• Роздум
  • На службе Богу
  • Цярністы ці просты, або Пра доўгі шлях да святарства (2)

Цярністы ці просты, або Пра доўгі шлях да святарства (2)

 |  Ангеліна Марцішэўская  |  На службе Богу
Раскрыццё паклікання да святарства кс. Андрэя Каўшука – сапраўдны доказ актыўнай Божай прысутнасці ў жыцці чалавека.
Працяг цыкла сведчанняў ксяндзоў, якія адкрылі сваё пакліканне пасля разнастайнага жыццёвага досведу. Кс. Андрэй Каўшук: “Пакліканне не распазнаецца ў момант, але з перспектывы паспрабаваць сябе ў пэўнай ролі”
Калі слухаеш кс. Андрэя падчас св. Імшы, адчуваецца, нібы падрыхтоўка і прамаўленне казанняў не даецца яму з лёгкасцю. Магчыма, як прызнаецца сам святар, таму што навука ніколі не была яго моцным бокам. Аднак Бог заўсёды ведае, чым запоўніць там, дзе не стае. І калі даводзіцца размаўляць з кс. Андрэем, адразу бачыш: гэты чалавек зведаў жыццё, ён зможа табе дапамагчы. І парады ад святара атрымліваюцца адпаведныя – не абстрактныя, але практычныя.
  Кс. Андрэй, будучы клерыкам, паспеў пабываць на місіі ў Казахстане, дзе запазычыў шмат навыкаў евангелізацыі  “Я нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і. Нас усіх разам дзевяць чалавек – сямёра родных братоў ды сясцёр і двое прыёмных. Зразумела, у такой сітуацыі вучышся клапаціцца не толькі пра сябе. Рана выхоўваюцца самастойнасць і адказнасць. Таму ў 16 гадоў я перавёўся ў вячэрнюю школу, каб пайсці працаваць у будаўнічую арганізацыю”, – распавядае кс. Андрэй.
    На школе гісторыя з навучаннем і скончылася, а хлопец на працягу наступных 9-ці гадоў працаваў у будаўнічай сферы, заслужыўшы 5-ты кваліфікацыйны разрад з 6-ці магчымых.
    У дасемінарыйны перыяд хлопец паспеў атрымаць вайсковы досвед: у арміі трапіў у другую спецыяльную брыгаду аховы прэзідэнта – як лічылася, у элітнае войска. Узгадвае гэты час нешматслоўна: “Засвоіў субардынацыю, што прыдалося ў семінарыі, і атрымаў круты досвед кіроўцы”. Апошняе, дарэчы, адыграла сваю ролю ў пераломны момант навяртання.
    “Я рос у набожнай сям’і і памятаю, што ў дзяцінстве рэлігійнасць мяне захапляла. Любіў удзельнічаць у маёвых набажэнствах: збірацца разам з бабулямі пад крыжам, слухаць прыгожыя песнапенні і нароўні з дарослымі ўдзельнічаць у малітве. На нядзельную св. Імшу мог з задавальненнем прайсці некалькі кіламетраў да бліжэйшага касцёла. Аднак з цягам часу гэта адышло ў нябыт. Будучы юнаком, ды пры гэтым зарабляючы немалыя грошы, амаль кожную нядзелю я адпраўляўся з сябрамі ў «турнэ» па дыскатэках усёй краіны. Зразумела, гэтаму спадарожнічалі і алкаголь, і гулянні, – прызнаецца кс. Андрэй. – Аднойчы перад чарговымі выхаднымі пазваніла мама і папрасіла адвезці яе з сяброўкамі ў Рось на рэкалекцыі. Я адмовіўся. Хто захоча прыпыняць чараду вечарын? Аднак матуля пазваніла ізноў: у таго, хто паабяцаў іх завезці, паламалася машына. Ну я і пагадзіўся”. Падчас паездкі хлопец разбіў свой аўтамабіль. “Машыну пачало круціць на амаль пустой дарозе, на абсалютна роўным месцы, я тройчы стукнуўся аб металічныя бар’еры, а ў салоне толькі і было чуваць: «Маці Божая, ратуй!». Улічваючы, што я сапраўды вадзіў вельмі добра, дагэтуль не разумею прычыны здарэння. Калі ўсё сціхла і я выйшаў з машыны, у галаве раптоўна ўзнікла думка: хтосьці або штосьці не хоча, каб я трапіў у Рось”, – узгадвае святар.
