Дакапацца да ісціны

 |  Ангеліна Пакачайла  |  На скрыжаванні
Хвала Хрысту!
    Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра этычныя нормы, праўду, якая ў кожнага свая, і культуру спажывецтва. Задумаемся над тым, чаму задаваць пытанні не сорамна і навошта аналізаваць рэчаіснасць.
   Наперад з Богам!

    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Гасподзь Бог ёсць ісціна” (Ер 10, 10)
   Ісціна мае ўласцівы дух, які называецца духам праўды. Ён жа – Святы Дух, які складае з Айцом і Сынам адзіную і непадзельную Божую Істоту. Ісціна ёсць нешта вечнае і бясконцае. У той жа час няма нічога, што не было б праявай Бога, Вышэйшай Ісціны.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб журналісты ў сваёй прафесійнай дзейнасці заўсёды кіраваліся павагай да ісціны і моцным пачуццём этыкі
   Супрацоўнікі СМІ ўдзельнічаюць у фарміраванні грамадскай думкі. А таму яны як публічныя асобы павінны прытрымлівацца такіх этычных норм, як сумленне, спачуванне, ахвярнасць. Абавязаны праўдзіва адлюстроўваць рэальнасць, каб не ўводзіць бліжніх у зман. Папа Францішак заклікае католікаў свету маліцца ў бягучым месяцы ў гэтай інтэнцыі.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
    ісціна
   Ісціна – яна ж праўда? Не зусім. Напрыклад, хтосьці жыве дзеля кар’еры або дзеля дзяцей. І праўда ў кожнага свая. Ісціна ж дзесьці пасярэдзіне. Яна аднолькавая для ўсіх, незалежна ад полу, узросту, сацыяльнага статусу, веравызнання і інш.
    Пошук ісціны ў некаторых займае месяцы, гады і нават цэлае жыццё. Парадокс у тым, што яна “на паверхні”: відавочная, бо ўяўляе сабой саму сутнасць (без чалавечага інтарэсу). Таму будзем пільнымі да таго, у чым нас запэўніваюць, маючы “здаровую” долю сумненняў.
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
    дакапацца да ісціны
   Сённяшняга чалавека можна ахарактарызаваць як спажыўца, які ўсё радзей задумваецца над тым, што яму прапануе свет – згаджаецца аўтаматычна. Розум такога чалавека пачынае абмяжоўвацца прымітыўнымі рэчамі, з-за чаго на яго лягчэй уплываць.
    Успомнім, як часта мы нешта прымалі да ўвагі, не задумваючыся. Паспрабуем засяроджана сачыць за тым, што адбываецца навокал, разважаць, аналізаваць і разам з тым даходзіць да сутнасці.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
    не саромецца задаваць пытанні
   Любы пошук суправаджаецца сумненнямі, супярэчнасцямі, доўгімі разважаннямі. І чым больш пытанняў узнікае, тым глыбейшым будзе адказ. Асоба, якая пачынае іх задаваць, ступае на шлях да пазнання ісціны, што заведама ставіць яе ў выйгрышную пазіцыю. Пытацца аб чымсьці – не сорамна. Сорамна не ведаць нешта і закрываць на гэта вочы.
 
КНІГА МЕСЯЦА:

  “Дух ісціны”, Артур Кац і Пол Фольк
   Для чалавека, які займаецца духоўным развіццём, ісціна ўяўляе большую каштоўнасць, чым любое багацце. Аўтары заахвочваюць шанаваць яе і шукаць з вялікай любоўю. Кніга складаецца з некалькіх сэнсавых частак, сярод якіх “Створаны жыць у ісціне”, “Ісціна ў характары і паводзінах”, “Абсалютная ісціна і дух ілжы”. Змяшчае шмат урыўкаў з прыкладамі, якія малююць наглядную карціну тэзісаў, што апісаны ў выданні.

 ПЕСНЯ МЕСЯЦА:

   “Хто адкажа на ўсе пытанні”, гурт “Дасягнуць нябёсаў”
   Выканаўцы падказваюць слухачу, у каго можна знайсці адказы на ўсе пытанні: хто “прыніжаным будзе абаронай”, хто “ўспомніць пакінутых і забытых”. Хрыстос – ісціна жыцця. “Ён мае сілу рассеяць смутак, боль часоў”. “І на нябёсы да сябе возьме, бо Божая любоў непераможная!”.

АСОБА МЕСЯЦА:

    святы Вольфганг
   Нарадзіўся каля 924 года ў Пфулінген (Германія). У 10-гадовым узросце паступіў у школупры кляштары Райхенау. У 956 годзе пераехаў у Трыр, дзе служыў настаўнікам у саборнай школе, дэканам сабора і канцлерам саборнага капітула. Выступаў за строгае захаванне зароку беднасці сярод духавенства. У 964 годзе ў Швейцарыі Вольфганг стаў манахам бенедыктынскага ордэна, у 968 годзе – быў пасвечаны ў святарскі сан.
    Пасля таго, як у 971 годзе яму з’явілася бачанне святога апекуна Отмара, ён адправіўся як місіянер на тэрыторыі, заселеныя паганцамі – у Норык і Венгрыю. Праз год быў адазваны ў Нямеччыну, дзе прызначаны біскупам Рэгенсбурга. Як пастыр дыяцэзіі праводзіў частыя візітацыі парафій, заахвочваючы святароў да душпастырскай стараннасці. Асабіста прамаўляў мноства казанняў, клапаціўся, каб у кожным горадзе была створана парафіяльная школа, збіраў бібліятэчныя калекцыі. Падчас чумы ў 987 годзе загадаў адкрыць усе збожжасховішчы і раздаваць бедным сабраныя запасы. Дзякуючы намаганням біскупа, было заснавана Пражскае біскупства.
    Памёр, адпраўляючы св. Імшу, 31 кастрычніка 994 года. Кананізаваны 7 кастрычніка 1052 года папам Львом IX. З’яўляецца адным з трох самых вялікіх нямецкіх святых. Лічыцца заступнікам скульптараў, цесляроў, пастухоў.
   
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў кастрычніку?
Св. Тэрэза (1 кастрычніка),
    св. Францішак (4 кастрычніка),
    св. Ігар (5 кастрычніка),
    св. Фаустына (5 кастрычніка),
    св. Аляксандр (11 кастрычніка),
    св. Дамінік (14 кастрычніка),
    св. Ядзвіга (16 кастрычніка),
    св. Павел (19 кастрычніка),
    св. Уршуля (21 кастрычніка),
    св. Антоній (24 кастрычніка),
    св. Сабіна (27 кастрычніка),
    св. Вольфганг (31 кастрычніка).
   
    Усе заўвагі і пажаданні дасылайце ў рэдакцыю або на электронны адрас аўтара рубрыкі Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top