Выкананне прызначанай пакуты і кампенсацыя бліжнім

 |  а. Андрэй Шчупал‚ CSsR  |  Рэкалекцыі са «СЛОВАМ»
Гэта апошняя з пяці абмяркоўваемых на старонках “Слова Жыцця” ўмоў, неабходных для добрай і плённай споведзі. Святы Ян Павел ІІ у адгартацыі “Reconciliatio et Paenitentia” падкрэсліў, што абавязак кампенсацыі і загладжвання віны вынікае, у першую чаргу, з любові, а таксама са справядлівасці. Кожны, хто глыбей зразумее сутнасць сваіх грахоў, якія прывялі Езуса да мукі і смерці на крыжы, і тое, якое вялікае зло яны ўчынілі бліжнім, адразу ж адчуе ў сэрцы абавязак не толькі змянення ўласнага жыцця, але таксама загладжвання віны. Без спробы кампенсаваць абразу, якую мы нанеслі Богу, і крыўду, якую праз свае грахі ўчынілі бліжнім, сакраментальнае навяртанне не было б поўным і эфектыўным.
Каб лепш зразумець абавязак выканання пакуты пасля споведзі, прыгадайма вядомы фрагмент з Евангелля. “І калі Езус уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія, стаўшы здалёк, моцным голасам казалі: «Езус, Настаўнік, змілуйся над намі!». Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». А калі адышлі, яны ачысціліся. І адзін з іх, убачыўшы, што быў вылечаны, вярнуўся і моцным голасам праслаўляў Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных? Дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся праславіць Пана, акрамя гэтага чужынца?». І сказаў яму: «Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе»” (Лк 17, 12–19).
Праказа цела сімвалізуе праказу душы – грэх. Толькі адзін з аздароўленых прыходзіць падзякаваць Богу за такі вялікі дар. Аднак Хрыстос пытаецца пра астатніх, чаму яны не выразілі сваёй удзячнасці Богу.
    Мы таксама адразу ж пасля споведзі павінны падзякаваць Богу за адпушчэнне грахоў. Вельмі балюча і трывожна бачыць, як хтосьці адразу пасля атрымання сакраментальнага прабачэння грахоў хутка выходзіць з касцёла і не знаходзіць ні хвіліны часу, каб упасці на калені і ў пакоры выразіць Езусу сваю ўдзячнасць і любоў, падобна як дзіця дзякуе сваёй маме за атрыманы падарунак, сардэчнасць і прабачэнне.
    Кампенсацыю як канечны акт споведзі часта называюць таксама выкананнем прызначанай пакуты. Яна мае дзве мэты. Першая з іх – кампенсацыйная. Але мы павінны ўсведамляць, што адзін людскі ўчынак не здольны кампенсаваць Богу тое, што чалавек знішчыў сваім грахом. Гэта здзейсніў Хрыстос ад нашага імя сваёю мукай і смерцю на крыжы. Праз сваю пакуту мы толькі далучаемся да кампенсацыі, заплачанай Езусам. Нашы пакаянныя ўчынкі, далучаныя да пакуты і кампенсацыі Хрыста, атрымліваюць асаблівае значэнне, паколькі становяцца дапаўненнем Яго цярпенняў у членах Касцёла, якія з’яўляюцца Целам Хрыста (параўн. Кал 1, 24). Другую ж мэту пакуты называюць тэрапеўтычнай. Яна заключаецца ў тым, што праз выкананне прызначанай пакуты мы далучаемся да пераадолення прычын, якія вядуць да граху. Да такіх прычын могуць належаць укаранёныя дрэнныя звычкі і залежнасці, а таксама спакуслівыя нагоды для граху: такія, як пэўныя асобы, падзеі, рэчы, фільмы, часопісы і да т. п.
    Эфектыўнасць сакраманту пакаяння цесна звязана з цнотай пакуты, гэта значыць, з пастаяннай наяўнасцю ўнутранага жалю за ўчыненыя грахі. Паводле св. Тамаша Аквінскага, чалавек павінен шкадаваць і адчуваць душэўны боль з-за ўчыненага граху да канца свайго жыцця. Сутнасць цноты пакуты палягае на асуджэнні абразы, нанесенай Богу, а яе плёнам з’яўляецца жаданне загладжвання віны і кампенсацыі Богу праз вядзенне лепшага і стараннага рэлігійнага жыцця, розныя пакаянныя ўчынкі і нястомнае чуванне, каб зноў не трапіць у мінулыя грахі.
