• Роздум
  • На службе Богу
  • Цярністы ці просты, або Пра доўгі шлях да святарства (3)

Цярністы ці просты, або Пра доўгі шлях да святарства (3)

 |  Ангеліна Марцішэўская  |  На службе Богу

   Ад паштальёна да святара.
Кс. канонік Ян Рэйшаль: “У кожным пакліканні крыецца вялікая Божая таямніца”
Кс. Ян гаваркі і гарласты.
    Кожны яго зварот да цябе гучыць, як загад, і, гледзячы на парафіянак, якія несвядома выцягваюцца ў струнку побач са сваім пробашчам, напрошваецца выснова, што з яго атрымаўся б неблагі камандзір. Аднак ад лёсу начальніка будучы святар уцёк свядома. Лічыў, што важная прафесія і важная пасада будуць замінаць адданаму прыслужванню ў роднай парафіі.
Хлопчык Ян рос з мамай і бабуляй, веруючымі жанчынамі, якія намагаліся прывіць вызнанне Хрыста і дзіцяці. Угаворваць не прыходзілася: малому падабалася маліцца і ўдзельнічаць у св. Імшах. Атрымалася так, што неўзабаве хлопчык сам пачаў арганізоўваць набажэнствы для мясцовых парафіян. Святара ў вёсцы ў той час не было, і мянушка “ксёндз” прыляпілася да хлопца сама па сабе.
    “Я вельмі любіў марыйны месяц май. Увесну адразу пытаўся ў бабулек, ці будзем сёлета збірацца на маёвыя набажэнсты. У адказ чуў: «Ну, калі знойдзеш, дзе збірацца – будзем». Я бегаў па ўсёй вёсцы, шукаючы самы вялікі дом і падворак, ды спрабаваў дамовіцца з гаспадарамі. «А прыбіраць сам будзеш?», – пыталіся ў мяне на маю прапанову. Я, не раздумваючы, згаджаўся, каб толькі пусцілі ў хату на маёвыя”, – узгдавае кс. Ян. Сапраўды, у часы савецкага атэізму трэба было прыкласці вялікія намаганні, каб мець магчымасць практыкаваць веру, а за хрысціянскую пазіцыю, у дадатак, можна было і пацярпець.
    “На школьнай лінейцы мяне заўсёды ставілі ў першы шэраг, побач з хуліганамі, каб прылюдна прысароміць. Толькія мая правіна была выключна ў тым, што хадзіў у касцёл. Прызнаюся, здаралася, што ўрок прагуляю, але толькі каб адспяваць нябожчыка. Бо больш не было каму. За гэта мяне ў школе вельмі крытыкавалі, але ўсё роўна працягваў рабіць тое, што лічыў правільным”, – дадае з усмешкай кс. Ян.
    Падчас урачыстасцей 160-годдзя касцёла Унебаўзяцця НПМ у Жалудку. Кс. Ян другі злеваПасля заканчэння 8-мі класаў хлопец думаў пайсці вучыцца на повара, але вырашыў скончыць 9 і 10 класы. Пасля школы разважаў пра тэхнікум, але не адпускаў клопат аб роднай парафіі: гэта патрабавала шмат часу. У выніку юнак пайшоў працаваць паштальёнам.
    “Я скеміў, што на пошце прасцей дагаварыцца, калі мне больш зручна разносіць карэспандэнцыю, а калі выконваць асабістыя абавязкі, – адзначае святар. – Так і пачаў працаваць. Дастаўляў вяскоўцам газеты, часопісы, пенсію, завозіў іх пасылкі на пошту. Памятаю, зімой снегу было па калена, а я з веласіпедам. Дык мы мяняліся: то я на веласіпедзе, то ён на мне”.
    Затое юнака ўсе пазнавалі. І ведалі, што ён набожны хлопец, які з-за адсутнасці святара што мае сіл клапоціцца пра мясцовых вернікаў. Будучы паштальёнам, Ян ездзіў ад хаты да хаты, і калі хвораму патрэбны быў сакрмант намашчэння, адразу арганізоўваў даезд святара з далёкай парафіі.
