Шчырая споведзь

 |  а. Андрэй Шчупал‚ CSsR  |  Рэкалекцыі са «СЛОВАМ»
Працягваем нашы разважанні аб сакраманце пакаяння і паяднання на старонках “Слова Жыцця”. У папярэдніх нумарах мы грунтоўна прааналізавалі ўстанаўленне гэтага сакраманту самім Хрыстом і абмеркавалі ўжо тры з пяці ўмоў, абавязковых для добрай і плённай споведзі: рахунак сумлення, жаль за грахі і моцнае пастанаўленне выправіцца. Толькі пасля дакладнага выканання гэтых умоў мы маем права прыступіць да вызнавання сваіх грахоў перад святаром, да так званай шчырай споведзі.
Неабходнасць індывідуальнага вызнавання грахоў перад святаром вынікае з волі Хрыста, які ў дзень свайго ўваскрасення звярнуўся да Апосталаў і іх паслядоўнікаў: “«Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». І, сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца»” (Ян 20, 21–23). З вышэйшага тэксту ясна вынікае, што, згодна з воляй Хрыста, адпушчэнне ці затрыманне грахоў залежыць ад вердыкту Касцёла, якому Ён даў спецыяльныя паўнамоцтвы ўдзялення гэтага сакраманту. Слуга Божы Святы Айцец Ян Павел ІІ у апостальскай адгартацыі “Reconciliatio et paenitentia” тлумачыць, што “абвінавачванне сябе ва ўласных грахах неабходна, перш за ўсё, для таго, каб спаведнік мог ацаніць цяжар грахоў і жаль пэнітэнта, а таксама як урач высветліць стан хворага, каб лячыць яго і аздаравіць” (№ 31). Абвінавачванне сябе ў грахах перад Богам у прысутнасці святара з’яўляецца адначасова просьбай грэшніка аб Божай міласэрнасці ў час удзялення сакраманту. Пэнітэнт, вызнаючы перад спаведнікам свае грахі, у атмасферы вялікага даверу і гарантаванай таямніцы ў сакраманце пакаяння паказвае, што яго непакоіць і што баліць, адкрывае сябе на дзеянне гаючай сілы Езуса Хрыста.

    Вызнаванне грахоў мае эклезіялагічны аспект. Кожны грэх наносіць рану ўсяму Касцёлу, які з’яўляецца містычным Целам Хрыста. Святар як прадстаўнік супольнасці ўводзіць грэшніка, што вярнуўся, у еднасць з Касцёлам. Выконваючы місію Езуса Хрыста, ён, перш за ўсё, паказвае пэнітэнту праўду пра яго самога. Гэта праўда аб тым, што Бог дасканала ведае, што крыецца ў сэрцы чалавека. Але той, хто хварэе на грэх, каб вылечыцца, павінен усвядоміць стан сваёй хваробы і супрацоўнічаць у працэсе лячэння. Чалавек схільны ўтойваць сваю грэшнасць і апраўдвацца як перад самім сабой, так і перад іншымі. Мы ведаем, што ніхто не можа быць аб’ектыўным суддзёй у адносінах да сябе. Спаведнік як вопытны эксперт па людскіх душах і выніках здзейсненых грахоў, прымаючы прызнанне пэнітэнта, дае яму адпаведныя падказкі і парады, а таксама накіроўвае да лепшага пазнання сваёй душы і лепшага жыцця. Эфектыўнасць гэтых парад залежыць ад добрага выканання трох першых умоў добрай споведзі, якія мы з Вамі ўжо агаворвалі. Святар у час удзялення сакраманту карыстаецца асаблівай падтрымкай Святога Духа. Як прадстаўнік Хрыста ён паказвае пэнітэнту Божую любоў і міласэрнасць. Хрыстос жа ў асобе гэтага святара адпускае грэшніку яго грахі і надзяляе радасцю, якая вынікае з паяднання з Богам. Такім чынам, кожная споведзь з’яўляецца асабліва ўзнёслай сустрэчай пэнітэнта з уваскрослым Хрыстом, які вяртае чалавека з духоўнай смерці да новага жыцця.
   
