Cетка Граху. Гнеў

 |  Вольга Пінкевіч  |  Сетка граху
Вольга Пінкевіч, аўтар рубрыкі Ці здараліся ў Вас сітуацыі, калі Вы не ведалі, можна так паступіць ці не? Ці справядлівы, ці сумленны, ці хрысціянскі гэта будзе ўчынак? У такой сітуацыі варта ўспамінаць самога Хрыста, Бога, які прыняў на Сябе лёс чалавека. А значыць, і людскія справы, эмоцыі, побытавыя сітуацыі. Жыццё Езуса Хрыста на зямлі – гэта прыклад бязгрэшнага жыцця. Дасканалы прыклад дасканалага жыцця.
Калі я натрапіла на гэтую думку, спачатку яна падалася мне безапеляцыйнай. Але раптам мне ўспомніўся выпадак з Пісання, дзе Езус, прыйшоўшы з вучнямі ў храм, перакуліў сталы мянялаў, лавы гандляроў галубамі і выгнаў са святыні ўсіх, хто прадаваў і купляў (параўн. Мц 21, 12–14). Дык што ж гэта атрымліваецца? Сам Хрыстос разгневаўся? Адчуў тое, што мы называем смяротным грахом?
    Гэтая справа доўга мяне трывожыла, але размова са знаёмым духоўнікам расставіла ўсё на свае месцы: “Зразумей, – гаварыў мне ксёндз, – што эмоцыі самі па сабе не з’яўляюцца грахом. Грэх – тое, як мы іх рэалізуем. Мы не можам увогуле не адчуваць незадавальнення, крыўды ці смутку. Бо мы – людзі, а не машыны. Але нельга дапускаць, каб яны ператварыліся ў гнеў, непрабачэнне ці адчай...”.
У адносінах з людзьмі важна быць шчырым. Няшчырасць часта пераўтвараецца ў ліслівасць ці затоеныя крыўды. Важна ўмець не толькі аддзячыць за дабро, але таксама і патлумачыць, што адзін учынак крыўдзіць, а другі – проста непрыемны. І яшчэ. Нельга пагаджацца на грэх. У гэтым і заключаецца ўся сутнасць здарэння ў святыні: Хрыстос заставаўся шчырым. Ён не мог пагадзіцца з тым, як людзі здзекуюцца з дома Божага. Гэта выклікала ў Яго незадавальненне, непрыняцце, жаданне вярнуць усё на свае месцы. Ён зрабіў тое, што было для Яго адзіна правільным.
    Гнеў – гэта моцная, стыхійная эмоцыя. Эмоцыя, якая вельмі складана паддаецца кантролю. Але сам па сабе гнеў, які закіпеў у грудзях, гэта не грэх. Грэх, калі гнеў праклёнамі, гвалтам, помстай, сваркай ці нават бойкай вырываецца вонкі. З гневам нельга жартаваць. Калі яго не ўстрымаць адразу, у першую секунду, як толькі ён нарадзіўся, то потым такога шанцу ўжо не будзе.
    Калі Цябе нехта гневае, крыў­дзіць, Ты маеш поўнае права сказаць: “Не кранай мяне. Дай пабыць аднаму. Я злы, а калі супакоюся, мы ўсё абмяркуем”. Гэта рэакцыя дарослага, эмацыянальна сталага чалавека, які нясе за сябе адказнасць.
    Хрыстос, які Сам пайшоў на смерць, ведаў, што Яму прыйдзецца вытрымаць. Зневажэнне, несправядлівыя абвінавачванні, збіццё. Ён вынес гэта з пакорай і маўчаннем. Ніводнага слова ў адказ. А Ён – Бог! Ён Цар усіх цароў! І цярпеў! Цярпеў ад тых, каго ведаў да адзінага, ад тых, каго бачыў наскрозь, ад тых, каму з’яўляецца Панам навекі! Ён цярпеў дзеля добрых і дрэнных, веруючых і няверуючых, нават дзеля тых, хто Яго ўкрыжаваў... Цярпеў і не сказаў ні слова. Не вырваўся гнеўны праклён з Яго прабітага сэрца, а толькі вокліч: “Айцец! Прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць”.
    Так Езус перамог усе грахі. Перамог. І даў шанц нам. Бо сказана ў Пісанні: “Так будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны” (Мц 5, 48).
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top