    “Неяк накіраваўся за ксяндзом з Росі, а той кажа: «Толькі гэтым разам не сустракайце мяне ўрачыста, а то ўлады ізноў штраф дадуць за тое, што не ў сваёй парафіі дзейнічаю». Аднак на маё разуменне святару належаў адпаведны прыём, таму клопаты са штрафам браў на сябе”, – распавядае святар.
    Ад ксяндзоў хлопец даведаўся, што існуе магчымасць паступіць у семінарыю ў Рызе. Аднак таго, хто імкнуўся там вучыцца, ставілі на ўлік у мясцовых органах улады, і ён мусіў спачатку дачакацца дазволу ад адказнага па справах рэлігіі. “Шансы былі мізэрныя. Мой знаёмы чакаў адабрэння цягам 11 гадоў. Мне яшчэ пашчасціла. Я паехаў у Рыгу праз 5 гадоў пасля падачы заяўкі ў аблвыканкам”, – падкрэслівае кс. Ян. На момант паступлення ў семінарыю Яну было 29 гадоў, а за плячыма ён меў 12-гадовы досвед працы на пошце і амаль пажыццёвы досвед клопату пра патрэбы вернікаў.
    “У семінарыі сабраліся хлопцы з краін усяго СССР: з Беларусі, Украіны, Літвы, Казахстана, Грузіі, Эстоніі… Нас было крыху больш за 100 чалавек. І такія былі часы, што амаль кожны меў пэўнае «мінулае». Хто ў калгасе працаваў, хто на заводзе, хто ўніверсітэт скончыў. Разам мы разбудоўвалі семінарыю – усё ўручную. А вучыцца часам было вельмі складана, аднак калі ты на сваім шляху – няма нічога немагчымага”, – дзеліцца святар.
    Разважаючы пра пакліканне, кс. Ян упэўнены, што тут нельга паддавацца ніякаму ўплыву і выключна самастойна прымаць рашэнне. Таксама варта памятаць, што Божае бласлаўленне на адпаведны шлях не выключае таго, што ён будзе напоўнены цяжкасцямі.
    “У дзень, калі атрымаў святарскае пасвячэнне, да мяне пасля св. Імшы падышла жанчына і, нізка пакланіўшыся, працягнула вялізны букет кветак. «Вось Вам ружы, ойча, – сказала яна, – але памятайце, што на іх шмат калючак». Цікава, што ні датуль, ні пасля я не бачыў гэтую верніцу. Аднак яе поўныя праўды словы выдатна адлюстроўваюць рэалізацыю чалавека ў яго пакліканні”, – падсумоўвае кс. Ян. Пасля пасвячэння святара адразу накіравалі апекавацца трыма парафіямі: Скрыбаўцамі, Моцевічамі і Жалудком. У апошняй служыць дагэтуль.
    “У Моцевічах мы маліліся ў будынку былога клуба і прасілі ўлады, каб аддалі нам яго пад капліцу. Доўга спрачаліся. А пасля там раптам здарыўся пажар. І акурат у гэты дзень ні ў кога не працаваў тэлефон, каб выклікаць пажарных. Дзякуй Богу, будынак ацалеў, дашчэнту быў знішчаны толькі дах. Мы яго адбудавалі. Сосны спецыяльна бралі з могілак, каб якая з іх не зламалася ад ветру і не зруйнавала надмагіллі. На пілараме нам адмовіліся дапамагчы, спраўляліся з тоўстым дрэвам ізноў самастойна. Аднак высілкі не былі дарэмныя: капліца ў гонар Маці Божай Чанстахоўскай стаіць у Моцевічах дагэтуль”, – адзначае святар.
    Прыемнымі, але ўсё ж клопатамі поўніцца жыццё кс. Яна. І ў віхуры турбот пра давераныя яму парафіі святар не забыўся пра родную вёску, дзе калісьці заўзята дбаў пра вернікаў і адкрываў сваё пакліканне. У Мештунах па цэнтру вёскі кс. Ян усталяваў каплічку, каб мясцовы люд – з большага, старыя – не пераадольваў 10 км да бліжэйшай святыні, як раней, а мог збірацца ў святы на месцы.
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top