Ксяндза ўсё няма. Мой погляд зноў скіроўваецца да абразоў. А больш за ўсё да абраза, дзе намалявана падзенне Езуса. Там Ён змучаны, без сіл ляжыць на зямлі, на Яго параненым і акрываўленым плячы – цяжкі драўляны крыж, а над Ім – натоўп з людзей і салдат. Салдаты тыкаюць у Хрыста дзідамі і моцна нешта крычаць, хтосьці цягне з усёй сілы за ланцуг, якім абвязаны Езус, хтосьці паказвае пальцам кудысьці туды… Відаць, на Галгофу.
   “Як можна ўстаць, калі цябе яшчэ больш б’юць і раняць? Як можна падняцца, калі адусюль штурхаюць, крычаць?” – раптам падумала я. Ужо і адарвацца ад таго абраза не магу. Усё ўглядаюся і разважаю над гэтым вобразам.
   А ў нашым жыцці, на жаль, так і адбываецца. Калі іншы чалавек “упаў”, мы больш схільныя знайсці апраўданне таму, што так яму і трэба. Што ён з вялікай верагоднасцю заслужыў. Або яшчэ лепш: можам сказаць, што гэта Бог так карае. Мы не задумваемся ні на хвіліну, што перажывае гэты чалавек, праз што яму прыйшлося прайсці ці колькі разоў ён спрабуе і імкнецца падняцца. Тыкаем у яго сваімі правільнымі дзідаміпарадамі, разумнымі словамі з кніжак, паказваем дарогу, куды і да каго трэба ісці, што рабіць. А можам дабіць чалавека сваёй абыякавасцю. Няхай сам паднімаецца... У нас жа і так хапае клопату.
   Так, Езус змог сам устаць і несці крыж далей. Таму што, “палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх” (Ян 13, 1). З каленяў Яго ўзняла бязмежная любоў да цябе і да мяне: “Любоўю вечнай Я палюбіў цябе, таму Я захаваў міласць да цябе” (Ер 31, 3).
   Прыйшоў ксёндз. Я прыняла Камунію, а гэтае разважанне засталося глыбока ў маім сэрцы. Калі вярнулася да яго, у галаве ўзнік вобраз, як да Езуса прывялі жанчыну, якую злавілі на чужаложстве. Праўда, у маім уяўленні яе не проста паставілі пасярэдзіне перад Ім і народам, яе штурхнулі, так што яна ўпала... і ляжала на зямлі, як і Езус ляжаў пад крыжам.
   Ні яе, ні тых, хто прывёў гэтую жанчыну, Езус ні пра што не распытваў, не даваў ніякіх указанняў, не судзіў. Ён ціха пісаў пальцам па зямлі. Чула, што ў адным з каментарыяў да гэтага месца з Пісання гаворыцца, быццам Езус пісаў перад жанчынай, што любіць яе.
   Не асуджае яе на смерць. Чаму? Яна ж сапраўды грэшніца, якая парушыла Божую запаведзь. Не асуджае, бо “Ён глядзіць не так, як глядзіць чалавек; бо чалавек глядзіць на аблічча, а Гасподзь глядзіць на сэрца” (параўн. 1 Вал 16, 7). “Бо Гасподзь выпрабоўвае ўсе сэрцы і ведае ўсе рухі думак” (1 Кр 28, 9).
   Так, Бог заўсёды бачыць чалавека, і кожны ў Яго вачах каштоўны. “«Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?» Яна адказала: «Ніхто, Пане». Езус сказаў ёй: «I Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы»” (Ян 8, 10–11).
   Гэта бясконцая і неспасціжная любоў Бога да чалавека, якая так незразумелая нам, якую так цяжка прыняць: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16).
   Хрысціянства патрабуе ад чалавека шмат намаганняў, працы над сабой, пастаяннага памірання ў нас старога чалавека і ўваскрасення яго да жыцця дзеля дабра і любові: да Бога, да сябе самога, да іншых людзей. Таму, калі зноў “упаў” ты ці нехта побач, памятай: “Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць. Любоў ніколі не мінае” (1 Кар 13, 4–8).
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top