    Да санкутарыя ўсё-такі дабраліся, і хлопец вырашыў зазірнуць у касцёл на некалькі хвілін, памаліцца: як-ніяк перажыў стрэс. Аднак са святыні ён выйшаў толькі праз тры дні, пасля заканчэння рэкалекцый, абсалютна другім чалавекам.
    “Там я ўпершыню за два гады натхніўся, каб прыступіць да споведзі. Пасля пакаяння нарэшце зніклі думкі, што Бог не прабачыць мне таго, што я чыніў. Маю ўвагу таксама прыцягнулі казанні і сведчанні. Немалаважна і тое, што пасля рэкалекцый кінуў паліць, хоць дагэтуль ішло дзве пачкі цыгарэт штодня. Ды і кінуць спрабаваў неаднойчы – марна!
    Падчас заступніцкай малітвы мама паказала мне на чаргу, маўляў, стань і ты, няхай памоляцца над табой. Я паслухаўся. Стаю, а побач – адзін кульгае, іншы міргае. А я здаровы 22-гадовы хлопец!
    Аб чым прасіць? І раптам інтэнцыя – каб кінуць паліць.
    Чалавек, які маліўся нада мной, сказаў: калі наступным разам захочаш узяць цыгарэту, узгадай пра Хрыста. Я толькі ўсміхнуўся сам сабе ды пайшоў”, – адзначае кс. Андрэй.
  Прэзбітэрскія пасвячэнні кс. Андрэй прыняў у чэрвені 2018 г.  Дзіва, але з таго моманту хлопец не зрабіў ніводнай зацяжкі. На працягу паўгода ўвогуле не хацелася. Пасля жаданне вярнулася, аднак за гэты перыяд ён здолеў пабудаваць такія адносіны з Хрыстом, якія дазволілі яму перамагаць ўсякія слабасці. Перайначваўся і стасунак да акружэння: на змену кароткачасовым раманам – трывалыя адносіны, а для сяброў – добры прыклад мужнасці, які тыя імкнуліся пераймаць.
    Змянілася і малітва хлопца. Калі ў даўнія часы гэта былі толькі ўсім вядомыя формулы, то цяпер ён не ляніўся ўстаць раней, каб адкрыць Біблію і памаліцца Божым словам. Такім чынам пазнаваў, слухаў Нябеснага Айца, а пасля пачаў звяртацца да Яго сваімі словамі.
    У гэтым сузіранні паступова нараджалася пакліканне да святарства. І сёння кс. Андрэй упэўнены, што “пачуць голас Бога” – гэта занадта эфемернае паняцце. Пакліканне распазнаецца толькі з перспектывы часу. “Калі я ўжо на працягу некалькіх гадоў служу вікарыем і адчуваю сябе шчаслівым, магу сказаць, што знаходжуся на сваім месцы. І толькі цяпер разумею, што знакі сабраліся ў адзіную мазаіку. Напрыклад, калі быў яшчэ будаўніком, але ўжо практыкуючым вернікам, людзі часта казалі, што з мяне выйшаў бы добры ксёндз. Адна дзяўчына падчас чарговых рэкалекцый увогуле пераблытала мяне са святаром, а іншая папрасіла ўзначаліць малітву за памерлых”.
    Святар, разам з тым, упэўнены, што круты паварот лёсу – гэта частка заслугі яго матулі і бабулі, якія шмат маліліся, каб ён распазнаў пакліканне.
    “Галоўнае, калі вы знаходзіцеся ў пошуку паклікання – не зацягвайце роздумы і не задавайце сабе бясконцыя пытанні. Прымайце рашэнні, спрабуйце! І ўжо пасля таго, як зробіце крок, будзеце разбірацца з наступствамі і рабіць высновы. Памятайце, які б шлях вы не абралі, яго канчатковая мэта – ваша святасць і святасць тых, хто побач”, – дадае на заканчэнне кс. Андрэй.
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top