   
    Агаворваючы тэму кампенсацыі Богу, мы не можам абмінуць праблему рэстытуцыі – выпраўлення матэрыяльнага ці маральнага ўрону, або таксама спакушэння, якое зазналі нашы бліжнія. У выпадку парушэння матэрыяльных даброт, неабходна аддаць скрадзеныя прадметы ўласніку ці яго спадкаемцы разам з часовым прыростам кошту гэтай маёмасці. Калі не ўдаецца знайсці законнага ўладальніка, неабходна згодна з указаннямі спаведніка перадаць увесь кошт скрадзеных рэчаў на дабрачынныя мэты, для бедных або іншым чынам кампенсаваць нанесены ўрон. У выпадку наўмыснага пашкоджання здароўю ці прычынення смерці, трэба ўрэгуляваць урон і матэрыяльныя страты, якія з гэтага вынікаюць, у форме грашовай кампенсацыі. Існуе таксама абавязак бацькі выплачваць аліменты на ўтрыманне і выхаванне няшлюбнага дзіцяці.
    Значна складаней выправіць маральную шкоду і спакушэнне. Калі хтосьці мае да бліжніх нянавісць, зайздрасць, гнеў і да т. п., Хрыстос кажа яму: “Пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім” (Мц 5, 24). Справядлівасць патрабуе кампенсацыі за маральную шкоду, якая была нанесена праз агавор, паклёп, знявагу ці сапсаванне. Паклёп адбываецца тады, калі мы дрэнна гаворым пра бліжняга выдуманую, непраўдзівую інфармацыю або падаём неправераныя звесткі аб ім. Пазбаўленне бліжняга добрага імені, гонару ці славы з’яўляецца вялікай шкодай, нанесенай яму і патрабуе рэстытуцыі. Неабходна аправергнуць сказаную няпраўду пра бліжняга і папрасіць у яго прабачэння. Падобна і ў выпадку плётак, гэта значыць, інфармацыі праўдзівай, але такой, якая прыніжае годнасць чалавека. Лепшы спосаб кампенсацыі ў гэтым выпадку – аказаць зняважанай плёткамі асобе асаблівую павагу, папрасіць у яе прабачэння і ў далейшым казаць пра яе добра.
    Неабходна таксама выправіць спакушэнне – паданне дрэннага прыкладу праз вульгарныя словы, нясціплыя ўчынкі, п’янства ці іншыя амаральныя паводзіны ў адносінах да бліжніх. Гэта магло стаць прычынай чыйгосьці маральнага ўпадку. Ад спакушэння строга перасцерагае Хрыстос: “А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш павесіць на шыю млынавы камень і патапіць у марской глыбіні. (…) Гора таму чалавеку, праз якога прыходзіць спакуса” (Мц 18, 6). Кожны, хто стаў прычынай спакушэння, павінен яго выправіць: прызнаць сваю віну, папрасіць прабачэння у бліжніх і з гэтага часу падаваць ім добры прыклад. Спакушэнне, здзейсненае публічна, трэба кампенсаваць таксама публічна, нават пры дапамозе сродкаў масавай інфармацыі.
    Пакута, прызначаная спаведнікам, цесна звязана з сакрамантам споведзі. Таму толькі яе выкананне з’яўляецца заканчэннем споведзі. Пэнітэнт павінен выканаць пакуту ў акрэслены спаведнікам час. Але калі адкладваць яе на потым, можна ўвогуле забыцца пра гэты абавязак. Таму рэкамендуецца выконваць пакуту як можна хутчэй пасля споведзі, пакуль чалавек яшчэ знаходзіцца ў стане асвячаючай ласкі. Але няма абавязку выканання пакуты перад прыняццем святой Камуніі. Таму можна адразу ж пасля споведзі прыступіць да Камуніі, а затым пачаць выкананне прызначанай пакуты. Гэты абавязак ніколі не знікае, таму ён яшчэ больш абавязвае кожнага як мага хутчэй сумленна яго выканаць. Калі пэнітэнт не ў стане выканаць зададзенай спаведнікам пакуты, ён павінен сказаць пра гэта ксяндзу яшчэ падчас споведзі і папрасіць замяніць пакуту.
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top