    Каб споведзь была добрай і прынесла патрэбны плён, неабходна вызнаць усе цяжкія грахі, адпушчэнне якіх яшчэ не было атрымана падчас індывідуальнай споведзі, разам з указаннем іх колькасці і ўмоў здзяйснення, якія змяняюць род граху. Нас да гэтага абавязвае Кодэкс кананічнага права ў 988 каноне. Касцёл таксама рэкамендуе вызнаваць паўсядзённыя грахі, паколькі часцей за ўсё яны вядуць да цяжкага граху. Калі мы забываемся прызнацца ў цяжкім граху, наша споведзь сапраўдная, але мы абавязаны вызнаць гэты грэх падчас бліжэйшай споведзі.
   
    У нас няма ніякіх прычын, каб нечага баяцца ці саромецца, паколькі святар павінен захоўваць строгую сакраментальную таямніцу. Ён не можа расказаць нічога са споведзі, нават калі прыйдзецца заплаціць за гэта ўласным жыццём, паколькі інакш, наклікаўшы на сябе экскамуніку Апостальскай Сталіцы, ён страціў бы магчымасць рэалізацыі свайго святарства. Гісторыя не ведае ніводнага святара, які б дапусціў такую здраду.
   
    Безумоўна, нялёгка вызнаваць вельмі інтымныя грахі, спалучаныя з вялікім сорамам. Падобную сітуацыю мы перажываем тады, калі ідзём да ўрача, каб выратаваць хаця б, можа, некалькі гадоў жыцця. Аднак у выпадку споведзі мы атрымліваем не некалькі гадоў, а вечнае жыццё. Калі шчыра не вызнаем сваіх грахоў, то на Апошнім Судзе ўсе пра іх даведаюцца. Калі ж у сакраманце пакаяння Езус абмые нас сваёй Кроўю, ніхто ўжо не будзе ведаць гэтых грахоў.
   
    Вызнаванне грахоў трэба пачаць з уступнай інфармацыі: падання часу апошняй споведзі, адпраў- лення ці неадпраўлення зададзенай пакуты, а таксама акрэслення свайго стану (халасты, незамужняя, бацька, маці, удавец, удава). Можна агульна ахарактарызаваць род сваёй працы. Затым належыць паказаць стан сваёй душы, а менавіта род, колькасць і акалічнасці здзейсненых грахоў, указаць на залежнасць ад чагосьці. У выпадку цяжкасцей у вырашэнні маральных праблем можна папрасіць святара іх растлумачыць. Пасля вызнання грахоў пэнітэнт павінен упэўніць у жалі за свае грахі і выразіць моцнае пастанаўленне выправіцца, а таксама папрасіць спаведніка даць адпаведнае павучанне і адпусціць грахі.
   
    Вельмі цяжкая і складаная сітуацыя наступае ў выпадку ўтойвання ці свядомага і наўмыснага невызнання пэнітэнтам якога-небудзь цяжкага граху. У такім выпадку споведзь становіцца несапраўднай і святатацкай. Давайце прааналізуем канкрэтны выпадак. Напрыклад, маладыя на перадшлюбнай споведзі не прызналіся ў граху супраць чыстасці. Пасля шлюбу яны ўжо на працягу некалькіх гадоў прыступаюць да сакраманту пакаяння, але ніколі яшчэ не спавядаліся з гэтага ўтоенага перад шлюбам граху. Такім чынам, не толькі іх перадшлюбная споведзь была святатацкай – усе наступныя споведзі таксама былі святатацкія і несапраўдныя, паколькі ласкі Божай міласэрнасці былі затрыманы падчас той перадшлюбнай споведзі. Наступствам такога стану з’яўляецца таксама прыняцце святой Камуніі і іншых сакрамантаў па-святатацку. Каб змяніць такі стан, неабходна генеральная споведзь – паўтор усіх споведзей пасля той, якая была несапраўднай. Трэба папрасіць святара аб такой споведзі і прадставіць стан сваёй душы нават з некалькіх ці некалькіх дзясяткаў гадоў. Генеральная споведзь абавязковая, калі грахі ўтойваліся. Разам з тым, яна вельмі карысная і рэкамендуецца падчас пераломных момантаў жыцця, перад выбарам новага стану, падчас місій і рэкалекцый, у небяспечнай хваробе як падрыхтоўка да смерці, перад сур’ёзнай аперацыяй, а таксама ў выпадку сумненняў адносна сапраўднасці якой-небудзь з ранейшых споведзей.

   

Дарагі Сябар! Я буду горача маліцца за Цябе, каб Ты адважыўся падысці да канфесіянала і пачуў словы Хрыста: “Я адпускаю Табе грахі, ідзі і ўжо больш не грашы”, і каб з гэтай хвіліны Ты стаў самым шчаслівым чалавекам.
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top